Яшчэ адзін фрагмент посуду з радавым знакам князя Ізяслава, сына Рагнеды і Уладзіміра, знайшлі на археалагічным комплексе на рацэ Менка 7 ліпеня 2023 года.
Знаходка археолагаў - донца гаршчка з выявай Трызуба. Фота: nasb.gov.by
Археалагічныя даследаванні гарадзішча і селішчаў пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела Інстытута гісторыі Андрэя Вайцяховіча вядуцца на Менцы, з канца траўня.
Першае падобнае адкрыццё, якое ў значнай ступені паўплывала на планы маштабнага вывучэння гісторыка-культурнай каштоўнасці каля в. Гарадзішча Мінскага раёна, зрабілі ў мінулым годзе, адзначаецца на сайце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
«Тады сенсацыя была ў тым, што захаванае донца гаршчка — адзінае падобнае ў Беларусі (цяпер ужо два). Гэта гаршчок, з якога еў сам князь! — пішуць на інстаграм-старонцы сядзібы «Стары Менск». — Ужо тады навукоўцы выказалі меркаванне, што Рагнеду з Ізяславам маглі саслаць не на голае месца ў Заслаўе, а ў Менск. А Заслаўе Ізяслаў заснаваў ужо сам. І вось — другая такая знаходка! Цяпер няма ніякіх сумневаў, што ўжо ў канцы Х стагоддзя Менск быў княскім горадам і меў вельмі высокі статус».
А ўсяго некалькі тыдняў таму на раскопках знайшлі грабенчык з косці, якому 1000 гадоў.
Раскопкі ў Старым Менску. Фота: nasb.gov.by
Нагадаем, што раскопкі ў Старым Менску, на замчышчы і селішчы ХІ стагоддзя, ідуць кожны дзень, уключна з суботай. Археолагі запрашаюць усіх жадаючых прыняць удзел у раскопках Старога Менска.
Як можна далучыцца да раскопак, чытайце па спасылцы.
Глядзіце яшчэ:
Дзе пачынаўся «стары Менск»? Распавядаем у відэапраекце Алеся Краўцэвіча «Гісторыя за 5 хвілін»