Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра справы ў банкаўскай сістэме Беларусі.
Функцыянаванне кожнай банкаўскай сістэмы, хаця б намінальна інтэграванай у глабальныя працэсы (нават ва ўмовах санкцый), патрабуе празрыстасці. Але манетарная адміністрацыя ў Беларусі, здаецца, мае іншыя ўстаноўкі. Таму час ад часу ў СМІ трапляе інфармацыя, якую цяжка растлумачыць з пункту гледжання нармальнай працы банкаўскай сферы. Напрыклад, журналісты infobank.by асовае ўмацаванне беларускай валюты:
«У сістэме банкаў 2-га ўзроўню ў красавіку адбыўся вельмі заўважны скачок абавязкаў перад нерэзідэнтамі — найбольшы з канца 2018 года».
Паводле інфармацыі экспертаў, менавіта гэтыя грошы з рахункаў банкаў былі перанакіраваныя ў Нацбанк, чым і быў абумоўлены рост золатавалютных рэзерваў.
Такім чынам, камандная сістэма па-ранейшаму спрабуе ўтрымаць «свяшчэнны курс», як адзін з галоўных «народных паказнікаў» стабільнасці эканомікі. Не зважаючы на магчымыя наступствы, апарат працягвае тушыць полымя крызісу бензінам — ратуючы стратныя прадпрыемствы за кошт банкаў наяўнымі невядомага паходжання.
Калі пацвердзіцца, што тыя 400 мільёнаў даляраў — чарговыя крэдытныя грошы, гэта будзе не найлепшы вердыкт для ўсёй эканамічнай сістэмы. Пазычаць грошы, каб утрымліваць умоўную «стабільнасць» на валютным рынку альбо дзеля пагашэння мінулых крэдытаў, як гэта робіцца ў Беларусі, — тое самае, што паліць печку папяровымі грашыма. Эфект хуткі, але непрацяглы, і дроваў набыць не будзе за што.
Трэба дадаць, што нават у больш развітых эканоміках «стабільнасць курсу» ў крызісных умовах зусім не з’яўляецца «свяшчэннай каровай», а нават наадварот — інструментам рэгуляцыі стасункаў дзяржавы і бізнесу са знешнім светам.
Як прыклад можна разгледзіць сітуацыю ў Турцыі. Краіне, якая вядзе сапраўдную вайну, пры тым за мінулы год — з некалькімі істотнымі абвастрэннямі, якія патрабавалі значных фінансавых выдаткаў, і гэта на фоне запавольвання эканомікі з прычыны пандэміі, зніжэння экспартных паступленняў.
У такіх сітуацыях любы фінансавы рэгулятар, у тым ліку і ў краіне з падобным на турэцкі фарматам кіравання, пераходзіць на паўрынкавы стыль адносінаў з банкаўскім сектарам. Магчыма, туркі таксама маглі ўтрымліваць курс сваёй валюты. З іх патэнцыялам і аб’ёмамі экспарту гэта было б не вельмі цяжка. Але, імаверна, на думку турэцкіх фінансістаў, гэта адмоўна адбілася б на эканоміцы і становішчы грамадзянаў і кампаніяў у будучыні. Таму, не зважаючы на відавочныя палітычныя страты для кіраўнічай партыі, было прынятае рашэнне не замінаць рынкавым механізмам. І турэцкая ліра за 7 месяцаў 2020 г. страціла 30% ад сваёй вартасці.
Галоўная мэта неўмяшальніцтва ў такія працэсы ва ўмовах ціску на эканоміку з боку фундаментальных абставінаў — захаванне экспартнага патэнцыялу, стабільнасці працы прыватных кампаній, спажывецкага попыту і дабрабыту грамадзянаў.
Пераход на ручное кіраванне ў такім выпадку можа толькі нашкодзіць прыватнаму і банкаўскаму сектарам, што пацягне долу хутчэй за інфляцыю і тэмпы дэвальвацыі і прыбыткі, і заробкі. Туркі дбаюць у першую чаргу пра гэтыя параметры.
Грамадзяне і кампаніі ў Беларусі цалкам паслядоўна рэагуюць на непрадказальныя дзеянні фінансавага апарату. У краіне апошнія месяцы стала змяншаюцца аб’ёмы гандлю і расце недавер да нацыянальнай валюты.
З апублікаваных дадзеных вынікае, што «праз зніжэнне попыту 43,2% лідараў раздробнага гандлю за 3 месяцы 2021 прадэманстравалі страты, а ў 44,6% рэнтабельнасць склала ад 0% да 5%».
Цалкам імаверна, што гандляры пацягнуць за сабой і банкаўскі сектар. Бо запазычанасці гандлёвай сферы па крэдытах за 2021 год выраслі амаль на 8%.
Падобная сітуацыя адбываецца амаль ва ўсіх сектарах эканомікі. Што ўжо адбілася на росце дэфіцыту бюджэту, які дасягнуў рэкорднага паказчыка — 1,8 млрд руб. З інфармацыі Мінфіна можна зрабіць выснову, што разрыў паміж прыбыткамі і выдаткамі бюджэту ў 2021 годзе можа дасягнуць 6 млрд рублёў. У іншай геапалітычнай сітуацыі, магчыма, такія абставіны і не выклікалі б занепакоенасці. Але санкцыі вымушаюць рабіць папраўку на імавернае змяншэнне валютных паступленняў у краіну. Да таго ж назіраецца тэндэнцыя на іх пашырэнне з боку Захаду, выхад на новыя сектары эканомікі.
У такой сітуацыі робіцца відавочна, што частка бюджэтнага перарасходу ляжа на плечы прыватных кампаніяў, банкаў, а значыць, адаб’ецца і на кішэнях шараговых беларусаў.
Аляксей Гайдукевіч, Budzma.by