Прыпяць, магутная і самавольная Прыпяць, цякла ты сотні гадоў таму, колькі разоў заходзячы нават у хаты, няўмольна забіраючы сваё ды настойліва дыктуючы свае правілы. Сёлетні год не выключэнне. За відовішчнымі малюнкамі разліву з іх велічнай прыгажосцю прыбярэжныя вёсачкі глядзяцца неяк яшчэ больш шэрымі... Закінутыя хаты, забітыя вокны, пахінутыя платы. І аброчныя крыжы на ростанях, на якіх выцвілыя даўнія рушнікі і сатлелыя стужкі крычаць у неба аб колішняй квецені і чалавечых лёсах, піша Таццяна Валодзіна для Planetabelarus.by.
Але гэты кантраст размываецца, знімаецца, адно зайшоўшы ў жылую хату і загаварыўшы з вясковымі бабулямі. Нават кароткі час экспедыцыі ў межах праекта «Беларуская Амазонка» дазволіў адкрыць для сябе, беларускай фалькларыстыкі і ўсяго свету цэлы россып залацінак народнай мудрасці, звычаёвасці, песеннасці. Атрымалася як зафіксаваць класічныя для гэтай мясцовасці тэксты і абрады, так і пацешыцца даволі рэдкімі ўзорамі народнай вуснай культуры. Адразу ж шчыра падзякую маім суразмоўцам Тамары Яфрэмавай, Галіне Бабічавай, Валянціне Чарнушэвіч, Евеліне Лапацінай, Еве Федаровіч, Еве Касцянка, Надзеі Жыхарка.
Напачатку здзівіла, што жыхары прыбярэжных вёсачак блізу Турава настойліва адасабляюць сябе ад Палесся. Хоць, здавалася б, дзе яшчэ шукаць Палессе, як не тут. На асобныя мае пытанні гучалі адказы, што «водзіцца тое на Полесьі, у нас не», і ў выніку высветлілася, што «Полесье туды, дзе Лельчыцы, мы скорэй Порэч’е». Але чаму дзівіцца, калі менавіта з ракою даводзілася жыхарам вёсак Хлупін, Перароў, Млынок ды Хваенск узгадняць многія свае заняткі і вераванні. І нават рачныя жыхары падаваліся вяскоўцам у асаблівым свеце.
«У нас говорылі про сома, ён як плыве, крычыць, плача, зове добычу. Штоб якая на ёго плач ішла добыча. Обыкновенно, як дзіця малое плачэ. А там дзе вір і дзе хто ўтопіцца, там рака не замерзае. Трэбо велізные велізные морозы і то не замерзае».
Але па парадку. Каляндарнае святочнае кола ў гэтым куточку Жыткавіцкага краю засталося ў памяці даволі сціплым. З яркіх успамінаў хіба толькі траецкія кірмашы, начныя вогнішчы са стрэламі ў святую велікодную ноч, гучныя Шчодры. Узвіжанне строгае сваёй забаронаю хадзіць у лес, каб не спаткацца са змеямі, што ладзяцца да выправы ў вужыны вырай. І павядзе іх туды галоўная змяя. «У кажного есь старшы. На Зьвіжанне собіраюцца ў кучы. Ішла, пні кругом, а воны на пнях і разнымі голосамі с п е в а ю ц ь». Спяваюць. Змеі...
З Калядаў хутчэй прыгадалі варожбы, прычым не проста забаўку, але рэальныя знакі будучага лёсу
У коле жыццёвым — хрэсьбіны і вяселле. Пра пахаванне гэтым разам распытваць не хацелася. Агульнае ўсюды патрабаванне разбіваць горшчык з крутой бабінай кашай выявіла варыянты ў магічным скарыстанні чарапкоў — іх ускладалі на галаву дзяўчатам, каб скарэй ішлі замуж, забіралі з сабою дадому..
