Гурт «Zui» выпусціў першы беларускамоўны альбом «Arka». «Zui» — гэта Алена Зуй-Вайцяхоўская, вядомая беларусам як выканаўца хіта «Шчучыншчына», і Міхась Зуй — Купалавец і суаўтар ютуб-праекта ЧынЧынЧэнэл.
Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. Фота Вікторыі Адамавай
Над гучаннем альбома «Arka» працаваў гукарэжысёр Віталь Кулеўскі, у супрацы з якім раней з’явіліся альбомы гуртоў «ili-ili», «Дзецідзяцей» і першы альбом «Zui» «Вопрос».
«У сцэнарнай справе ёсць такі тэрмін — арка персанажа. Ён азначае шлях, што прайшоў герой, ягоную трансфармацыю. Так сталася, што некаторыя песні з нашага альбома мы напісалі даўно, у Беларусі. Тады мы былі толькі напачатку тых трансфармацый, што з намі адбыліся. І пра гэта наш альбом — стан чалавека на парозе перамен,» — кажа Міхась.
«Гэты альбом — сувязь з мінулым, гэта тая арка, што спалучае нас цяперашніх з намі, якімі мы былі да эміграцыі і вайны,» — дадае Алена.
У параўнанні з дэбютным альбомам «Вопрос» новы альбом больш змрочны і больш танцавальны. Агрэсіўны біт спалучаецца з пяшчотай спеваў, а настальгічны сінцівэйв — як адгалосак юнацтва — падкрэслівае іранічнасць тэкстаў.
«Напэўна, мы яшчэ не адзін год спявалі б песні выключна сабе пад нос і для сяброў. Але Павел Станкевіч з фундацыі „Tutaka“ прапанаваў зрабіць наш альбом падчас рэзідэнцый Тэатральнага Інстытута імя Збігнева Рашэўскага і Дому Творцаў у Беластоку,» — гаворыць Алена.
Альбом «Arka» ужо дасяжны для праслухоўвання на стрымінгавых платформах:
Вокладку для альбома стварыў беларускі мастак Аляксандр Адамаў.