Для тых, у каго на самаізаляцыі з’явілася больш часу або жадання даведацца нешта новае, «Будзьма!» падрыхтавала беларускую падборку, якая дапаможа зрабіць свой вольны час больш разнастайным, а таксама прабавіць яго з карысцю.
Адукацыя
На сайце новага асветніцкага праекта Wir.by можна знайсці артыкулы і матэрыялы пра беларускую і сусветную культуру. Калі вас цікавіць менавіта відэа, на youtube-канале сабраныя лекцыі, якія ахопліваюць шырокае кола тэмаў, ад нямецкага экспрэсіянізму да гісторыі абутку.
Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» прапануюць магчымасць вывучэння беларускай анлайн праз адмысловую старонку на сваім сайце.
Глядзіце таксама: Чым заняць дзяцей на самаізаляцыі?
Youtube-канал краязнаўчага сайта Гомеля мае серыю лекцый па гісторыі ў стылі расійскага праекта «Постнаука», сярод якіх: «Жыццё і дзейнасць Мітрафана Доўнар-Запольскага», «Традыцыйнае ткацтва як з’ява» ды іншыя.
Культурніцкі праект «Зялёны Гарошак» ладзіць відэарубрыкі «Ногі ў рукі» (прысвечаны гісторыі і сучаснасці беларускіх гарадоў), «Знакамітыя беларусы» (серыя гістарычных матэрыялаў пра выбітных дзеячаў), «Тры пытанні» (кароткія інтэрв’ю), якія можна паглядзець на youtube-канале праекта.
Асобна варта вылучыць адукацыйную пляцоўку Лятучага ўніверсітэта, якая прапануе шырокі спектр цікавых і карысных матэрыялаў розных фарматаў. У рубрыцы «Публічныя лекцыі» сабраныя відэа з выкладчыкамі праекта, сярод якіх такія тэмы, як «Герменеўтыка сацыяльнага», «Будучыня Беларусі», «Чатыры ўрады БНР» і іншыя. Не менш цікавыя тэмы ахопліваюць падкасты: «Практычная палітыка», «Класічная адукацыя. Ідэя свабоды», «Уводзіны ў філасофію».
Кнігі
Калі падчас самаізаляцыі хадзіць у кнігарні ці бібліятэкі не вельмі зручна, а пачытаць вельмі хочацца, шырокі выбар электронных кніг ёсць на адмысловых беларускіх пляцоўках.
Беларуская палічка — найстарэйшая электронная бібліятэка — прапануе вялікі выбар кніг розных жанраў (у тым ліку па філасофіі і гісторыі, слоўнікі, энцыклапедыі), як беларускіх, так і замежных аўтараў, нават Апулея, Басё, Эсхіла і Герберта Уэлса.
На адной з найбуйнейшых тэматычных пляцовак Беларусі — Бібліятэка Kamunikat — можна знайсці не толькі кнігі, але і газеты, часопісы, аўдыёкнігі, радыёперадачы, музычныя зборнікі і шмат іншых матэрыялаў на любы густ.
Таксама варта адзначыць беларускую службу Радыё Свабода, якая з 2002 года выпускае ўласную серыю кніг. Электронныя версіі кніг серыі «Бібліятэка Свабоды» можна спампаваць на адмысловай старонцы. Сярод аўтараў серыі — Уладзімір Арлоў, Івонка Сурвіла, Вінцук Вячорка і Аляксандр Лукашук.
Каналы Telegram
Для аматараў больш кароткіх і хуткіх фарматаў мы падрыхтавалі падборку беларускіх telegram-каналаў. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, параім канал Belarus history, які піша пра гістарычныя і нядаўнія падзеі, дзеліцца нечаканымі архіўнымі здымкамі і акумулюе цікавыя матэрыялы беларускіх СМІ адпаведнай тэматыкі.
Яшчэ адзін гістарычны, але спецыялізаваны, канал — «Палявая пошта». Тут публікуюцца ўнікальныя здымкі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя або, як анансавана ў самім канале, «Паштоўкі з відарысамі Беларусі, якія жаўнеры дасылалі з фронту. Расійская, нямецкая, польская акупацыі».
Паслухаць музыку і кампазіцыі на беларускай мове можна пры дапамозе канала «Музычная скарбонка». Тут, верагодна, некаторыя зробяць для сябе шмат музычных адкрыццяў.
Калі вам хочацца чагосьці зусім нетыповага для беларускамоўнай прасторы, запрашаем у «Асветніцкае шмаравідла» — канал, які пазіцыянуе сябе як першы беларускамоўны блог пра сэкс.
Скарыстаюся становішчам аўтара матэрыялу і таксама запрашу ў свой літаратурны канал, дзе можна пачытаць кароткія гісторыі ў жанры hint fiction (гісторыі да 25 словаў).
P.S. А сачыць за праектам «Будзьма!» можна вось тут)
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!