Зьміцер Вайцюшкевіч. Чаму плача “Песьня наша”

“Наша песьня” выглядае хутчэй на складанку сьпеваў розных гадоў і рознай ступені вартасьці, а не на моцны паўнавартасны альбом, які быў бы магутны настолькі, каб сьвядомыя і напаўсьвядомыя слухачы перадавалі яго з флэшкі на флэшку.

Першая думка, якая наведвае пры знаёмстве з новым альбомам Вайцюшкевіча, – памыліўся плэерам. Рэліз адкрывае песьня ансамбля “Неруш” “Мой край”. Мусіць, яна пакліканая прадэманстраваць размах, зь якім выканаўца падышоў да сваёй новай працы – з аркестрам, хорам, дзясяткам музыкаў за сьпінай (не стае яшчэ аркестра МУС на песьні “Красуня-вясна”) ды перапеўкамі лёсавызначальных для самога Зьмітра песень з супольных праектаў у новых аранжыроўках. Задума ясная, задума годная. Канцэпцыя альбому – ня ў тым, каб сабраць найлепшае ад Вайцюшкевіча за 18 гадоў сольнай кар’еры, а ў тым, каб у яго ўвайшлі песьні, якія лучаць беларусаў незалежна ад іх палітычных прыхільнасьцяў, сацыяльнага статусу і статусу “УКантакце”. Тым больш шкада, што ідэя гэтая не ўвасобленая да канца. Атрымалася хутчэй складанка сьпеваў розных гадоў і рознай ступені вартасьці, а не моцны паўнавартасны альбом, які быў бы магутны настолькі, каб сьвядомыя і напаўсьвядомыя слухачы перадавалі яго з флэшкі на флэшку.

Вайцюшкевіч мае ўсё – імя, голас, легенду, харызму, выдатнае адчуваньне музыкі і паэзіі, аўтарытэт у музычных і літаратурных колах, добрую каманду музыкаў – ад выдатнага баяніста Аляксандра Шувалава і гітарыста Алега Івановіча, якія зь ім адпачатку, да цяперашняй жонкі – хормайстра Галіны Казіміроўскай – і супэрпіяніста Косьці Гарачага, які ўпрыгожыў сваімі сола чатыры нумары з гэтага альбому. Але скласьці ўсе гэтыя здольнасьці, уменьні, адчуваньні, заваёвы і бонусы ў адно цэлае артыст не заўжды дае рады – таму па-ранейшаму яго самы цудоўны і бездакорны альбом датуецца 2003 годам. Бяда тут хутчэй за ўсё ў тым, што Вайцюшкевіч задужа шмат на сябе ўзяў – ён і швец, і жнец, хоць ужо на клярнэце і не ігрэц. Ён сам выбірае матэрыял, сам займаецца яго вырашэньнем, сам кампануе рэліз, сам яго прасоўвае і прадусуе. І няма каму сказаць яму, што зь песьняй “Я нарадзіўся тут” так ня робяць. На альбоме “Наша песьня” Зьміцер пазбавіў яе нэрву і проста забіў гэтай разбэрсанай аранжыроўкай. Пазбаўлены велічнасьці і аб’ёму “Магутны Божа”, які тут стаў проста песьняй (каб ня чуць выдатнае выкананьне з праекту “Я нарадзіўся тут”, то можна было б прыняць і гэты варыянт). За харавое выкананьне “Палянэзу” дзякуй, але дзе тут Вайцюшкевіч, гэта ж нібы яго альбом? Не зусім ясны экспэрымэнт са “Сьцягам”, які быў абсалютна бездакорна запісаны ў 2008 годзе – рок-гітара тут мілая, канечне, але не зусім яна да месца, а голасам Вайцюшкевіч, як гэта часта бывае, пераігрывае (асабліва там, дзе ён неахайна так цягне слова “сьцяя-г”). Сьпіс можна доўжыць, бо песьню, якая мае гонар звацца “Жыве Беларусь!”, зусім ня хочацца падхапіць і развучыць, а “Муры” Качмарскага зь нейкага перапуду зробленыя ў стылі эстрадных ВІА 80-х…Пытаньняў няма хіба да выдатнага сьпеву “Я люблю бярозку” на музыку аўтара шэдэўральнай “Ты мне вясною прысьнілася” Юрыя Семянякі і словы Адама Русака, кранальна стылізаваны пад запіс зь вінілавай кружэлкі, новай песьні на Някляева “На дальняй старане” і выдатнага пераасэнсаваньня песьняроўскай “Веранікі”, запісанай для праекту “Re:Песьняры”. Складаўся бы альбом з такіх нумароў – яго можна было б паставіць упоравень зь бездакорнымі “Паравінамі году”.

 

Не, “Наша песьня” – не правал. Гэта добры альбом, дзе кожны знойдзе сабе хоць бы некалькі песень на свой густ. Проста ад такіх артыстаў, як Вайцюшкевіч чакаеш большага. І яны здольныя на гэта. Гэта мог быць спрадусаваны артыстам альбом патрыятычных песень у выкананьні хору. Гэта мог быць альбом  яго найлепшых песень, запісаных разам з аркестрам. Гэта мог быць сапраўды рэтра-альбом у духу эстрады 60-х ці проста дыск новых песень. А выйшла ні тое ні сёе, на жаль.

Ідэя: 5
Выкананьне: 7
Тэксты: 10
Запіс: 9
Аздабленьне: 8

Сяргей Будкін