• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
29.10.2015 | Культура

Жарсцi на Лысай гары. Гісторыі з жыцця беларускіх пісьменнікаў

Як жонка Івана Навуменкі заасфальтавала дарогу? Чаму Шушкевіч дзяліў пісьменніцкія ўчасткі? Як на Лысую гару трапілі гарнітуры Радзівілаў? Жыхары пісьменніцкіх лецішчаў “Узгор’е-1” распавялі “Народнай Волі” тое, што не трапіла на старонкі знакамітай паэмы “Сказ пра Лысую гару”.

Побач з польскай мяжой

Вясной 1971 года ў беларускім самвыдаце з’явілася паэма “Сказ пра Лысую гару”. Гісторыі пра тое, як айчынныя пісьменнікі будавалі сабе лецішчы, перадавалася па руках нароўні з машынапісным тэкстам “Майстра і Маргарыты”.
Назва паэмы была выбрана па двух прычынах. У 21 кіламетры ад Мінска знаходзіцца Лысая гара, другая па вышыні кропка ў Беларусі (са сваімі 342 метрамі яна ўсяго на тры метры саступае гары Дзяржынскай). Гара скла-дзена марэнавымі суглінкамі. Схілы ўзвышша пакрыты лугамі, часткова – лесам або хмызняком. Напрыканцы 1960-х побач з гарой з’явіліся лецішчы беларускіх пісьменнікаў. Яны хацелі назваць свой кааператыў “Лысая гара”, але іх апярэдзілі суседзі-будаўнікі, якія забралі назву для сваіх лецішчаў. Так на картах з’явіўся кааператыў “Узгор’е-1”, а потым і “Узгор’е-2”.

Дабрацца з Мінска да пісьменніцкіх лецішчаў не надта цяжка. Сядаеш ля станцыі метро “Каменная Горка” на адзін з прыгарадных аўтобусаў і ўжо праз 25–30 хвілін сыходзіш на прыпынку “Малая Валоўшчына”. Дарэчы, побач з аднайменнай вёскай знаходзяцца доты. Менавіта тут да 1939 года праходзіла мяжа з Польшчай.

«Машэраў даў каманду – не чапаць пісьменнікаў»

Каб выдзеліць участкі, склікалі пісьменніцкі сход. Яго праводзіў пісьменнік Станіслаў Пятровіч Шушкевіч, бацька першага кіраўніка незалежнай Беларусі. “Сабралі 52 заявы. А ўчасткаў было 87. Таму давалі надзелы нават родзічам. Не ўсе хацелі ўвязвацца ў будаўніцтва, пакуль не ўбачылі канчатковага выніку”, – расказвае 87-гадовы Гарольд Вольскі, сын вядомага драматурга, аўтара легендарнай п’есы “Несцерка”. Праўда, пазней пісьменніцкі кааператыў нечакана павялічыўся. Да літаратараў далучылі ветэранаў партыі. Цяпер на “Узгор’і”
133 лецішчы.

Арганізатарам дазволілі першым выбраць сабе ўчасткі. Як згадвае Гарольд Вольскі, ён скарыстаўся такой магчымасцю і ўзяў лепшыя ўчасткі сабе і брату: “Прыкладна на дзве соткі больш, чым у астатніх”. Неўзабаве Вольскі прыехаў на поле ля Лысай гары і разам з землямерам падзяліў ўсю тэрыторыю. Другі раз ён павялічыў сваю тэрыторыю ўжо ў 1990-я, калі ішла прыватызацыя: “Да нас прыйшоў ляснічы. Добра напаілі яго. Ён павесялеў і кажа: можаш пераставіць агароджу далей, да дарогі”. Дарэчы, з участкам Гарольда Вольскага звязана яшчэ адна гісторыя. Як кажа мой суразмоўца, у 1940 годзе яго маці купіла сталовы гарнітур Радзівілаў, якія з’язджалі з віленскай кватэры ў Амерыку. Мэбля стаяла на лецішчы Вольскага, але ў 1994-м дом згарэў (цяпер гаспадар жыве ў будынку былой лазні). Выратаваць мэблю не атрымалася.

Напрыканцы 1960-х на будаўніцтва лецішчаў існавала шмат абмежаванняў. Забаранялася будаваць другі паверх, выкарыстоўваць цэглу і бярвёны (толькі дошкі). Участкі мусілі складаць не больш за 6 сотак. Як кажа Гарольд Вольскі, на адным з творчых сходаў пісьменнік Мікола Гарулёў паскардзіўся Машэраву. Той па-царску дазволіў: “Будуйцеся!” І даў каманду – не чапаць пісьменнікаў. Тыя ўзвялі двухпавярховыя лецішчы. “Усе суседзі нам зайздросцілі”, – згадвае Вольскі.
Без удзелу начальства не вырашаліся і іншыя пытанні. Напрыклад, Іван Шамякін, які якраз тады стаў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, наўпрост пайшоў да Анатоля Андрэева, міністра аўтамабільнага транспарту БССР. Дзякуючы яму па шашы, што ідзе праз Малую Валоўшчыну, сталі хадзіць аўтобусы. Гэтаксама праз Шамякіна вырашылася пытанне з аўталаўкай.

