Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра эканамічны прагноз для Беларусі ад заходніх экспертаў.
За мінулы тыдзень адбылося некалькі падзеяў, якія могуць мець ускосны негатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі ўжо ў блізкай перспектыве. Разам з назапашанымі за апошні год праблемамі і структурнымі доўгатэрміновымі адмоўнымі фактарамі, яны могуць выклікаць фатальныя для гаспадаркі падзеі.
Фота: politring.com
Еўрапейскі парламент прыняў рэзаліцыю, у якой між іншым агучаны зварот да выканаўчых органаў ЕС дадаць у санкцыйны спіс беларускія прадпрыемствы, на якія варта накласці чарговыя эканамічныя абмежаванні: «Уключыць дадатковыя сектары, такія як сталь, дрэваапрацоўка і хімічная прамысловасць, дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, такія як „Беларуськалій“».
Нават частка падобных мераў можа істотна ўскладніць працу вялікай колькасці арганізацый, ад якіх залежыць папаўненне бюджэту і падтрыманне залежнай ад знешняй кан’юнктуры эканомікі.
Пра другую немалаважную падзею паведаміла нямецкая прэса. Па інфармацыі выдання Bild, улады ФРГ распачалі расследаванне па факце нелагальнай міграцыі ў іх краіну з Беларусі праз Польшчу і Літву.
Напэўна абыходзіць санкцыі, дзякуючы назапашанаму досведу, мінская камандна-адміністратыўная сістэма больш-менш навучылася, а адказваць на «заклапочанасць ЕС» у сувязі з парушэннем правоў грамадзян Беларусі нават не лічыць патрэбным.
А вось пераадоленне наступстваў пасля расследавання службамі ФРГ можа выявіцца задачай больш складанай.
Менавіта вынікі падобных расследаванняў часцей за ўсё становяцца падставамі для разгляду пытання санкцый з боку Рады бяспекі ААН. А гэта нашмат сур’ёзней. Гэта абавязковыя для выканання абмежаванні для кожнай краіны. Вядома, існуюць схемы абыходу і санкцый Рады, такіх прыкладаў шмат. Але любыя схемы прадугледжваюць дадатковыя выдаткі, якія будуць толькі ўскладняць эканамічнае становішча.
Агенцыя Moddy`s з негатыўным рэйтынгам для эканомікі
Атмасфера пастаяннага пагаршэння знешняга клімату нават на цалкам здаровую гаспадарку можа ўплываць адмоўна.
Гэта ўлічваюць і аналітыкі ў сваіх прагнозах. Аддзел па інвестыцыях агенцыі Moody`s у кастрычніку пагоршыў рэйтынг беларускай эканомікі са стабільнага на негатыўны. Эксперты абгрунтавалі сваё меркаванне: «Негатыўны прагноз адлюстроўвае рызыку таго, што Беларусь можа сутыкнуцца са значна большымі патрабаваннямі па запазычаннях ва ўмовах абмежаваных крыніц фінансавання, з улікам нявызначанага ўплыву ўзмацнення жорсткасці санкцыйных умоў на эканоміку і бюджэт».
Гэта даволі песімістычны погляд. Але вельмі істотныя фактары такога кшталту рэйтынгі не могуць улічваць, бо ў асноўным абапіраюцца на аналіз рынкавых эканамічных паказчыкаў. Напрыклад, факты патраплення ў банкаўскую сістэму Беларусі пазыкавых сродкаў невядомага паходжання.
Альбо неабгрунтаваныя эканамічна крэдыты з боку Расійскай Федэрацыі ў крытычныя моманты для беларускай эканомікі. Што дазваляе на кароткатэрміновы час пазбегнуць магчымых абвалаў, усё больш зацягваючы краіну ў пазыкавую яму.
На кароткім павадку ў Пуціна
Нельга выключаць, што для крамлёўскай сістэмы крэдытаванне каманднага апарату ў Мінску — гэта вырашэнне адразу некалькіх задач.
Фота: dw.com
У першую чаргу, падтрыманне ўзроўню эканамічнага стану, каб не справакаваць беларусаў на выбух знутры. Па-другое, пастаяннае крэдытаванне, магчыма, з’яўляецца інструментам канчатковага закабалення мінскай адміністрацыі і спосабам паставіць яе ў абсалютную залежнасць ад Масквы. Як мяркуе аўтар партала cepa.org, «Пуцін трымае Беларусь на кароткім павадку, абяцаючы чарговыя крэдыты.»
Такім чынам, крамлёўская адміністрацыя можа пагражаць магчымым крызісам і ціснуць на камандны апарат у сталіцы Беларусі. І адначасова выкарыстоўваць фактар краіны-васала з нестабільнай палітычнай і эканамічнай абстаноўкай для гандлю з Захадам.
Як адзначаецца ў аналітычным матэрыяле на сайце Еўрапейскай рады па міжнародных зносінах, нельга выключаць варыянтаў гульні Крамля адразу па некалькіх сцэнарах. І правакацыя захаду на ўвядзенне яшчэ больш жорсткіх санкцый, і адначасова спроба ўплыву на еўрапейцаў з мэтай прыняцця абмежаванняў з магчымасцю іх абысці.
І ў адным, і ў другім выпадку маскоўскі рэжым набліжаецца да сваёй мэты — татальнага падпарадкавання мінскай адміністрацыі.
Пакуль што наша краіна апынулася ў стане абсалютна залежнай ад знешніх фактараў, дзе ўнутраныя працэсы на сённяшні момант не ўплываюць ні на палітыку, ні на эканоміку.
У сітуацыі, калі ў нашым рэгіёне галоўным з’яўляецца права сілы, а не сіла міжнароднага права, чакаць літасці ад знешніх гульцоў не выпадае.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by