На зносе помніка вядомай беларускай паэткі настойвае гродзенская актывістка Вольга Бондарава.
Вольга Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон РБ «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На думку Вольгі Бондаравай, помнік прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў».
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш быў усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве ў 2003 годзе. Актывістка просіць знесці яго «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці».
Устаноўку помніка сапраўды не ўзгаднілі з адміністрацыяй гораду, але на адкрыцці адслужылі паніхіду і помнік атрымаў благаславенне царквы.
На дадзены момант знесці помнік ужо пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.
Нагадаем, у лістападзе 2022 года блогерка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» — і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.