Зробім 2009 год годам Беларусі – разам!
Як дзіўна, што мы жывем у сваёй краіне нібыта ў гасьцях: навокал іншая мова, іншая культура, іншыя рэчы. Мы настолькі звыкліся з гэтым, што амаль не заўважаем. А паміж іншым побач з намі існуе цуда, якое непараўнальна ні з чым – наша родная зямля, бацькаўшчына, карані якой прарастаюць на сьвет праз стагоддзі. Калі я ўпершыню пачаў глыбей унікаць у гэтае пытаньне, шукаць інфармацыю па тэме, падымаць гістарычныя зьвесткі, то падчас гэтага стала расьці ў мяне пачуцьцё, што я дакранаюся да нечага роднага, што было чамусьці скрыта ад мяне. Цяпер жа я адчуваю, нібыта ў мяне з’явіліся карані, якіх раней не было, ды я магу цяпер вырасьці ў магутнае дрэва!
У нас па-ранейшаму дзьве Беларусі: Беларусь афіцыёзу й Беларусь «беларускасьці» — тая, што захоўвае гістарычную памяць ды мову як найвялікшыя каштоўнасьці і як натуральны шлях жыцьця. У першай жа ажыцьцяўляецца ўнікальны праект па стварэньні belarusless Беларусі — «безьбеларускае» Беларусі. Гэткая сабе квазі-краіна, квазі-нацыя. Ані Беларусь, ані Не-Беларусь. Дзе патрыятызм не выклікае болю ад зьнішчэньня — тут, на вачох! — парэшткаў гістарычных помнікаў ці сучасных беларускамоўных асяродкаў. Нацыя, якую нішто не аб’ядноўвае, апроч грамадзянства. Людзі, якім ня рупіць ведаць хто яны, што яны, і адкуль яны, бо яны «тут і цяпер». І калі на мэтафізычным узроўні досьвед пражываньня сябе «тут і цяпер» ёсьць надзвычай каштоўным, то на сацыяльным узроўні гэта выварочваецца абыякавасьцю ды бескаранёвасьцю — «нідзе й ніколі».
І гэта будзе цягнуцца, пакуль мы не пачнём выбіраць іншы шлях адносінаў з сабой, з іншымі, зь зямлёю, з сусьветам. Нашая рэчаіснасьць — плён нашых супольных выбараў, у тым ліку й выбару не працаваць супольна. Залатое правіла жыцьця: зьмяніся сам — і сьвет навокал зьменіцца аўтаматычна. З кожнага пункту «тут і цяпер» ёсьць безьліч кірункаў — на ўсе 360°. І кожны мае ў сабе магчымасьць выбару. Мы абіраем адзін з гэтых 360-ці штоймгненна, абіраючы свой лёс, саміх сабе, краіну, сусьвет. І калі мы лічымся з выбарамі іншых, калі яны нам не абыякавыя, мы можам ствараць супольную рэчаіснасьць.
Раздзіралі цябе па кавалку
Гарапашніца Беларусь.
Беларус нараджаўся – і змалку
Растоптвалі душу на друз.
Каб не ведаў, не цяміў – а хто ж ты?
Блаславіла якая зямля?
І з’явіўся на свет ты навошта,
Каб жывот набіваць ці валляк?
Не, не рохкаць свіннёй ля карыта,
Не ўкрыжоўваць прысуджаны лёс.
Хай тваё нараджэнне – іспыты,
Ды с табою – Хрыстос уваскрос.
Ты ж ствараўся падобным на Бога,
Гэткім ты і з’явіўся на свет.
Дык паўстань! Выпраўляйся ў дарогу!
Небам даны не руш запавет!
/Павел Місько/
Беларусь — наша любоў, наш сьпеў, нашая залатая мроя, наш лёс, наш сьветлы сон. Можна любіць Беларусь у сабе і ў іншых. Можна любіць усіх, каму дарагая Беларусь, такімі, якімі яны ёсьць, незалежна ад поглядаў, перакананьняў, гістарычных ведаў ці абранага правапісу. З простае ідэі палюбіць беларусаў так, як мы любім Беларусь, аўтаматычна вынікне ўзаемапавага, а зь яе — супольная канцэпцыя краіны й дзяржавы. З гэтае плыні ніхто не выплыве сам, і мы ўсе — у адным чоўне. І вельмі добра было б разам веславаць ва ўнісон.
Праект “Наша родная Беларусь”
Нядаўна ў сеціве я сустрэў спасылку на ролік, прысьвечаны году Украіны на Украіне (https://www.youtube.com/watch?v=AFlAzB0uCiA). Пасьля гэтага ўва мне абудзілася жаданьне зрабіць нешта падобнае й пра нашу краіну, яна ж гэтага варта! Як напісаў адзін чалавек у LJ: “Кранае. І адразу думка: от, так бы нашых людзей зачапіць!”.
Для таго, каб стварыць нешта падобнае, трэба, па-першае, дасканала прадумаць сюжэт, і па-другое – назьбіраць дастаткова матэрыялу. Калі ўзяцца разам, то гэта рэальна зрабіць да Новага года. Я мяркую, што гэта стала бы добрым падарункам нашым суайчыньнікам як у Беларусі, так і ў сьвеце. Калі вы адчуваеце ў сябе моц і жаданьне ўзяцца за падобную справу – далучайцеся, й мы зробім яшчэ адзін крок да вольнай, квітнеючай Беларусі – разам!
Пішыце тут, ці на пошту [email protected] – буду рады ўсім адгукнуўшымся.
P.S. Каго любішь? Люблю Беларусь. Дык узаемна!