«Зборная РБ па негалоўных відах спорту»: пасмяяцца з сябе

Чатырнаццаць апавяданняў увайшло ў новую кнігу перакладчыка і празаіка Паўла Касцюкевіча «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». З нагоды выхаду кнігі 20 снежня ў кнігарні «логвінаЎ» адбылася аўтограф-сесія Паўла Касцюкевіча, дзе былі зачытаныя ўрыўкі з кнігі.

Павал Касцюкевіч

Павел Касцюкевіч, майстар апавядання, шырока вядомы як выдатны перакладчык на беларускую мову Этгара Керэта, Курта Вонэгута і іншых, нядаўна скончыў пераклад рамана амерыканскага пісьменніка Дугласа Адама «Аўтаспынам па Галактыцы». Пісьменнік расказаў, адкуль узялася ідэя кнігі і такой неадназначнай яе назвы.

Максім Жбанкоў

«Мне здалося, што за выняткам тых, хто гуляе ў сапраўдных зборных, усе мы гуляем у нейкіх негалоўных відах спорту. Менавіта зборных, таму што думаем, што мы найлепшыя.

А калі сур’ёзна, то гэта кніжка расчараванняў. Першае расчараванне было, калі я даведаўся, што мае бацька і маці – не самыя прыгожыя і не самыя моцныя людзі на зямлі. Другое расчараванне: калі мне быў дваццаць адзін год, я думаў, што Савецкі Саюз захопіць свет, і я буду выкладаць рускую мову ў нью-ёркскай школе, але краіна развалілася, і гэтага ўсяго не адбылося. Дый я і не выкладаю рускую мову, таму што мне гэта нецікава. І апошняе расчараванне: трэба прызнацца, што зборная Беларусі па футболе ніколі не трапіць на мундыяль, нікуды не трапіць. Я падумаў, што гэтыя расчараванні трэба сабраць у адну каманду і неяк імі кіраваць. «Дваццаць – дваццаць пяць плячыстых на жывот, касцістых на язык…» – яны і ёсць маімі расчараваннмі. Я пачаў з імі гуляцца, пачаў адпраўляць іх на спаборніцтвы. Так нарадзілася кніжка».

«Тры словы, што леглі ў аснову твора: страх, расчараванне і роспач. Самая галоўная думка – пагуляцца з нашымі страхамі і паглядзець, што далей, таму што кожны дзень мы ўдзельнічаем у гэтай зборнай: калі людзі спрабуюць увапхнуцца ў адзін тралейбус або ў нашу кнігарню («логвінаЎ») вельмі часта заходзяць нейкія людзі (раней тут быў прыёмны пункт шклотары), каб здаць бутэлькі, яны заўсёды так спяшаюцца, нібыта сапраўды ідуць на нейкі рэкорд, прынамсі на ўнутрырэспубліканскі».

«Мне вельмі хацелася напісаць унутраную кнігу, якую немагчыма перакласці. Каб кожную фразу трэба было тлумачыць. Я чытаў нядаўна гэтую кніжку выхадцам з СНД, з розных краінаў, там былі людзі сярэдняга веку, і палове яна была незразумелая. Мне было так прыемна! Гэтая кніжка, як мне здаецца, унутранага карыстання, унутраны твор, таму я вынес на галоўную старонку зацяганае апошнім часам слова «беларус», «беларускі». І я спадзяюся, што калі яна і будзе перакладацца, то з цяжкасцямі».

«Ад пісьменніка ў нашай краіне чакаюць дзвюх рэчаў: што ён пачне гаварыць пра палітыку і што ён пачне абгаворваць іншых літаратараў. Гэта не той выпадак. Па-першае, пра палітыку ўжо ўсё сказана пачынаючы ад Францішка Аляхновіча ў нашай савецкай літаратуры і заканчваючы Васілём Быкавым у нашай беларускай савецкай літаратуры. А па-другое, лепш пра нас пагаварыць: як мы адчуваем сябе ў гэтай зборнай, як жыць з гэтым далей».

Сапраўды, атрымалася выдатна: чытачам забяспечана некалькі гадзін прыемнага, вясёлага (скрозь слёзы) чытання. Як гаворыць сам аўтар, «кніга напісаная для весялосці і радасці чытачоў».

Некалькі цытатаў:

«Мы – зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту. Адна каманда, адзін трэнер, адна халера. <…> Спартовыя рознарабочыя, мы ніколі не ведаем, што будзе сёння…» (з апавядання, што дало назву кнізе).

«Любы! Сёння ты – Брус Уіліс» (пачатак аднаго з апавяданняў – ліста доктару Хаўзу ад беларускага народа).

Кніга чакае сваіх чытачоў у кнігарні «логвінаЎ».

Цікава, да якіх відаў спорту належаць нашыя паважаныя чытачы, акрамя падводнага хакею, пола на сланах ці скокаў з трампліна на вярблюдах?

Дар’я Сітнікава

Зарына Кандрацьева