З песні слоў не выкінеш

У кааператыва з’явілася свая адміністрацыя. Старшынёй быў абраны пісьменнік Сіла Гусеў, які падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ўдзельнічаў у штурме Зімовага палаца. Як сцвярджае Вольскі, калі ў Мінску зносілі дом, Гусеў прыцягнуў адтуль канструкцыю ў выглядзе каўпака, з якога выходзіла труба. Яе Сіла выкарыстаў у якасці даху для прыбіральні. Не дзіва, што ў паэме “Сказ пра Лысую гару” з’явіліся наступныя радкі:
Ды ўсіх абставіў Сіла Гусеў:
Зрабіў кабіну – будзь здароў!
Пачырванець ажно прымусіў
Прафесароў і дактароў.
Ён форму ўзяў для туалета –
Што аж зайздросна
паглядзець:
Як ёсць касмічная ракета,
Вось-вось гатовая ўзляцець!
І гэтай формы сэнс быў ясны:
Заходзь, садзіся і ўключай!
Ну, а ці быў там змест
сучасны –
Ты ўжо, чытач, мне выбачай!

У паэме “Сказ пра Лысую гару” хапае падрабязнасцяў пра будаўніцтва лецішчаў. Што з іх праўда? Вось, напрыклад, досыць цікавы фрагмент:
Мікола-праведнік Аўрамчык
Якіхсьці хлопцаў прывалок –
Яны не дом яму, а храмчык
За тыдзень склалі да аблок.

Будаўнікоў тых незнаёмых –
Без намаганняў і турбот –
Ён адкрываў пасля імёны
У «Маладосці» цэлы год.
Аўтар намякае на пасаду Міколы Аўрамчыка (той узначальваў аддзел паэзіі часопіса «Маладосць»). Але гэты факт усяго толькі мастацкая фантазія Ведзьмака-Лысагорскага, – сцвярджае Гарольд Вольскі: “Аўрамчыку дапамагалі землякі з Бабруйшчыны”.
Яшчэ адзін прыклад мастацкай фантазіі – гісторыя пра Алеся (Айзіка) Кучара:
І кожны Кучару зайздросціў
І дэталёва ўспамінаў,
Як той у цырку па знаёмству
Браў угнаенне з-пад слана.

“Сам Кучар тут не жыў, – кажа Валерыя Навуменка. – Тут была хата яго нявесткі Даларэс, якую ўсе клікалі Долкай”.
Яшчэ адна гісторыя, гэтым разам рэальная, звязана з натуральнымі адходамі. “Аднойчы я прыехаў на “Узгор’е” зімой, – расказвае Гарольд Вольскі. – Здалёк бачу: будуецца паэт Кастусь Кірэенка. Падыходжу, а ён нешта майструе. Пытаюся: “Косця, што робіш?” Той у адказ: “Разумееш, купіў памёту. Будую клямку, каб замок прычапіць, а то раскрадуць”. Я падказаў хлопцам гэту гісторыю. Так і з’явіліся радкі:
Адзін рэдактар меў удачу:
Купіць гаўна ён бочку змог.
Прыпёр упоцемку на дачу
І начапіў цяжкі замок.

Тады, на сорам чалавеку, –
Ад слаўных будняў убаку –
І ўзнік ганебны лозунг веку:
«Гаўно трымайце на замку!».
У рэшце рэшт усе пісьменнікі пабудаваліся і займелі ўласныя гаспадаркі. Крыху адстала толькі пісьменніца Вера Палтаран. У паэме адразу з’явіліся радкі:
Ва ўсіх дамы, ва ўсіх палеткі,
І толькі ў беднай Палтаран
Стаяў хляўчук, сядзелі кветкі,
Ляжаў нявораны дзірван.
Як кажа Ірына Александровіч, Палтаран была адзіная з жыхароў Лысай гары, хто пакрыўдзіўся на аўтараў паэмы. “Які ж дзірван нявораны, калі ўжо ўсё зроблена!” – абуралася яна. Ёй тлумачылі, што падчас напісання паэмы дзірван быў такі, таму з песні слоў не выкінеш.

