Цешка Беларускай вайсковай камісіі была знойдзеная ў раёне вёскі Ігарава, адкуль у 2-гі Грозаўскі полк у 1920 годзе падалося 16 сялянаў.
Цешка ўяўляе з сябе кавалачак бронзы – шчыт з Пагоняй у тонкім авале, была знойдзеная адносна нядаўна і цяпер захоўваецца ў прыватнай калекцыі. Ці ёсць на дадзены момант такія артэфакты ў беларускіх дзяржаўных музеях альбо прыватных зборах, невядома.
З літаратуры, таго ж зборніка “Слуцкі збройны чын 1920 года ў дакументах і ўспамінах” 2001 года выдання вынікае, што цешку насілі афіцэры Беларускай вайсковай камісіі. БВК – вайсковая структура БНР, створаная пад патранажам Польшчы. Яе чальцы актыўна падтрымлівалі слуцкіх паўстанцаў, у тым ліку дамаўляліся пра пастаўкі амуніцыі і харчоў з польскага боку. Некаторыя сябры БВК, такія як Андрэй Якубецкі, бралі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях пад Слуцкам.
Падобныя цешкі можна заўважыць на добра вядомых фотаздымках Алеся Гаруна, Макара Касцевіча (Краўцова), Антона Борыка. У першых двух яна месцілася на фуражках. У апошняга, мяркуючы па фота, змешчанага ў пасведчанні БВК, замацаваная на лацкане пінжака цывільнага крою. Цешка магла належыць афіцэрам, шарагоўцы яе не мелі.
Што наконт геаграфіі знаходкі? Паводле збіральніка, знайшлі артэфакт пад вёскай Ігарава, што каля самага Слуцка. Вядома, што 16 сялянаў адтуль змагаліся ў складзе 3-й роты 2-га Грозаўскага палка случчакоў. Лёс тых паўстанцаў быў незайздросны: спачатку, пасля разгрому паўстання, яны адступілі ў Польшчу, але пазней, спадзеючыся на ласку бальшавікоў, пачалі вяртацца.
Саветы ўзяліся за іх не адразу, толькі ў 1930-я: каго расстралялі, каго выслалі далёка ўглыб неабсяжнай імперыі. Сваёй смерцю на Радзіме не памёр амаль ніхто. Затое іхныя дзеці і ўнукі доўгі час памяталі, як колішнія паўстанцы, падымаючы чарку на свята, зацягвалі матыў “беларускай марсельезы” “Ад веку мы спалі…”, – падзеі восені 1920 года не былі для іх пустым гукам.
“Вельмі падобныя з выгляду цешкі ўжо ў міжваенны перыяд выкарыстоўвалі вучні Віленскай гімназіі, – распавядае калекцыянер. – Відавочна, за аснову цешкі гімназістаў была ўзятая акурат азнака БВК. Пры гэтым цалкам неймаверна, каб у міжваенны перыяд, праз мяжу з БССР, нехта з гімназістаў даехаў да Слуцка, ды яшчэ з такой Пагоняй у кішэні. Таму я асабіста адназначна схіляюся да версіі, што знаходка – рэха Слуцкага збройнага чыну 1920 года”.
Наўрад ці калі-небудзь мы даведаемся, каму персанальна належала знойдзеная рэліквія. Ды і ці мае гэта прынцыповае значэнне, калі большасць паўстанцаў так і засталася невядомымі героямі, над магіламі якіх няма крыжоў?.. Сімвалічна, зрэшты, што бліжэй да 100-й гадавіны абвяшчэння БНР ды Слуцкага збройнага чыну зямля пачынае аддаваць рэчы, звязаныя з тымі падзеямі.
Уладальнік артэфакту адно шкадуе, што дагэтуль не існуе ніякага цэльнага каталогу альбо навуковай працы, якая б сабрала прыклады беларускай нацыянальнай вайсковай і цывільнай фалерыстыкі ХХ ст. З гэтай прычыны такія рэчы часцяком губляюцца альбо хібна інтэрпрэтуюцца як прадметы, звязаныя з ВКЛ, царскім часам альбо міжваеннай Літвой.
“З манетамі ВКЛ такі рубікон ужо пройдзены, – разважае калекцыянер. – Яны збольшага каталагізаваныя, таму ў беларускіх калекцыянераў і назіраецца мода на спадчыну часоў Вялікага Княства: тыя, хто раней збіраў “царскую” медзь ды срэбра, пераключыліся на манеты з Пагоняй і партрэтамі Жыгімонта альбо Баторыя. З фалерыстыкай пакуль усё нашмат складаней: прадметы, і без таго рэдкія, цяжка атрыбутаваць без спецыяльнай літаратуры альбо персанальных знаёмстваў са знаўцамі тэмы”.
Пакуль што цешка будзе захоўвацца ў прыватнай калекцыі і стане публічным здабыткам адно ў віртуальным выглядзе. А куды яе можна было б здаць альбо падарыць? Ні музея Слуцкага збройнага чыну, ні спецыялізаваных экспазіцыяў, прысвечаных перыяду БНР, у дзяржмузеях пакуль не існуе.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара