Калі б эфектыўнасць беларускай дзяржавы вымяралася выключна маштабнасцю рэпрэсій супраць грамадзян і прыватных ініцыятываў, то сёлетні год апынуўся б для яе звышпаспяховым. Недзяржаўныя арганізацыі ўшчэнт разгромленыя, СМІ і большасць журналістаў выціснуты за мяжу, грамадскія актывісты бавяць срокі ў турмах.
Паспела зачысціць праўладная бюракратыя і прастору беларускага кіно. З яе ў адзін момант знікла большасць кінафестываляў, якія рабілі акцэнт у сваёй праграме на айчынным кіно ці праводзілі адмысловыя конкурсы з іх удзелам.
BelarusDocs, «Лістапад», Watch Docs Belarus, Cinema Perpetuum Mobile, Smartfilm, «Кіназмена» і шэраг іншых кінападзей часова ці ўжо назаўжды сышлі з культурнага ландшафту краіны, не вытрымаўшы новых абставін існавання. Гэта амаль цалкам пазбавіла кінематаграфістаў, якія яшчэ засталіся ў краіне, сэнсу для працы. Навошта штосьці здымаць, калі для паказу прац і камунікацыі з гледачамі з усіх пляцовак застаўся толькі інтэрнэт.
Асабліва трагікамічная сітуацыя склалася з адціснутым дзяржавай у Цэнтра «АртКарпарэйшн» кінафорума «Лістапад», у якім Мінкульт спачатку адмяніў Нацыянальны конкурс, а зараз падумаў і аб’явіў збор заяў ад маладых кінематаграфістаў на здымкі кароткаметражных праектаў. Іх плануюць рэалізаваць за бюджэтны кошт на студыі «Беларусьфільм» — і адразу прэзентаваць на фестывалі ўжо ў лістападзе! Вось так улада і бачыць мастацкі працэс у краіне — цэнтралізавана і цалкам кантралявана, дзе свабода творчасці проста не патрэбная.
Праз попел выпаленага поля магчымасцей айчыннага кіно яшчэ прабіваюцца кінафорумы, якія спрабуюць працаваць з незалежнай супольнасцю. Сярод іх польскі Фестываль беларускага кіно «Бульбамуві», які летась вярнуўся з небыцця, а таксама Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Яны абодва аб’явілі ў канцы лета збор заявак ад аўтараў і пройдуць адзін за адным у другой палове лістапада: «Бульбамуві» ў Варшаве, а «Ззянне» адразу ў некалькіх краінах, а для большасці беларусаў віртуальна.
Але былі і значна больш мужныя прыклады арт-менеджменту. Бо фактычна адзіным фестывалем, які паказаў непасрэдна ў краіне стужкі мясцовых аўтараў, стала «Нефільтраванае кіно». І гэта заканамерны выпадак, бо фэст — амаль апошняя ініцыятыва ўдзельнікаў суполкі kinaklub.org, якая ў свой час стварыла фэсты Cinema Perpetuum Mobile, Kinaport і многа чаго яшчэ, таксама папулярызавала філасофію DIY (з англійскай Do It Yourself — рабі сам). Арганізатар «Нефільтра» Аляксандр Мартынюк і яго паплечнікі вырашылі не адступаць перад вайной і рэпрэсіямі, і ў канцы сакавіка правялі кінапаказы ў кінатэатры Silver Screen. І хаця з таго моманту прайшло больш за паўгады, я лічу неабходным распавесці пра ўдзельнікаў беларускай праграмы.
У яе ўвайшоў шэраг эксперыментальных прац, зробленых на мяжы жанраў і розных візуальных практык, што намагае ад гледача інтэлектуальнага ўключэння ў працэс, для разумення таго, што ён толькі што пабачыў.
Вось як з троххвіліннай працай «Сола» Уладзіміра Сліжыка. Аўтар зрабіў натуральны мантажны і аператарскі перформанс з танца маладога хлопца пасярод пустой спартыўнай пляцоўкі. Праца апынулася не толькі фармалісцкім эксперыментам, але і своеасаблівым выказваннем на тэму грамадскай ізаляцыі падчас пандэміі, калі нам усім неабходна было змагацца з адзінотай.
Робіць стаўку на форму выказвання і знаны ў беларускім асяродку аніматар-фрылансер Генадзь Бута, які з кожным годам усё больш паглыбляецца ў нетры мудрагелістых візуальных эксперыментаў. На гэтым фоне яго дакументальны фільм «Занадта вялікі малюнак», у якім аловак мастака падарожнічае па ўсім свеце, зразумець даволі проста. Гэта сімвал свабоды выказвання і адсутнасці межаў для мастацтва, якое не можа спыніць ні абмежаванасць аркуша паперы, ні асенні горад, ні марская хваля.
Ёсць і не вельмі ўдалыя спробы працы з формай. Вось у мастака, раскадроўшчыка і кінематаграфіста-пачаткоўца з Чэхіі Арсенія Алейніка нічога талковага не атрымалася з «Трайной паэзіі». Абсурдная камедыя пра дзіўную дзяўчыну, якая закахалася ў прышпільнага хлопца-наркамана, з якім яны перайшлі дарогу турэцкаму філосафу, які запісвае свае думкі на дыктафон, атрымалася зусім пустой па змесце, хаця ідзе па часе ажно дваццаць хвілін. Неяк апраўдваюць марнаванне часу цікава зробленыя камбінаваныя здымкі сцэн палёту ў нябёсах і наркатычных галюцынацый, але калі аўтар збіраецца і далей займацца кіно, яму трэба больш уважліва ставіцца да сутнасці сваіх прац.
Вось як гэта робіць маладая дакументалістка Вераніка Бандаровіч у сваёй кранальнай працы «May Bee». Яе галоўнай гераіняй стала акцёрка Сюзі Фергюсон з Шатландыі, у якой ёсць незвычайная прафесія — доктар-клоўн. Жанчына ў вобразе доктаркі «Мэйбі» наведвае і лекуе смехам дзяцей-інвалідаў. Не становіцца абмежаваннем для яе і пандэмійная ізаляцыі. Сюзі праз відэазванкі працягвае камунікаваць са сваімі падапечнымі, разумеючы, што ім патрэбна дапамога як ніколі дагэтуль. Асаблівая паэтычнасць мовы фільма дазваляе зразумець, у якім напрамку зараз працуе рэжысёрка, здымаючы фільм пра цялесныя практыкі з рабочай назвай «In the body».
Таксама ў праграму трапіла некалькі прац, у якіх аўтары пераплавілі свае ўласныя, часам вельмі інтымныя, перажыванні ў кінавыказванні.
Менавіта так зрабіла аніматарка і рэжысёрка Ната Карнеева ў працы «Птушка». Гераіня фільма — маладая дзяўчына-таксідэрмістка — у асноўны час прэпаруе мёртвых птушак, каб зрабіць з іх прыгожыя чучалы. Але праца не прыносіць ёй радасці, бо ў галаве засела думка пра разрыў адносін з маладым чалавекам.
Над больш шырокімі тэмамі рэфлексуе Павал Станкус. Яго фільм «Хованкі» — гэта таксама звышактуальны перформанс пра інстынктыўны эскапізм, жаданне схавацца ў бяспечным месцы ад асабістых паразаў у жыцці і пачварных навін пра гвалт, несправядлівасць, вайну. І ў гэтым Павал мае рацыю — лепш сядзець у чырвонай бочцы пасярод утульнага бабулінага дома, чым спрабаваць сутыкнуцца з балючай рэальнасцю.
Іншы, больш сатырычны падыход да ўспрыняцця невыноснай рэальнасці прапануюць Кацярына Ермаловіч і Марына Здаранкова. У іх фільме «Ціхаходкі. Не адлекаваць часам...» дзяўчаты жорстка іранізуюць над аднаклетачнасцю дарослага пакалення, канфармізм ва ўласным жыцці давёў іх да стану амаль што прасцейшых мікраарганізмаў. Дадаць няма чаго, параўнанне трапнае.
Такі ўнікальны погляд, месцамі апраўдана песімістычны, але з невялічкай надзеяй на лепшае, прадэманстравала беларуская праграма «Нефільтраванага кіно». Хацелася б верыць, што яна будзе не апошняй і фестываль адбудзецца наступнай вясной. Будзем глядзець, як складуцца абставіны.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org