Ласіны Рог, Астрэйкаў пляц

У 1970-я імкліва ішла русіфікацыя. Але на Лысай гары жыхары размаўлялі паміж сабой толькі па-беларуску. “Памятаеце салон у Ганны Шэрэр з “Войны и мира”? – запытвае Ірына Александровіч. – Усе, хто туды трапляў, казалі толькі па-французску. Нешта такое назіралася і тут. Ніхто нікога не прымушаў, нікому нічога не загадваў. Так было прынята і заведзена”.
Гаспадарчыя праблемы вырашалі пераважна жанчыны (пакуль мужчыны-пісьменнікі пісалі творы). Напрыклад, дарога, якая вяла ад прыпынку “Малая Валоўшчына” да “Узгор’я”, знаходзілася ў жахлівым стане. Выйсце знайшла Ядвіга Навуменка, жонка пісьменніка. Яна сабрала грошы, прагаласавала на шашы і павярнула колькі самазвалаў (побач у Заслаўі былі кар’еры), якія засыпалі дарогу гравіем і каменьчыкамі, а потым выраўнялі грэйдарам. Таму гэты ўчастак называлі Ядзінай дарогай. Апроч таго, на лецішчах меліся Астрэйкаў пляц (там жыў паэт Анатоль Астрэйка), завулак Цвіркі (у гонар галоўнага рэдактара “Беларускага кнігазбору” Кастуся Цвіркі), Нехаёўка (у гонар пісьменніка Рыгора Няхая), Калачынскі тупік (тут жыў пісьменнік Міхась Калачынскі) і Ласіны Рог (у гонар паэтэсы Еўдакіі Лось).

Дарэчы, з Рыгорам Няхаем звязана камічная гісторыя. Падчас Другой сусветнай вайны ён выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення Савецкай Арміі ў тыле немцаў. Не дзіва, што Няхай валодаў добрым нюхам. Як расказваў Гарольд Вольскі, “Няхай заўжды ведаў пра ўсе падзеі дзякуючы свайму нюху. Аднойчы да мяне прыехаў акцёр Коласаўскага тэатра Фёдар Шмакаў. Толькі селі за стол, бяжыць Няхай. “Братка, як ты даведаўся, мы ж нікому не казалі?” – “А ў мяне антэны тут стаяць”, – адказаў Няхай, паказваючы на нос”.

Паміж сабой пісьменнікі маглі размаўляць на тэмы, на якія ў грамадстве было накла-дзена табу. Як згадвае Ірына Александровіч, пісьменнікі, бывала, раскладвалі вогнішча і вялі рэй да чатырох гадзін раніцы. Алесь Звонак і Станіслаў Шушкевіч расказвалі пра жахі 1937 года і плакалі. “Пісьменнік Алесь Звонак, які дзесяць гадоў працаваў на Калыме, увесь час дзівіўся, што выжыў, – кажа Александровіч. – Настолькі там было лёгка памерці. Проста за нішто. У бойках, ад голаду, ад холаду. Ён расказваў гісторыі (цяпер добра вядомыя), як двое дамаўляліся збегчы і бралі з сабой трэцяга, каб яго з’есці. Або як мясцовае насельніцтва здавала зняволеных за бочку селядцоў”.

 

Дзяніс Марціновіч, Народная Воля

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму

Алесь Бяляцкі – грамадскі дзеяч, праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», які ўжо шмат гадоў дапамагае...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?

25 верасня 1765 года на гэты свет прыйшоў чалавек без перабольшання таленавіты і адораны ва ўсім – Міхал Клеафас Агінскі....

valiancina_shauchenka
Музыка

Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя

У мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы прайшоў канцэрт-прэзентацыя твора «Спевы да...

valiancina_shauchenka
Культура Беларуская мова

Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?

У пачатку верасня на Падляшшы адбыўся буйны фестываль японскай культуры — Moricon 2023. Трохдзённы фестываль у Беластоку...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
    Культура Беларуская мова
    Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    Літаратура
    Юля Цімафеева: «Я вельмі ганаруся, што нясу нашую беларушчыну, нашую мову да амерыканскай публікі»
    Культура Літаратура
    30 верасня распачынаецца фестываль PRADMOVA. На яго прыедуць беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету
    Грамадства Беларусы свету
    Ва Уроцлаве ў кастрычніку пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры
    Грамадства
    Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі
    Гісторыя
    Сувораў напаў, парушыўшы рыцарскія традыцыі. Трагедыя бітвы пад Сталовічамі
    Грамадства Літаратура
    Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта
    Навіны "Будзьма!" Гатуем з «Будзьма!»
    Крышаны з бульбай і грыбамі. Гатуем сезонную палескую страву
    Грамадства
    Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
    Музыка
    Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    Культура Грамадства
    «Ідзём шляхам Паўночнай Карэі». Сяргей Будкін пра новыя патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Беларусі
    Культура
    Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь

Афіша

  • 26.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 26.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 27.09Паказ фільма «Ператрымка» ў Берліне!
  • 27.09Беларускамоўны квіз у Беластоку
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 30.09 — 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі». Лявон Вольскі наўздагон дню народнага адзінства
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Ці быў выхад з СССР незаконным?
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип