Песню на верш Анатоля Сыса праспяваў Карл Фрыерсан з De Phazz (аўдыё)

27.10.2014 Музыка

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і партал Tuzin.fm прадстаўляюць працяг сумеснага праекта “Перазагрузка” , гэтым разам ужо глабальная (“Global Reload”), у межах якога вядомыя замежныя артысты выканаюць песні на вершы беларускіх паэтаў. Распачынае праект Карл Фрыерсан з гурта De Phazz з песняй «I will go to where I came» на верш Анатоля Сыса, якому 26 кастрычніка споўнілася б 55 гадоў.

Спецыяльна для праекта «Global Reload» верш Анатоля Сыса «Пайду туды, адкуль прыйшоў» на ангельскую мову пераклаў беларускі літаратар і перакладчык Віталь Воранаў. Музыку да кампазіцыі напісаў вядучы джазавы музыка Павел Аракелян. Верш увайшоў у два прыжыццёвыя зборнікі Анатоля Сыса – «Пан Лес» (1989) і «Сыс» (2002).

Амерыканец Карл Фрыерсан атрымаў шырокую вядомасць як вакаліст нямецкага гурта De Phazz, а таксама дзякуючы сваім сольным працам, якія цэняцца па ўсім свеце за дасканалае адчуванне стылю, вытанчанасць і густоўныя аранжыроўкі. Ён жаданы госць на міжнародных джазавых фэстах і аднолькава выдатна пачуваецца як у чыстым джазе, так і ў трып-хопе, дыска ды іншых кірунках. Калі ў Карла пытаеш, якому з музычных жанраў ён сам аддае перавагу, ён мае гатовы адказ: «Жыццю, бо мая музыка гэта дакументацыя момантаў майго жыцця».

Карл вельмі шануе паэзію, а сваім улюбёным вершам яшчэ з чацвёртага класа называе «The Road Not Taken» (1920) Роберта Фроста. Музыку прыйшлася даспадобы ідэя праекта «Global Reload» – узняць прэстыж беларускай культуры і паэзіі ў міжнародным кантэксце. Да песні «I will go to where I came» Карл Фрыерсан зрабіў шыкоўную аранжыроўку:

«Верш Анатоля Сыса – гэта сапраўдная экспрэсія, якая ідзе ад самага сэрца. Я не рэлігійны чалавек, але адухоўлены. І я адчуваю моцную духоўную сувязь з гэтым беларускім паэтам», – дзеліцца ўражаннямі музыка.

«Global Reload – Глабальная перазагрузка» – трэцяя частка доўгатэрміновага сумеснага праекта культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала Tuzin.fm, скіраванага на ўзняцце прэстыжу беларускай культуры. У першай частцы «Тузін.Перазагрузка» вядомыя айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы праспявалі свае самыя папулярныя песні на беларускай мове. У «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» ужо замежныя зоркі заспявалі свае хіты па-беларуску. Далей – болей! У “Глабальнай перазагрузцы” мы пачуем, як беларуская паэзія загучыць на мовах свету.

 

Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч, budzma.org

 

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы прэм’еры Алегу Ціханаву, Мікалаю Маторыну, Дзмітрыю Шапялевічу, Паўлу Аракеляну, Віталю Воранаву.

 

Карл Фрыерсан (Karl Frierson) – I will go to where i came (lirics Anatol Sys)

 

I will go to where I came from

Beyond the earth beyond the time

I here found an empty form

Though emptied chalice which was mine

 

I wish I could have shared it

With you my friend or with a thug

With those who didn’t have a sip

Or those who didn’t have enough

 

I wonder what my real fault is

The fault of stupid destination?

Life is a string of great deceits

And death’s my only revelation