Бард, радыёвядоўца і адначасова шматдзетны тата Зміцер Бартосік выступіў у школах Гомеля 26 красавіка.
Творчыя сустрэчы прайшлі ў цэнтральнай СШ, а таксама ў СШ мікрараёну Волатава. На кожную з сустрэчаў сабраліся поўныя залі школьнікаў, пераважна старшакласнікі.
Зміцер Бартосік:
– Я чарговы раз пераканаўся, што немагчыма спрагназаваць і ўявіць, дзе будзе выдатная публіка, а дзе – не падрыхтаваная да беларускай культуры. У цэнтры Гомеля, у прыгожай школе, дзеці ўспрымалі беларушчыну як нешта іншапланетнае, мне падалося, што некаторыя з іх наогул не разумелі беларускай мовы. А вось на ўскрайку Гомеля, у раёне Волатава, былі проста цудоўныя беларускія дзеці. Рэагавалі актыўна, не адпускалі пасля канцэрту, задавалі пытанні пра тое, дзе дастаць тэксты песняў, ці можа дыскі. Сейце зерне, сейбіты! Я ўпэўнены, што нават у самым далёкім месцы беларуская справа заўжды знаходзіць сваіх прыхільнікаў, пары-тройцы людзей заўжды становіцца цікавай беларуская культура. Вяртаўся я ў Мінск шчаслівы і задаволены. А што будзе далей, можна будзе даведацца з наступнай сустрэчы.
Творчыя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Тэгі: Гомель