І хоць я збіралася праводзіць больш шчыльную размову, бо мела мноства пытанняў, не хацелася перабіваць ці спыняць няспешныя ўспаміны гэтых ужо добра пажылых жанчын пра свае вяселлі ды сямейнае жыццё. З іх уласнае ініцыятывы словы любіў ці любіла амаль не гучалі, хутчэй апякалі горыччу аповеды пра мужніны здрады, у аднае мае субяседніцы, другое, трэцяе... І ў любым разе пачуцці маладых гадоў не забываюцца:
«Я села, а вон спрашывае: "Пойдзеш за мене замуж?" Я моўчу. Разоў тры спросіў. Последні раз кажэ: "Ці пойдзеш за мене?" Поверце, я і зараз не забуду, мне 86 годоў з половіною, я тое мінуточкі і зараз знаю. Мне тута (паказвае на галаву) нешта шчоўк і я ў тую секунду отвеціла, што я іду за цебе. Як шчоўкнула што-та, шчоўк. Запытаў мене за трэцім разом. Я маўчу, посміхаюса так во, а потом шчоўк — і ёму отвеціла».
І асабліва першы пацалунак:
«Дзевочкі, не піў, не курыў, зроду без разрашэнія не поцалаваў. Перву раз: Ты бачыш на небе Большую Медзведзіцу? Дзеўкі.. (усміхаецца). А дзе тая медзведзіца? — да як задрала голоў. А ён мене ек узяў у ашлап і поцалуваў».
Паказальна, як ахарактарызавалі мне жыццё без мужа — нема з кім посоветовацца. Хоць, здавалася б, цяжка было ў колішняй вёсцы без працавітых мужчынскіх рук.
Сённяшнія бабулі ішлі замуж у тыя часы, калі яшчэ шанавалася па вёсках цнота не толькі маладой, але і маладога. Чэснасць нявесты правяралася адмыслова — тады яна мела права па прыездзе ў хату маладога стаць на дзяжу.
«Это становілі. Я і сама становіласа, ек ішла замуж. Еслі дзеўка чэсная, і хлопец, то доўжны ўжо, ек к свекрусе прывезуць, молодую ўжэ невестку, вона должна стаць на дзежу, і вон. А ек не чэсныя, то не становляцца. Колісь жа ехалі коньмі і воламі, свякруха ўуносіць дзежку да засцілае тую дзежку да станоўляцца на тую дзежку да ідуць у хату. То она ж закрыта. Вечко ж закрыта, тая дзежка, што колісь хлеб пякуць. Станеш на дзежку, як чэсна».
На маё неразумнае пытанне «А каб падманулі» — незамутнёны адказ, у якім так многа жыццёвае праўды, і веры: «То гэто мо Бог покарае...»
Узгадалі жанчыны і паваенную галечу, калі «як ішла замуж, то мне столько подарылі, што на одну цыцку було, а на другую не». Але доўжылася вяселле тры дні і «так було весело, так весело».
Значную частку маіх роспытаў склала народная медыцына. Чалавека ва ўсе часы клапаціла яго здароўе, назапашана ўжо безліч ведаў пра зёлкі, часткі жывёлін, словы ды іншыя сродкі народнай дапамогі. Толькі вось колісь і цяпер, здавалася б, адны і тыя людзі, у падобных кліматычных умовах, але хварэлі на розныя хваробы. Ну папытайся зараз асабліва ў гараджаніна пра тое, што тыя за намоўка, знос, залатнік ды каўтун.
Дарэчы, уяўленні пра знос наогул вядомыя толькі на даволі абмежаванай тэрыторыі Жыткавіцкага і суседніх раёнаў. Называлася такім словам дзяціная немач, што распачыналася пасля сустрэчы дзвюх матак з дзецьмі між сабою, калі малыя маглі «не залюбіць адзін аднаго». Жанчыны добра ведалі, што нельга падымаць сваё дзіця вышэй за сустрэчнага.
