Бард і дудар Зміцер Сідаровіч зладзіў выступы на Любаншчыне 20 і 21 чэрвеня.
“Гэтыя канцэрты прайшлі для мяне пад сцягам фольку. Я шчыра браў у рукі гітару і спяваў бардаўскія песні з “моўнай нізкі”: “Які ж я беларус?”, “Сёння мова ўмірае” і г.д. Пытаў наўпрост: “Гаворыце на беларускай мове дома?” У адказ – сарамлівыя ўсмешкі”.
Па словах барда, у летніку “Арэса” цяпер адпачываюць каля 200 дзяцей з навакольных населененых пунктаў: Любань, Шыпілавічы (радзіма этнографа П.Шпілеўскага), Рачэнь, Смольгава (былы Смольгаў, радзіма У.Сыракомлі). Летнікам апякуецца малы калектыў беларускамоўных педагогаў. Педагогі з дзецьмі гавораць на беларускай мове. Упор робіцца на краязнаўства, на песенна-танцавальныя заняткі і спорт.
Выступ барда ў Любані 21 чэрвеня адбываўся падчас фэсту народных калектываў “Радзімы мілыя куточкі”. Падчас фэсту была арганізаваная вялікая выстава народных рамёстваў, на якой прэзентаваліся вырабы традыцыйнай беларускай кухні.
“Я выступаў з сынам Тамашом. Паказалі дуду і зрабілі папулярную лекцыю (з музычнымі ілюстрацыямі) пра гэты знакавы для Беларусі інструмент. На бардаўскую “Які ж я беларус?” зала адгукнулася воплескамі. З чаго раблю выснову: тэму бытавання беларускай літаратурнай мовы ў побыце, а не на “на вітрыне”, варта ставіць нават і вастрэй. Людзі адгукаюцца”, – адзначыў Зміцер Сідаровіч.
“Асабліва мяне ўсцешыў загадчык адзела культуры Любанскага райвыканкаму спадар Васіль Каткавец, які пасля маіх запросін падняўся на сцэну і на чысцютакай беларускай мове сказаў, што такія святы, як і паездкі па Беларусі творчых людзей ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – наш беларускі адказ “гэтаму крызісу, які ўжо ўсім надакучыў,” – паведаміў пры канцы бард.
Сустрэчы са Змітром Сідаровічам ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”