— Гісторыя маёй беларускасці звязаная са зрокам. Я моцна застудзіў вока, была страшная хвароба, якую нават не буду называць. Думаў, што ўсё не так страшна, і вырашыў пераляжаць. У выніку давялося звярнуцца ў бальніцу; дактары спалохаліся. Два тыдні я ляжаў там. Падаецца, не так шмат, але доўгі час не было зрухаў, і было страшна. Вока практычна не бачыла… Дактары вельмі палохалі, казалі, што магу на адно вока аслепнуць. Гэта было акурат перад Калядамі. І за той час я пачаў пераасэнсоўваць сваё жыццё: зразумеў, што трэба заняцца нечым вартым. Даўно думаў пра выбар мовы: альбо беларускай, альбо расійскай. Білінгвізм для мяне тады быў чымсьці дзікім. Ды гэта й зразумела: чалавеку прасцей мець адну мову для паўсядзённага ўжытку, родную. Дзве родныя мовы – гэта нонсэнс.
Хто верыць у бога, той мяркуе, што гэта ён дае нейкія знакі, каб чалавек пераасэнсоўваў свой лёс. Калі ёсць пагроза жыццю, у чалавеку выкрышталізоўваюцца яго ўнутраныя вартасці, ён ачышчаецца. Ёсць такая версія, што хвароба патрэбная людзям для таго, каб абнаўляцца.
Перад гэтым я ішоў за большасцю; напэўна, камплексаваў. Можа, думаў, што застануся адзін, калі пачну размаўляць па-беларуску, хоць са школы любіў беларускую мову. Абедзве бабулі размаўлялі фактычна па-беларуску, адна з іх была выкладчыцай беларускай мовы. Размаўляць з імі па-расійску было няёмка. Пасля таго, як я вылекаваўся, мінуў месяц ці два, і я прапанаваў сваёй дзяўчыне пачаць размаўляць па-беларуску. У выніку я цяпер размаўляю і па-расійску, і па-беларуску. Але, безумоўна, другое прыемней.
Быць беларусам азначае тое ж, што і быць прадстаўніком любой іншай нацыі. Хацелася б, каб мы былі на адным узроўні з сусветнай супольнасцю, іначай не здолеем быць годнымі прадстаўнікамі свайго народа падчас стасункаў з іншаземцамі. Калі ты не ўяўляеш сабой штосьці як чалавек нацыянальны, то наўрад ці будзеш варты чагосьці і як глабальны, як касмапаліт.
Зміцер Конанчык, фізік