Прапануй вокладку для кнігі Вінцэся Мудрова! Да 30 студзеня!

Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі” абвяшчаюць конкурс на вокладку да новай кнігі Вінцэся Мудрова “Забойца анёла”.

Вінцэсь Мудроў конкус вокладкі

Вядомы празаік, адзін з найбольш яркіх аўтараў полацкага андэрграўнду 1970-х, падрыхтаваў да выдання новую кнігу “Забойца анёла” – трынаццаць апавяданняў, напісаных цягам апошняга дзесяцігоддзя. Апавяданне, якое дало назву зборніку прозы, расказвае пра незвычайную сустрэчу на беразе Волгі.

…Беларус прыязджае на працу ў глухую вёску на ўзбярэжжы Волгі, і ўсё было б шэра і будзённа, але пра гаспадара хаты ходзяць няўцямныя чуткі. Некалькі гадоў таму, ён вярнуўся з палявання, якое цалкам змяніла ягонае жыццё, ператварыла яго ў пакуту і немарач. На качыным паляванні ён выпадкова забіў свайго анёла…

Як ты ўяўляеш сабе забойцу анёла? Прачытай загалоўнае апавяданне і дашлі сваю працу на конкурс да 30 студзеня 2017 года на адрас sbp@lit-bel.org з пазнакай “Конкурс вокладак” у тэме пісьма!

Фармат вокладкі 84Х108 1/32. Вышыня 20 см, шырыня 13 см.

Іншыя творы з гэтай кнігі (“Палёты праз цэнтр Зямлі”, “Тузік і Кузік”, “Кава апоўначы”) можна прачытаць на сайце часопіса «Дзеяслоў» і ў электронных версіях тыднёвіка “Літаратурная Беларусь”.

Усе ўдзельнікі атрымаюць памятныя падарункі, а твор пераможцы стане вокладкай і здабудзе заахвочвальную прэмію. Першае месца вызначаць шляхам чытацкага галасавання.

Вінцэсь Мудроў (нарадзіўся ў 1953 г.) – празаік, аўтар кніг «Жанчыны ля басейна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005), «Альбом сямейны» (2007), «Багун» (2013), «Албанскае танга» (2016). Лаўрэат прэмій часопіса «Крыніца» і «Залаты апостраф», прызёр Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства вольных літаратараў.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”