Бацькоўскія сцэнары: тое, што перадаецца без слоў

08.01.2026
«Не ўсё з бацькоўскага досведу мы забіраем з сабой. Штосьці адкідваем свядома, штосьці — з болем. Штосьці паўтараем падсвядома. Але ёсць рэчы, якія прарастаюць самі, нават калі мы на іх не звяртаем увагі». Што гэта за рэчы і ў што сапраўды варта ўкладацца, калі хочаш выхаваць дзіця годным чалавекам, а галоўнае — шчаслівым? Разважае Марыя Грыц.

Maryja Hryc
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіву Марыі

Маленькі подзвіг

Нарэшце прыйшла зіма, і я пішу гэты тэкст пабітымі на горцы рукамі. Пацярпелі, дарэчы, не толькі яны. Мы коўзаліся з раніцы і пакуль не стала цёмна. Мая дачка не надта любіць такія забавы, але вытрымала цэлы дзень без ныцця, што для яе ўжо маленькі подзвіг.

І вось, калі мы чарговы раз цягнулі санкі ў гару, мне раптам узгадалася, як мае бацькі амаль так жа цягалі мяне. Ох, як мне не падабалася тая іхная актыўнасць. Рыбалка з камарамі. Зімовыя пікнікі, дзе з забаваў толькі біць палкай пень. Горкі, вёскі, музеі... Тады я проста прымала гэта як нешта непазбежнае. Але потым пачала вандраваць сама.

Zima

І я цяпер не пра палёты на іншы канец свету, хаця пабачыць на ўласныя вочы Паўднёвы крыж — адна з найвялікшых маіх мараў. Але часам дастаткова запарыць гарбату ў тэрмасе, узяць яблык ці бутэрброд, выйсці з дому або цягніка пасярэдзіне шляху і некалькі гадзін ісці ў адзін бок. Я люблю такое ўсім сэрцам.

Калі ў дзяцінстве мама казала: «Глядзі, які прыгожы захад сонца», я сціпла стаяла побач пару хвілін, а потым неслася па сваіх неадкладных дзіцячых справах. А цяпер я не магу надзівіцца на наваколле. Бо ў мяне, як і ў вас, дарэчы, самая крутая відэакарта і максімальнае разрашэнне карцінкі. І гэта сапраўды неймаверна.

«Проста карміць і быць побач, каб не забіліся»

Я часта чую, што дзяцей трэба вучыць, быць для іх прыкладам, ставіць рамкі. І кожны раз узгадваю адну размову. У мяне ёсць сваячка, чые абодва дзеці выраслі вельмі ўдалымі людзьмі. Неяк запытала ў яе, у чым сакрэт. Яна паціснула плячыма і сказала: «Ды проста карміць і быць побач, каб не забіліся».

Тады мне гэта здалося занадта простым. Нават абразліва простым. А праз пяць гадоў да мяне раптам дайшло, што менавіта яна сказала.

Мы з дачкой панесліся з вялізнай гары на пластыкавых санках, задыхаючыся ад страху і захаплення, наеліся пяску, уваліліся ў куст і збілі нечы касцёр. На працягу дня я распавядала ёй пра снег і пра тое, чаму лёд ператвараецца ў ваду, чаму і як гарыць агонь і куды птушкі ляцяць на зіму. А дома яна ўспомніла толькі адно — як я паехала з горкі з іншай дзяўчынкай.

І тут у маёй галаве нешта шчоўкнула: «А-а-а... проста карміць і быць побач, каб не забіліся».

Na horcy
На горцы. Малюнак створаны пры дапамозе ШІ

У што варта ўкладацца ў выхаванні дзяцей

У той жа час цяпер вельмі папулярна тлумачыць усе праблемы дарослага чалавека тым, што ў дзяцінстве нешта не так зрабілі бацькі. Я разумею, што бываюць траўмы — і вельмі сур’ёзныя. Але калі дарослая цётка кажа, што яна саромеецца свайго цела, бо ў чатыры гады бацькі апраналі яе на пляж у майткі, а не ў купальнік, я пачынаю шчыра сумнявацца, што ўсё-прыўсё працуе менавіта так.

Мне здаецца, патэрны не столькі перадаюцца, колькі выбіраюцца. Не ўсё з бацькоўскага досведу мы забіраем з сабой. Штосьці адкідваем свядома, штосьці — з болем. Штосьці паўтараем падсвядома. Але ёсць рэчы, якія прарастаюць самі, нават калі мы на іх не звяртаем увагі.

І вось да чаго я дайшла. Маё дзіця не пачуе ў маіх словах дакладна тое, што я хачу данесці. Яна паставіць пад сумнеў усе правілы, якія я ўводжу. Яна калісьці прад’явіць мне мае памылкі. Але ёсць вялікая імавернасць, што аднойчы яна пасадзіць сваё незадаволенае малое на санкі, і яны разам пакацяцца з гары, задыхаючыся ад страху і захаплення.

Мяркую, гэта адзінае, ува што сапраўды варта ўкладацца.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org