Над парадным камяніцы ў цэнтры Познані — бел-чырвона-белы сцяг. Драўляныя дзверы як у звычайнай кватэры. Адчыняеш іх — і трапляеш у «дом для беларусаў» — менавіта так мясцовыя жыхары называюць творчую прастору MY. Тут арганізоўваюць паэтычныя батлы, пішуць лісты палітвязням, слухаюць пісьменнікаў, музыкантаў, журналістаў, вывучаюць беларускую, частуюцца смажанымі пельменямі, мядовымі «кавалачкамі шчасця» і найсмачнейшымі ў горадзе дранікамі.
Дзень народзінаў прасторы MY
Бармэн MY — яшчэ і прафесійны гукарэжысёр, які працуе над новым музычным лэйблам. Барыста чытае вершы падчас паэтычных імпрэзаў, ды так, што расчуленыя слухачы выціраюць слёзы. Госці танчаць вальс, смяюцца, спрачаюцца, размаўляюць пра надзённае.
Як бар ператварыўся ў магніт для беларускай творчай суполкі? Як пачуваецца беларуская культура ў замежжы: жыве ці толькі намагаецца выжыць? Ці больш беларусаў пачынаюць размаўляць на матчынай мове? Пагутарылі з адной з заснавальніц творчай прасторы MY Настай Валасевіч і бармэнам Мікітам Бубашкіным.
Адна з заснавальніц MY Наста Валасевіч
— Наста, кім ты была да пераезду ў Познань?
— З Беларусі я з’ехала 11 год таму — на той момант мне было 20. Складана казаць, якой беларускай я была ў Беларусі, таму што ўсё свядомае жыццё я знаходжуся тут, скончыла ўніверсітэт, атрымала адукацыю. У Познані займаюся сацыяльным бізнесам, сумяшчаючы яго з працай у галіне турызму.
— Як з’явілася ідэя адкрыць творчую прастору? Калі гэта адбылося?
— MY нарадзілася ў жніўні-верасні 2020. Спачатку збіраліся адкрываць звычайнае кафэ для жыхароў горада. У сувязі з палітычнымі абставінамі ў Беларусі канцэпцыя цалкам змянілася. Мы з каляжанкай Вольгай адразу вырашылі сысці ў культурны фармат — не хацелі прадаваць ежу, зарабляючы на гэтым. Падчас кавіда ідэя здавалася вар’яцкай. Рызыкнулі і паспрабавалі. Не буду ўтойваць — было складана: праз пандэмію каля дзевяці месяцаў не маглі працаваць увогуле. Затое потым пачалося (смяецца).
Дранікі па сакрэтным рацэпце MY
— Што такое MY цяпер?
— Нас амаль адразу пачалі называць «домам для беларусаў» — месцам, дзе можна наведаць выстаўку, паслухаць артыстаў, выпіць келіх віна, з’есці дранікаў. Тут можаш сустрэць не проста аднадумцаў — сяброў. Мяркую, у нас атрымалася стварыць вакол прасторы MY моцнае беларускае кам’юніці.
Майстар-клас па малюнку ў MY
Апынуцца ў чужой краіне — гэта страшна. Многія ператварыліся ў эмігрантаў нехаця. Файна, калі ёсць месца, дзе можаш запаволіцца і адчуць сябе дома. Наша прастора падобна на кватэру, куды прыходзяць у госці. З часам MY насамрэч прыдбала па-хатняму ўтульную атмасферу.
— Пагадзіся, канцэпцыя «хатняга кафэ» не рэдкасць. Верагодна, беларусаў прываблівае штосьці яшчэ.
— У такім выпадку — гэта, безумоўна, свабода, якой у Беларусі бракуе. Тут кожны можа рабіць што заўгодна. Воля — вось што патрэбна творчым асобам у першую чаргу.
Мы ладзім музычныя імпрэзы, стэндапы па-беларуску, выстаўкі, сустрэчы. Распрацоўваем праект па стварэнні музычнага лейбла MY — хочацца даць магчымасць таленавітым беларускім музыкантам не губляць сябе на нізкааплатных падпрацоўках, а займацца творчым працэсам, упершыню адчуваючы поўную свабоду і атрымліваючы прыбытак. Думаю, што сапраўдная беларуская музыка доўгі час знаходзілася пад уплывам расійскага рынка.
Фотавыстаўка Юліі Шатун «Вырай»
Да размовы далучаецца Мікіта — бармэн MY, гукарэжысёр, музыкант, у мінулым граў у мінскім гурце Groove Dealer.
— Мікіта, раскажы пра музычны лейбл MY. З чаго ўсё пачалося, як вы да гэтага прыйшлі?
— Пачалі з музычных майстар-класаў для дзяцей і дарослых. Паступова сфарміравалася каманда з дзевяці чалавек — пачалі запісваць песні, на Spotify ужо з’явіліся першыя трэкі. Па аўторках, выхадных для бара днях, збіраліся, завешвалі вокны, цягнулі слухаўкі, маніторы — MY ператваралася ў гуказапісвальную студыю. Каманда складаецца з людзей, якім цікава займацца прасоўваннем артыстаў, фатаграфіяй, дызайнам вокладак.
Падчас творчай лекцыі
Я сэрцам «хварэю» за беларускую музыку, хачу, каб яна рухалася наперад, спазнавала сапраўдную папулярнасць. Попыт расце, але музыканты, апынуўшыся ў эміграцыі, сутыкаюцца з рознымі крызісамі. Адна з задач — зрабіць так, каб у нашай студыі яны адчувалі сябе максімальна камфортна, маглі ствараць новае. Пад лейблам MY збіраемся запісаць зборнік беларускіх музыкантаў Познані. Я моцна люблю складанкі кшталту «Народнага альбома» і «Незалежных» — яны адкрылі мне асобаў, якіх пазней я пачаў слухаць. Марым зрабіць штосьці падобнае.
Пакуль працуем у Познані — суполка фарміруецца вакол нашай прасторы. У будучыні плануем пашырацца, таму запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых. Звязацца з намі можна па спасылцы.
Мікіта бяжыць сустракаць беларусаў, якія завіталі ў MY, а мы працягваем гутарыць з Настай.
— Давай звернемся да беларускай культуры ўвогуле. Якім чынам праект MY дапамагае яе захоўваць?
— Упэўнена — прастора дапамагае не страціць тое беларускае, што ёсць унутры нас. Яна дазваляе зразумець, хто ты, які ты беларус насамрэч — на чужыне такія пытанні паўстаюць востра.
Мая каляжанка Вольга стварыла фундацыю «KUT», якая дазволіла нам паўгады арганізоўваць розныя па фармаце імпрэзы і заняткі па матчынай мове. Заўважылі, што многія намагаюцца размаўляць па-беларуску, але пачынаць заўсёды складана.
Заняткі па беларускай мове ў MY
Мы ладзілі заняткі раз у два тыдні ў выглядзе лекцый і гульні з галоўнай умовай — размаўляць выключна па-беларуску. Урокі былі бясплатнымі і даступнымі кожнаму. Нават нягледзячы на ўплыў польскай мовы, значна больш беларусаў пачалі размаўляць на роднай.
Галоўная ўмова — размаўляць па-беларуску
Ёсць установа ABBA, якая правяла конкурс сярод прадстаўнікоў беларускага бізнесу за мяжой — удзел узялі больш за 70 кампаній з Польшчы, Літвы, Аўстраліі, ЗША. Мы перамаглі ў намінацыі «Рэпрэзентацыя Беларусі». Мяркую, тое, што нас такім чынам адзначылі, падкрэслівае важнасць зробленага намі.
— Што трэба для таго, каб не згубіцца ў польскім асяроддзі? Познань — не самы папулярны сярод беларусаў горад, у адрозненне ад, напрыклад, Варшавы, дзе знаёмую мову можна пачуць літаральна на кожным кроку і дзе беларускіх імпрэзаў значна больш.
— Мая каляжанка называе Познань «другім Парыжам»: горад такі ж камфортны і ўтульны, дыхаецца лёгка і вольна — гэта важна для людзей, якія тут апынуліся. Праз тое, што Познань невялікая, наша суполка, напэўна, нават мацнейшая за тую ж варшаўскую — тут не так шмат беларускіх месцаў, куды ідзеш з думкай «чаму не пабыць там, дзе мне заўсёды хораша?».
Выстаўка беларускай мастачкі Нікі Ганчар
— Заўважыла, што MY наведваюць палякі. Якое ў іх, з твайго пункту гледжання, стаўленне да беларускай культуры?
