Друк, кірмаш, шыльда, мур. Якія словы беларусы запазычылі ў немцаў?

Друк, кірмаш, шыльда, мур — беларусы штодзённа ўжываюць нямецкія словы, нават не задумваючыся пра іх паходжанне. Тым часам, паводле падлікаў лінгвістаў, у беларускай мове існуе да тысячы германізмаў.


Пра тое, як і калі яны траплялі ў беларускую лексіку, а таксама, у якіх галінах нямецкіх запазычанняў найбольш, піша DW.

Ratusza
Слова «ратуша» паходзіць ад нямецкага «rathaus» Фота: Фота: pinterest.com

Германізмы — адныя з найстарэйшых запазычанняў

Беларуская мова, як і нямецкая, адносіцца да сям’і індаеўрапейскіх моў, якія маюць агульнага продка — праіндаеўрапейскую мову. Таму беларуская мае пласт агульнай лексікі з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. Напрыклад, слова «маці» гучыць падобна як па-беларуску, так і па-нямецку, і нават на хіндзі.

Агульную лексіку варта адрозніваць ад запазычанняў, якія трапляюць у мову дзякуючы гістарычным, культурным, гандлёвым сувязям паміж народамі ды кантактам у розных сферах жыцця.

Германізмы — адзін з найбольш старажытных пластоў запазычанай лексікі ў беларускай мове. Некаторыя даследчыкі лічаць, што продкі беларусаў мелі кантакты з германцамі яшчэ ў гэтак званы праславянскі перыяд. Паводле мовазнаўцы, палітыка і дыпламата Пётры Садоўскага, сведчаннем гэтага могуць быць славянскія тапонімы (назвы геаграфічных аб’ектаў), якія сустракаюцца ў некаторых рэгіёнах Германіі. Адпаведна, і нямецкія словы ў той час траплялі да «будучых беларусаў».

Дамова з Рыгай і Гоцкім берагам

Многія германізмы пачалі распаўсюджвацца на беларускіх землях у ХІІІ стагоддзі — пасля падпісання ў 1229 годзе дамовы Полацку, Віцебску і Смаленску з Рыгай і Гоцкім берагам. Пагадненне фактычна паклала пачатак для актыўнага развіцця гандлю і міжнародных адносін на беларускіх землях. Напрыклад, чатыры разы на год нямецкія купцы маглі прыязджаць у Полацк на бязмытныя кірмашы.

Дарэчы, і само слова «мыто» (у значэнні «пошліна») — нямецкае і было зафіксавана ў дамове 1229 года. Ад «мыто» утварыліся беларускія «мытня» і «мытны». Да гэта ж перыяду адносяцца і іншыя словы, звязаныя з гандлем: вага, шалі, рэшта.

Германізмы распаўсюджваліся і ў часы крыжацкіх паходаў: толькі ў другой палове ХІV стагоддзя крыжакі каля ста разоў нападалі на Вялікае княства Літоўскае.

Некаторыя нямецкія запазычанні трапілі ў беларускую мову праз польскую (малюнак, ланцуг, абцас, махляр, кафля) або ідыш (гандаль, рахунак, труна, хабар, гармідар).

У якіх галінах найбольш германізмаў?

Германізмы праніклі ў розных сферы: 

  • гандаль — кірмаш, кошт, цэнтнер, ліхвяр;
  • ваенная справа — варта, пляц, штурм, куля;
  • будаўніцтва — мур, дыля, клямар, цвік, цэгла, дах
  • кулінарыя — агурок, вафля, гатунак, цукар;
  • вытворча-тэхнічныя тэрміны — абрыс, майстар, шпіталь, вагон, вентыль;
  • побытавая лексіка — бутэрброд, гальштук;
  • грамадска-палітычныя тэрміны — ратуша, герб, гетман;
  • канцылярская лексіка — друк, фарба, пэндзаль.

andarak
Слова «андарак» утварылася ад нямецкага «Underrock» — «ніжняя спадніца». Фота: pinterest.com

У сваёй працы «Германізмы ў СМІ: этымалагічны і тыпалагічны аналізы (на матэрыяле тэлеперадачы „Аршанская бітва“)» даследчыца Анастасія Нікановіч згадвае: 

«Некаторыя запазычанні траплялі ў беларускую мову без зменаў (пуд, шпат, шнур, абшлаг), аднак значная частка была адаптаваная мовай». 

Некаторыя гукі сталі вымаўляцца па-іншаму або змянілася значэнне словаў. У якасці прыкладу яна прыводзіць слова андарак, якое ў беларускай мове азначае «саматканую паласатую або клятчастую спадніцу, якую даўней насілі жанчыны». Андарак утварылася ад нямецкага «Underrock» — «ніжняя спадніца». А слова цягнік, адзначае Нікановіч, — калька з нямецкага «Zug». «Дарэчы, само слова цуг у беларускай ужываецца ў значэнні «доўгі шэраг, чарада жывёл, машын і г.д., што рухаюцца адна за адной», — піша даследчыца.

Чытайце яшчэ: Якія перспектывы ў беларускай мовы ў часы глабалізацыі? Гутарка з гісторыкам Сцяпанам Захаркевічам