Бард Зміцер Бартосік выступіў з канцэртамі ў пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёну і ў горадзе Мар’іна Горка 8 і 9 траўня.
Большасць слухачоў у Свіслачы складалі навучэнцы мясцовай сярэдняй школы. Паводле словаў Змітра Бартосіка, і слухачы, і ён сам засталіся ў захапленні ад канцэрту. “Дзякуючы канцэрту ў Свіслачы я чарговы раз упэўніўся ў тым, што тыя дзеці, у якіх ёсць добрыя настаўнікі беларускай мовы, больш цікавяцца беларускай культурай, цягнуцца да яе. Настаўнікі – галоўная сіла ў адраджэнні Беларусі”, – адзначыў Зміцер.
У Мар’інай Горцы выступ барда быў доўгачаканай падзеяй. Мясцовая моладзь, ужо даўно знаёмая з творчасцю спевака, нарэшце атрымала магчымасць папрысутнічаць на канцэрце ўлюбёнага барда асабіста. Узамен на шчыры інтарэс слухачоў Зміцер Бартосік праспяваў свае вядомыя кампазіцыі з аўтарскага альбому “Дарога на Вільню”, а таксама перакладзеныя Рыгорам Барадуліным на беларускую мову песні расійскіх бардаў.
Канцэрты ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”