— Наша першая імпрэза тычылася Беларусі. Мы яшчэ не адкрылі прастору, толькі зрабілі выставу, транслюючы палякам тое, што ў нас адбываецца. Цяпер жыццё ў MY можа змяняцца некалькі разоў на дзень: пачынаем з майстар-класаў для дзяцей, потым ладзім лекцыю, пазней завітваюць людзі — выпіць келіх віна ці куфаль піва. Бываюць дні, калі прастору наведваюць чамусьці толькі палякі, бываюць — калі толькі беларусы. Але найчасцей тусуюцца разам.
Тэатр ценяў для дзяцей
— У Інстаграме MY допісы пераважна на польскай. Чаму так?
— Не трэба забывацца на тое, што мы знаходзімся ў Польшчы — навошта адгароджвацца ад палякаў? Наадварот, важна ствараць магчымасць для таго, каб яны больш даведваліся пра нас, пра тое, што адбываецца ў Беларусі, слухалі нашых артыстаў, музыкантаў, людзей, якія завітваюць пагутарыць. Ніколі не імкнуліся задаць вектар выключна на беларускую суполку — мы накіраваны на інтэграцыю розных людзей.
Выстаўка карцін беларускай мастачкі Яны Галушкінай
— Ёсць меркаванне, маўляў, палякам складана растлумачыць, што Беларусі цяпер дзве: яны не заўсёды разумеюць, што адбываецца, навошта мы тут і што мы тут робім.
— Так. Апынулася, што MY у нейкі момант ператварылася ў «адукацыйна-выхаваўчы бар». Як толькі адчынілі дзверы, адразу пачалі спрабаваць даносіць інфармацыю. Найбольш складана з тутэйшай моладдзю, бо яна не разумее, як гэта магчыма — страціць свабоду. Гэта ж абсурд! Сталыя людзі добра ведаюць сітуацыю, у якой мы апынуліся. Важна размаўляць і тлумачыць — кожны мае права чагосьці не ведаць.
Творчы майстар-клас для дзяцей
— Як лічыш, беларуская культура за мяжой перажывае стадыю эвалюцыі ці выжывання?
— У Польшчы шмат магчымасцей для развіцця культуры, ёсць фінансавая падтрымка. Тут можна рабіць тое, на што не наважваліся дома.
Мяркую, гаворка ідзе пра стоадсоткавае развіццё — на выратаванне тапельцаў працэс, які мы назіраем зараз, зусім не падобны. Беларусь пакінулі шмат таленавітых людзей, якія адчуваюць патрэбу ў тым, каб займацца сваёй справай, паказваць сябе.
Мне прыемна, што MY дае такую магчымасць. Удвая прыемней, калі атрымліваецца за гэта плаціць.
У сацыяльным бізнесе складана сумяшчаць культуру і камерцыю: большасць імпрэзаў мы вымушаны праводзіць за свой кошт.
Бывае крыўдна, калі не можаш даць добры ганарар артысту, мастаку, музыканту. У беларусаў ёсць дзіўная рыса — вельмі многае яны гатовы рабіць бясплатна, з паразуменнем ставяцца да такіх сітуацый. Для іх важна атрымаць унутранае задавальненне, імі кіруе жаданне зрабіць штосьці карыснае.
Афішы імпрэзаў у MY
Да нас завітваюць вядомыя асобы: нядаўна прыязджаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, вядучы «Калыханкі» Маляваныч, спявачка Святлана Бень — пасля яе выступлення мы нават танчылі вальс. Маляваныч быў у MY двойчы — гэта неймаверна, калі можаш сустрэцца з цудоўным чалавекам са свайго дзяцінства.
Выступленне Маляваныча ў MY
Маляваныч чытае казку дзецям у MY
— Калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, нашы культурныя дзеячы прывязуць тое, чаго дасягнулі за мяжой, дадому?
— Я моцна жадаю, каб мы ўсе вярнуліся дадому, стварылі ў Беларусі тое, чаго там ніколі не было.
Загадваць складана — у адзін момант я перастала пра гэта марыць.
— Якой ты бачыш будучыню MY?
— Думаю, мы і далей працягнем працаваць у гэтым фармаце, сумяшчаючы культуру і бізнес. Мара — мець большую прастору, бо памяшкання, дзе MY знаходзіцца цяпер, не хапае. Суполка павялічваецца, складана змясціць усіх жадаючых. Хацелі б ладзіць масштабныя імпрэзы — зараз некаторых музыкантаў запрасіць да сябе немагчыма, бо няма ўмоваў для вялікіх канцэртаў.
MY увечары
Таццяна Краўчанка, budzma.org
Фота з архіва творчай прасторы MY