Зміцер Вайцюшкевіч завяршыў свае травеньскія сольныя канцэрты выступамі ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях 24–26 траўня.
Сольныя выступы прайшлі ў г.Крывошын Ляхавіцкага раёну Берасцейскай вобласці ў мясцовай школе і ў Абласной псіхіятрычнай бальніцы 24 траўня. А ў ДК Забалаць Аршанскага раёну Віцебскай вобласці – 26 траўня.
Зміцер Вайцюшкевіч:
«Паўсюль адна гісторыя. Людзі скардзяцца, што з імі не размаўляюць на беларускай мове. А яны хочуць на мове размаўляць, напрыклад, як Вайцюшкевіч. Хаця я лічу, што ён мовай валодае яшчэ не дасканала. Увогуле, чакаюць паўсюль беларускую песню, засумавалі па ёй. Прыязджаюць да іх з канцэртамі, і што? Мовы няма ні ў народных, ні ў заслужаных беларускіх артыстаў. Няма беларускіх песняў.
Вясковыя дзеці гэтым разам сталі для мяне адкрыццём. Яны настолькі беларусы, што іх ужо ніхто не сапсуе. Уразілі. Беларусь – іх краіна.
Варта выступаць паўсюль. Я вельмі рады магчымасці паездзіць па Беларусі. З людзьмі паўсюль жывая размова. Усміхаюцца і здаровыя, і хворыя ў адзін і той жа момант: усе згодныя, што Беларусь – самая прыгожая краіна ў свеце. Але калі шчыра, то ў беларусаў толькі адна праблема – ім не хапае веры ў сябе».
Выступы адбываліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Тэгі: Аршаны, Ляхаўшчына