Фонд BySol распачаў збор сродкаў для беларускага журналіста Андрэя Мялешкі, якога разам дачкой гвалтоўна вывезлі з Грузіі ў Польшчу. Грошы патрэбныя, каб наладзіць жыццё на новым месцы, піша БАЖ.
«Звяртаюся да вас па дапамогу, бо апынуўся ў вельмі цяжкіх абставінах, якія шакавалі ўсю нашу сям’ю і падзялілі яе на дзве паловы», — піша Андрэй Мялешка. Ён тлумачыць, што зараз яму і яго 11-гадовай дачке Аляксандры трэба назбіраць суму, каб пакрыць выдаткі на адвакатаў і перакладчыкаў, а таксама каб набыць прадметы першай неабходнасці.
«Мы з дачкой вымушана апынуліся ў Польшчы з тымі рэчамі, што бралі на тры дні. Без жылля, грошай і разумення, што рабіць далей. Я прашу ўсіх неабыякавых людзей дапамагчы нам неяк наладзіць тут наш побыт.
Акрамя арэнды жылля, трэба купіць нейкія бытавыя рэчы, прадукты, адзенне і абутак. Калі сітуацыя з Грузіяй у бліжэйшыя месяцы ня вырашыцца, мне трэба будзе забраць сваю жонку і малодшую дачку сюды».
Сума збору — 5000 еўра. Падтрымаць калегу можна тут.
Андрэя Мялешку разам з дачкой 16 верасня не ўпусцілі ў Грузію, дзе яны пражылі тры гады. Яны вятрталіся пасля невялікай вандроўкі па Літве і Польшчы. Амаль суткі бацьку з дзіцём пратрымалі ў аэрапорце Кутаісі. Пасля гэтага пасадзілі на самалёт да Варшавы.
«Я разумею, што ні ў чым не вінаваты і трэба змагацца. Але пакуль у мяне ні на што не засталося сілы», — піша Андрэй. Ён дадае, што будзе ўдзячны за кожны магчымы ўнёсак.