«Перашкоды і націскі» Дзмітрыя Плакса

2 чэрвеня ў межах дзён культуры Швецыі ў Беларусі кампанія “Будзьма беларусамі!” прэзентуе праект «Перашкоды і націскі». Стылістычную прыналежнасць праекту кожны вызначыць для сябе сам, калі пачуе, але тое, што вызначэнне гэтае не будзе лёгкім – відавочна ўжо цяпер.

«Перашкоды і націскі» стваралі:

Дзмітры Плакс — тэкст, чытанне
Філіп Чмыр — музыка
Андрэй Жукаў — гукарэжысёр

З Дзмітрыем Плаксам, стваральнікам непаўторных тэкстаў, якія зрабіліся адпраўным пунктам «Перашкодаў і націскаў», мы паразмаўлялі пра праект, інтэрактыўнасць мастацтва і пра тое, чаму інтэрв’ю з пісьменнікамі – няўдзячная справа.

— Вы не адмаўляеце што Вам падабаецца ўвага да сваёй асобы, але яна павінная быць, так бы мовіць, на вашых умовах… На якіх умовах увага да сваёй «каштоўнай» асобы Плаксу падабаецца?

— Прафесійная. Увага не да прыватных абставін, а да працы.

— Раскажыце тады, як узнікла ідэя менавіта такога працягу кнігі “30 тэкстаў”.

— Ідэя не мая. Я люблю выступаць з «Drum Еcstasy» і рабіў гэта таксама і на прэзентацыі гэтай кніжкі, пасля якой шмат хто мне гаварыў, што гэта трэба неяк зафіксаваць. Гэта, так бы мовіць, па пажаданнях працоўных.

— Кажучы пра тэксты ў кніжцы «30 тэкстаў», вы раней казалі, што яны не могуць лічыцца завершанымі творамі, бо вымагаюць нейкага кшталту інтэрактыўнасці. Ці можна лічыць праект з «Drum Еcstasy» тым, што зрабіла гэтыя тэксты завершанымі? Ці ўсё ж гэта толькі звяно?

— Гэта цалкам іншы праект, не аўдыёкніга і не чытанне пад музыку. Да кнігі ён мае апасродкаванае дачыненне.

— Што тады магло б стаць інтэрактыўным працягам ці завяршэннем “30 тэкстаў”?

— Цяпер актыўна развіваецца галіна электроннай кнігі — e-book. Было б цікава зрабіць нешта такое, бо там можна шмат матэрыялу размясціць самым натуральным чынам. Не як дадаткі, а як натуральную частку.

— Як было вырашана назваць праект і чаму?

— Я б назваў яго «Перашкоды і націскі», каб падкрэсліць, што гэта не акампанемент, а ўзаемадзеянне кантрадыкцыйнага характару.

— То бок ён дагэтуль не мае фінальнай назвы?

— Я яшчэ не вырашыў канчаткова, але хутчэй за ўсё так і будзе, то бок — «Перашкоды і націскі» (размова адбывалася два дні таму – заўв. аўтара).

— Што можа стаць перашкодай да ўспрымання праекту публікай і на што Вы б хацелі зрабіць націск, праект гэты анансуючы?

— Такога кшталту рэчы, як мне падаецца, спажываюцца людзьмі, якія маюць схільнасць да “незабаўляльнай”, умоўна кажучы, культуры. У такіх людзей перашкоды для ўспрымання могуць быць прыватнага характару, напрыклад, незадаволенасць націскамі, якія ўжываюцца даволі адвольна. Людзі, якія чакаюць нечага лёгка-прыемнага, думаю, такое і слухаць не будуць, таму ў іх перашкодаў не ўзнікне. А націск я б хацеў зрабіць: а) на падсвядомасць, б) на барабанныя перапонкі. Ці ў адваротным парадку.

— Ці ёсць у Вас адмысловая назва графічнай падачы тэксту, ужытай у кнізе?

