«Зялёны офіс» А1 для працы і адпачынку: на даху кампаніі разаб'юць агарод

06.04.2021 У краіне

16 красавіка, у дзень нараджэння А1, на даху цэнтральнага офіса кампаніі на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 36 у Мінску з’явіцца самы сапраўды агарод. Праект «А1гарод» стане працягам ініцыятыў па стварэнні экалагічнай прасторы для работнікаў кампаніі.

1.jpg

На даху А1 плануецца вырошчваць моркву, буракі, таматы, агуркі, кабачкі, перац і бульбу, а таксама маліны, клубніцы, суніцы і мінікавуны. Мята, базілік, укроп, пятрушка, салата, радыска, шпінат, цыбуля, рукала – прычым найвышэйшай якасці – будуць расці ў крокавай даступнасці ад працоўных месцаў работнікаў.

Чысціня паветра, месцазнаходжанне на вышыні, умовы надвор’я і іншыя фактары, якія маглі б паўплываць на ўраджай, былі ўлічаныя пры распрацоўцы агарода. Догляд за раслінамі даручаць камандзе прафесіяналаў, але пры жаданні любы з супрацоўнікаў таксама можа заняцца вырошчваннем градак.

4.jpg

Акрамя таго, ва ўмовах гібрыднага фармату працы «А1гарод» задумваўся яшчэ і як дадатковая працоўная зона і тэрыторыя для адпачынку на адкрытым паветры для работнікаў і гасцей офіса, а таксама пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў на тэму экалогіі і не толькі.

«Рабіць такія зялёныя дахі для офісаў – гэта сусветная практыка і адно з найпапулярнейшых экалагічных рашэнняў для сучаснай архітэктуры. Гэтым праектам мы працягваем развіваць канцэпцыю «зялёнага офіса» і ствараць экалагічную прастору для працы. Як размеркаваць вырашчаны ўраджай, пры дапамозе ўнутранага анлайн-галасавання вырашаць самі супрацоўнікі», – адзначылі ў А1.

Экалагічныя выгоды «зялёнага офіса» – зніжэнне спажывання электраэнергіі, вады, цяпла, расходных матэрыялаў, а суадносна і рэсурсаў, неабходных для іх вытворчасці. З гэтай мэтай у дата-цэнтры А1 і іншых ключавых будынках кампаніі ўсталяваныя спецыяльныя кантэйнеры для раздзельнага збору і сартыроўкі смецця, краны абсталяваныя насадкамі для эканоміі вады, а большая частка дакументацыі пераведзена ў лічбавы фармат.

Паводле прэс-рэлізу