«О, это ліхая ваўка. Еслі дзве жэншчыны, у однае дзіця і ў другое, однэ можэ ўмерці. І ўсегда старайса — она пудняла высоко свое дзіця і ты ўстрэціласа, а ты яшчэ вышэй пудымі. Колісь бабы говорылі это».
Але самым моцным уражаннем застаюцца расповеды пра каўтун — хваробу, дасюль яшчэ не разгаданую. Кожная трэцяя з маіх суразмоўцаў насіла яго сама, у некалькіх быў у мамы, бабулі, бабкі, што прымала на вёсцы дзетак і жыла больш за сто год. Зразумела адно — спараджаюць каўтун унутраныя збоі, хваробы рэўматычнага плану, але найперш моцныя душэўныя перажыванні. Цікава і тое, што часам каўтун становіцца свайго роду лекавым сродкам, бо заводзілі яго адмыслова, каб выцягнуў у сябе ўнутраную немач: «усю голову сплёў, сціснуў, з вушэй до лоба. Да казалі мне кажа: "Ево, возьмі, мо ногі перастануць, заведзі..." А вон і сам берэцца». Гэтаму жмутку валасоў прыпісваюцца нават полавыя адрозненні, бываюць каўтун і каўтуніца, або сам і саміца. Залежыць тое ад формы — доўгі лямец сігналізаваў аб мужчынскім самцы, ну а форма гнязда — аб саміцы. «Е шо в’ецца, в’ецца, в’ецца велікі такі, одзін (паказвае даўжыню ў локаць), а е што сціскае, ўсю голаву вуберэ. Это вона. Сама хужэйша вона, сціскае ўсю голову занімае».
Сярод лекавых сродкаў неаднаразова называліся шэпты, замовы. Адно толькі з жалем, што адыходзяць тыя веды, што колісь ратавалі далёкіх ад бальніц вяскоўцаў. Але якая цікавая формулка барацьбы з пужаннем:
Неаднаразова ўзгадвалася соль, якая «отцягвае ўсе зло, она выгоняе, вона не любіць злого чоловека». Да сёння збіраюць зёлкі, будучы пасвяцонымі, захоўваюцца яны за абразамі. Пажадана, каб былі сярод іх буркун і тоя — асаблівыя раслінкі, здольныя прагнаць нават самога нячыстага.
Сёння большасць гараджанаў і дня не мысліць без тэлебачання або гартання бясконцых старонак у сваіх тэлефонах. Колішняе жыццё на Прыпяці цякло гэдак жа няспешна, але выяўляла такую безліч сэнсаў, роўную таму як мяняецца адценне самое вады пад промнямі ўзыходзячага сонца. І што асабліва важна — сэнсы тыя клаліся ў адну несупярэчлівую карціну гармоніі чалавека ў навакольным свеце. І найперш ладу і парадку ў дачыненнях з суседзямі, у тым ліку нябачнымі. Калі апісваць дэманалогію жыткавіцкіх палешукоў, яна падасца мо нават беднаватаю, але дакладна адрознаю ад сістэм Падняпроўя ці Падзвіння. Кожны з персанажаў мае свае звычкі і абавязкі. Русалкі, дзеўкі прыгожыя з распушчанымі доўгімі валасамі, пільнавалі жыта ад няпрошаных гасцей ды пужалі чужынцаў сваімі жалезнымі нагамі. Мусіць, такая пікантная дэталь перайшла да русалак ад яшчэ адной вартавой ля балоцістых месцаў — ад жалезнай бабы.
Дамавік (домову), хоць і жыве ў кожнай хаце, але не выклікае да сябе трапяткой павагі, як у больш паўночных раёнах Беларусі, хутчэй звязваецца ён з памерлымі. У любым разе патрабуе да сябе паважлівага стаўлення: «Не трэбо, кажуць, уцьвельваць ёго. Можа порчы не робіць, а можа і робіць. Я чула так, а хай ёго Господзь не дае». Гаспадаром жа ў хаце неаднойчы быў названы павук — «это шчытай хозяін». Ну а лагер варожы займаюць нячысцікі розных «спецыялізацый».
Свой жорсткі рэгламент існуе і ў дачыненнях з памерлымі. Абавязковыя памінанні, хрыстосаванне на Вялікдзень, Дзеды, тут заўсёды спраўляныя ў пятніцу перад вялікімі гадавымі святамі, і нават велікодныя Дзеды, калі пакідалі на стале толькі поснае. Душы, ва ўяўленнях, прыляталі на зямлю птушкамі, і таму на Радуніцу часта сыпяць па магілах зерне.
І менавіта ў вобразе птушак духі і душы пільнавалі сваё.
Актыўна бытуюць і пераказы пра маці-нябожчыцу, што прыходзіла ўночы карміць сіротку-немаўля. Сямейніцы чулі цмоканне, бачылі, як пачынае калыхацца люлька, і шкадавалі і малое, і несуцешную душу жанчыны.
А ўжо колькі расказаў-пераказаў-успамінаў пра чараўнікоў і чараўніц і ўсе тыя дзівосы, што яны выраблялі. Жыткавіцкія сюжэты тут роўна кладуцца ў агульнабеларускую карціну. Але ёсць і прыярытэты: моцныя ведзьмарэ выхваляюцца сваімі здольнасцямі, музыку запрашаюць пайграць на чартоўскае вяселле, свёкар хоча адкупіцца ад нячыстых нявесткаю і інш.
Сярод зафіксаваных аповедаў — рэдкія міфалагічна важкія дэталі. Да прыкладу, традыцыя абыдзённага палатна, прычым выраб яго ажыццяўляўся за адзін дзень усім жаночым вясковым калектывам на вынесеным на ростані ткацкім станку.
«Это на крэст вешалі. У нас там быў крэст коло фортачкі. І на вуліцы на перэкростку поставілі кросна і ткалі ручніка і этого ручніка вешалі мо то на крэст. Ці то шоб дож пошоў. Поставілі стаў такі, што ткуць, і ўжэ ткалі. Шоб за дзень основаць, і выткаць».
Архаічныя ўяўленні аб печы як сімвалічным увасабленні жаночага ўлоння, дзе і мусяць выпякацца, варыцца дзеткі, нечакана адбіліся ў адным са сноў.
Наогул, у сны вераць да гэтага часу, але перад сном абавязкова прамаўляюць караценькія слоўцы-малітвы.
А ўжо колькі атрымалася начуцца трапных выразаў, ды так у тэму да сказанага. Толькі асобныя з іх:
Дурны, дурны, а сала любіць.
Людзей не бояцца і Бога не стыдзяцца
Ек нема шчасця з маленства, нема і ў конца...
Нема шчасця — не ідзі ў лес по грыбы...
Ну і безумоўныя мясцовыя хіты — трохсотгадовая Цар-сасна, сапраўды велічная і вельмі прыгожая, і растучыя тураўскія крыжы:
«Кажуць: колісь было тры святых чоловека і іх проклялі людзі. Моцно. І сказалі: штоб вы сталі камнямі. І оні, этые людзі, прэўраціліся ў камні, і ўжэ оні вылазяць, этыя камні. Это бацька і маці і ўжэ дзіця должно быць».
Няма як не ўзгадаць і песні. Асабліва калі спявае амаль стогадовая бабуля, так старанна выводзячы матыў.
Прыпяць... Яна і праз сто і болей гадоў будзе гэтак жа ўзнімацца, люстраваць у сабе дубы і вербы. Хочацца верыць, што будзе каму будавацца паблізу і зноўку захапляцца роўнай воднай гладдзю. І будуць жыць побач людзі — гасцінныя, шчырыя, такія багатыя на аповеды і песні.
Таццяна Валодзіна, відэа і фота — Сяргей Плыткевіч, Planetabelarus.by