“Жывы гук online” – канцэрт ў цэнтры Мінску

29.06.2009 Музыка

tancy-pad-salon

Фэстываль альтэрнатыўнай музыкі “Жывы гук online” сабраў маладыя беларускія рок-гурты «Мутнаевока», L.I.P. са Стасяй (гурт “По глазам”), Hair Peace Salon, Krok, GARADzKIJA і Open Space. Дзея ладзілася ў Мінску ў двары Дому афіцэраў 27 чэрвеня.

pit-paulau-i-garadzkija
Піт паўлаў і GARADzKIJA

Ініцыятар імпрэзы музыкант Піт Паўлаў:

– Жывой музыкі, што гучыць у Мінску, катастрафічна мала. Адбываецца беспрэцэдэнтная акцыя: летнім суботнім вечарам у цэнтры гораду гучна грае рок-музыка. У гэта сапраўды цяжка паверыць. Заяўкі даслалі вельмі шмат гуртоў. Сюды трапіла прыкладна адна дзесятая ад усіх. Гэта дае надзею на тое, што будуць удзельнікі і для наступных канцэртаў. Магчыма, надалей падчас адбору будзе ўлічвацца густ нашых гледачоў. Галоўны крытэр адбору – удзельнікі не павінныя быць звышпапулярнымі. У такіх, як N.R.M, J-морс, Ляпіс Трубяцкі, і так ёсць свая аўдыторыя і сцэна. Мы ж клапоцімся пра тых, у каго іх няма. Я адмовіўся ад селекцыі паводле мовы выканання: раптам існуе добры расійскамоўны або англамоўны гурт, які застанецца незаўважаным. У нашай краіне мова – рэч істотная, але у дадзеным выпадку для мяне галоўнае выканаўца.

mutnae-voka

Гурт “МутнаеВока”

Сам Піт Паўлаў завяршаў “Жывы гук online” выступам са сваім гуртом “Garadzkija”. Піт Паўлаў:

– Музыкі павінныя адчуць публіку, сустрэцца з вялікай колькасцю людзей ва ўмовах канцэрту. Гурты не маюць сувязі са сваёй аўдыторыяй. Яны пішуць песні для сябе і сваіх каханых, а мусяць – для тысячаў людзей. Калі з’явіцца магчымасць гэта рабіць, то з’явіцца матывацыя пісаць больш і лепш. Я спадзяюся, што такім чынам атрымаецца выхаваць некалькі сапраўдных беларускіх зорных калектываў, і мы ўбачым беларусаў побач з украінцамі ці ангельцамі на сусветнай сцэне. Таксама можна выхаваць нашую публіку. Ёсць даволі шмат людзей, якія ніколі не былі на рок-канцэрцах. І яны мусяць туды трапіць. Калі спадабаецца, то хадзіць, шукаць, тым самым фармуючы новае кола людзей, дзеля якіх і якімі ствараецца рок-музыка. Мы паспрабуем зрабіць канцэрты рэгулярнымі, і яны будуць праходзіць тут, пакуль цёла. А ўзімку плануем перанесці мерапрыемства ў якое-небудзь памяшканне.

krok

Выступае “Krok”

Удзельнікі гурта “Krok” Рома і Фрэд:
– Мы не ведалі, чаго чакаць, бо такое мерапрыемства праходзіць упершыню ў цэнтры Мінску. Прыйшло шмат людзей з самага пачатку, і гэта прыемна здзівіла, бо меркавалася, што будзе нашмат менш. Наогул хацелася б, каб было больш канцэртаў, бо яны даюць гурту магчымасць развівацца ў плане музыкі і ўмення трымаць сябе на сцэне, дадаюць энтузіязму для працы ў студыі і на рэпетыцыях.

tancy-pad-krok
Танцы пад “Krok”

“Жывы гук online” быў распачаты ў 2005 годзе. У той час гралі N.R.M., “Крамбамбуля”, Neuro Dubel і GARADzKIJA; пазней была выдадзеная складанка. У хуткім часе праект быў вымушаны згарнуцца, каб адрадзіцца ў годзе 2009-м.

natoup

Гледачы канцэрта

Канцэрт “Жывы гук online” – пляцоўка, дзе можа адбыцца першы канцэрт любога таленавітага рок-гурта, які даслаў заяўку на ўдзел. Дастаткова мець запісы, фота, умець апавесці пра сябе, ну і, вядома, умець граць.

Тэгі: