Алесь Тодараў задаецца на budzma.by пытаннем: ці можна стаць лепшым усяго за сто дзён. І прыходзіць да высновы, што можна.
Пачнем з элементарнага: многія задаюцца пытанне: а чаму трэба сябе змяняць? Для чаго? Навошта? Адказ на паверхі: таму што нават мінімальнае жаданне нешта змяніць у сваім жыцці азначае насамрэч толькі адно — вы не прымаеце сябе ў дадзены момант.
Парадокс заключаецца ў тым, што мы пачынаем змяняцца натуральна і арганічна толькі тады, калі пачынаем прымаць сябе цалкам, як ёсць: з усёй сваёй трывожнасцю, агрэсіўнасцю, гневам, схільнасцю да зайздрасці і пракрастынацыі. Як толькі перастаем ставіцца да саміх сябе крытычна, пачынаем заганяць свае негатыўныя якасці яшчэ глыбей.
Многія скажуць, што для зменаў патрэбна шмат часу і выдаткаў, якія не ў кожнага ёсць. Але насамрэч гэта не зусім так. Для таго, каб цалкам «перазагрузіць» сябе вам спатрэбіцца крыху болей за тры месяцы — усяго сто дзён. З чаго пачаць?
— Найлепш, канешне, ж узяцца за месца, дзе пражываеш. Пераглядзіце свой гардэроб, старыя часопісы і кнігі, якія больш не уяўляюць для вас ніякай каштоўнасці. А, можа, у вас яшчэ ёсць рэчы з мінулага жыцця, якія болей вам не патрэбныя? Смела нясіце іх на сметнік, або прадайце на тэматычным сайце.
— Зайдзіце ў бліжэйшую кнігарню або шапік БелДруку ды набудзьце сабе сшытак ці нататнік па вашым гусце. Запісвайце туды свае думкі і перажыванні. Зрабіце з яго сапраўдны дзённік вашага жыцця. Пачынайце з кароткіх запісаў літаральна ў пару сказаў, паступова развіваючы іх у цэлыя эсэ. Калі складана пісаць ад рукі, то пастаўце на смартфоне адмысловую праграму, той жа Evernote.
Працуйце над сваім унутраным маналогам, развівайце яго. Нават калі ў вас не атрымаецца весці дзённік, вам у любым разе будзе прыемна потым перачытаць вашыя запісы.
— Прыслухайцеся да парады, якую даюць псіхолагі ўсіх краін і абсалютна розных поглядаў: вазьміце аркуш паперы і выпішыце на яго ад 5 да 10 рэчаў, якія вам падабаюцца ў вашым жыцці. Кожны дзень.
— Выберыце складаную кнігу па сваім гусце ды прачытайце яе. Як варыянт гэта можа быць Біблія, «Капітал» Карла Маркса, поўны збор твораў Фрыдрыха Ніцшэ, працы Зігмунда Фрэйда ці нешта яшчэ. Усё залежыць ад вашага густу і цікаўнасцяў. Галоўнае, каб вы за 100 дзён прачыталі гэтую кнігу ці кнігі.
— Імкніцеся не скардзіцца цягам гэтых ста дзён. Негатыўныя думкі абавязкова прывядуць вас да негатыўных вынікаў. Кожны раз, калі вам захочацца паскардзіцца каму-небудзь, паспрабуйце спыніць сябе і пераключыцца на нешта пазітыўнае.
— Кожны дзень пашырайце свой кругагляд. Цікаўцеся краінамі і мясцовасцямі, дзе вы ніколі не былі, але вельмі хацелі б пабываць. Смела занурайцеся ў гісторыю і літаратуру свайго краю — гэта карысна не толькі для ўмацавання патрыятычных пачуццяў. Кожны вечар пракручвайце ў галаве атрыманыя веды і спрабуйце іх сістэматызаваць. Так прасцей запамінаецца.
— Аптымізуйце свае фінансавыя выдаткі. Цягам ста дзён не набывайце нічога з таго, што не ўляўляе для вас абавязковай неабходнасці. Гаворка, вядома, найперш пра буйныя пакупкі. Выкарыстоўвайце гэтыя грошы для пагашэння крэдытаў (калі яны ў вас ёсць) або проста адкладайце.
— Вызначце для сябе справы з нізкім прыярытэтам і адкладзіце іх да лепшых часоў. Цягам гэтых ста дзён лепей займацца толькі сапраўды важнымі справамі, якія не толькі патрабуюць ад вас сапраўды адказнага падыходу, але і прынясуць вам у перспектыве дывідэнды.
— Цягам гэтых 100 дзён паспрабуйце знайсці крыніцы дадатковага даходу. Рэч у тым, што ў нашым свеце важна не проста хадзіць на працу, рабіць кар’еру або самарэалізоўвацца, але таксама і зарабляць грошы. Гаворка не пра наяўнасць у кішэні паперак або нулікаў на картцы. Дадатковы даход — гэта дадатковыя мажлівасці для вас і вашай сям’і. Не варта жыць ад зарплаты да зарплаты.
— Паспрабуйце цягам гэтых трох месяцаў з хвосцікам наладзіць здаровае харчаванне і сон. Гэта адназначна карысна адаб’ецца на вашым здароўі і самаадчуванні. Ужывайце шмат садавіны і гародніны, пейце чыстую ваду. Адмоўцеся ад фастфуду, развітайцеся са шкоднымі звычкамі.
— Пачніце рэгулярна займацца спортам. Зусім не абавязкова адразу ісці ў трэнажорную залю і спрабаваць зрабіць з сябе сапраўднага спартоўца. Вы можаце выбраць тое, што вам па душы. Фізічныя практыкаванні любога кшталту будуць дысцыплінаваць вас і закаляць ваш характар. Праз пэўны час вы пачнеце нават атрымліваць асалоду ад іх.
— Цягам гэтых ста дзён спрабуйце акцэнтаваць увагу на тым, кім вы хочаце або хацелі стаць. Уяўляйце сабе гэты вобраз. Вы хацелі быць мастаком? А можа быць вядомым пісьменнікам ці інжынерам? Мо, вам хочацца вывучыць асновы праграмавання? Ці стаць знакамітым вандроўнікам?
Мы жывем толькі адзін раз, таму не варта адмаўляцца ад сваіх мараў. Поспеху!
Алесь Тодараў, budzma.by