Сустрэча з вядомым дударом, паэтам, творчым кіраўніком гурта “Камелот” Змітром Сідаровічам адбылася 14 траўня ў сярэдняй школе вёскі Ярашэвічы Валожынскага раёну.
Менавіта дуда – гэты старадаўні беларускі музычны інструмент – была ў цэнтры ўсёй творчай імпрэзы ў Ярашэвічах. Пра яе апавядаліся гісторыі, на ёй гралі, а пад яе гукі танчылі. А танец, паводле Змітра Сідаровіча, – гэта форма яднання, спосаб, каб людзі перазнаёміліся паміж сабой і весяліліся.
Зміцер Сідаровіч шмат апавёў пра выкарыстанне дуды сялянамі ў часы ВКЛ, пра тое, як дапамагала дуда ў падняцці духу жаўнераў ВКЛ. “Дуда сімвалізуе веліч ВКЛ, а не такія распаўсюджаныя стэрэатыпы, як беларуская забітасць, лапці. Дуда мае доўгі, роўны гук і прабівае, як фанфары. У гэтым сэнсе яе нават можна параўнаць з арганам,” – мяркуе дудар.
Сустрэча ў школе адбылася дзякуючы падтрымцы з боку яе настаўніцы – Махнач Таццяны Анатольеўны. Таццяна Анатольеўна ўжо доўгі час запрашала Змітра Сідаровіча наведаць школу, але толькі цяпер, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, гэтая сустрэча стала магчымай.
“Гэта кампанія існуе для таго, каб наша краіна была для нас не такой вялікай, каб усе перазнаёміліся і сталі бліжэй адзін да аднаго,” – адзначыў падчас імпрэзы Зміцер Сідаровіч.
Тэгі: Валожын