— Гэта звычайнае графічнае пісьмо. Графіка важная ў тэкстах канкрэтысцскіх, паэтычных, дый нават газетных. Тут няма нічога новага, акрамя, можа, разбіўкі на галасы, бо я пішу тэксты, якія гучаць, так скажам… Ну, кшталту шматгалосся грузінскага. Некаторыя тэксты маюць два-тры галасы, якія я на пісьме вылучаю памерам шрыфтоў — гучней-цішэй, калі спрошчана трактаваць.

— Як думаеце, магла б такая падача ў, напрыклад, публіцыстыцы даць плён? Больш крануць чытача, падкрэсліць — нават у межах аднаго інтэрв’ю — стан і інтанацыі чалавека?

— Нешта падобнае робіцца ўжо ў сеціве падчас падачы электронных тэкстаў, але там ідуць ад “значнасці”. Я ішоў ад гучання…

— Цяпер праекты на мяжы музыкі і паэзіі набываюць даволі шырокую папулярнасць… Ці будзе для Вас нечаканым поспех праекту? Што для Вас творчы поспех увогуле?

— Я не думаю ў такіх катэгорыях. Мне, шчыра кажучы, не вельмі важна: шырокая папулярнасць, вузкая… Гэта ж не камерцыйны праект, дзе ад папулярнасці залежаць прыбыткі. Поспех, напэўна, калі задавальненне хаця б прыкладна адпавядае колькасці затрачанай энергіі. Не ведаю, я слаба сабе ўяўляю, што такое “поспех” і “папулярнасць” у дачыненні да такога выключна інтымнага праекту.

— У “30 тэкстах” і “Націсках” задавальненне з энергастратамі супала?

— У «30 тэкстах» — не, у гукавым праекце — трохі больш, але гэта збольшага заслуга Філа, а не мая. І Жукава, канечне. Мая заслуга ў тым, што мне, мяркуючы па выніку, удалося “завесці” іх на творчую працу.

— Пра што Вас ніколі не пыталі ў інтэрв’ю і пра што б Вам вельмі хацелася сказаць? Вось хацелася — але ніхто дагэтуль чамусь не спытаў. І як чалавека, і як пісьменніка.

— Хм. Я не памятаю ўсіх маіх інтэрв’ю, але мне, як правіла, не хапае размоваў менавіта на мастацкія тэмы, тэарэтычныя. Не “што, уласна кажучы, аўтар хацеў сказаць гэтым сваім самым мастацкім творам”, а адкуль бярэцца мова, што яна такое, як спалучаецца з іншымі з’явамі жыцця. Што можна і што нельга перадаць гукам, знакам, які шлях ад вобразатвору да сэнсу і назад, ну і гэтак далей. Пра гэта я і расказваю па меры сілаў у тым, што раблю.

— Вельмі часта інтэрв’ю з пісьменнікам — вялізны тэкст на тэмы, якія ідуць, скажам так, побач з мастаком…

— Так, лічыцца, што цікава тое, што побач, бо тое, чым я, напрыклад, займаюся, лічыцца заскладаным для неспецыялістаў. З іншага боку, гэта зразумела, бо аналіз, глыбокая размова патрабуюць іншага часу і іншага фармату, чым інтэрв’ю. Нават, напэўна, іншага форуму. Інтэрв’ю ж звычайна робяцца з нагоды, як і цяпер вось гэтае. Выйсце, напэўна, у кнігах, кшталту тых, што піша Волкаў, але я не Бродскі (смяецца).

— Калі б Вы былі б спартоўцам, то ў якім відзе спаборніцтваў?

— Я ўжо быў спартоўцам, спаборніцтваў не люблю і калектыўных відаў спорту не разумею. Двубой. З сабой ці з супраціўнікам — гэта спорт для мяне…

…Чым скончыўся двубой пісьменніка Дзмітрыя Плакса і музыканта Філіпа Чмыра, можна будзе пачуць 2 чэрвеня на філфаку БДУ ў межах Дзён Швецыі ў Беларусі ці спампаваць на сайце www.budzma.org у бліжэйшы час.

Алесь Плотка, фота – Maria Söderberg