Марыя Грыц піша пра тое, як Каляды пранікаюць у наша жыццё, нягледзячы на стомленасць і адсутнасць якога-кольвек каляднага настрою.

Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
У дарослым узросце Каляды для мяне сталі значна больш сімвалічнымі святамі, чым у дзяцінстве. Гэта ўжо не пра колькасць падарункаў і не пра застоллі, а пра традыцыі, памяць і прыгоды, якія сам сабе прыдумляеш — часам насуперак уласнай стомленасці.
Летась, напрыклад, я калядавала амаль паўтара месяца. У розных краінах і рэгіёнах. Нават пасля Вадохрышча яшчэ паказвала батлейку, хаця па ўсіх канонах ужо варта было б рыхтавацца пячы бліны на Масленіцу. Але што зробіш — калі ўвайшло, то ўвайшло.
Калядаванне — гэта мае карані. Я хадзіла з зоркай і па Менску, і па беларускіх вёсках, і па Кіеве, Капенгагене, Варшаве, Беластоку... Але сёлета моцы на такі ж фестываль у мяне не хапіла. І падавалася, што гэтым разам Каляды абыдуцца без мяне. Але аказалася, што яны так проста не адпускаюць.
Першы раз сардэчка тарганулася, калі новы сябра напісаў: маўляў, ці плануе хто калядаваць па горадзе, каб далучыцца ці запрасіць. Я падыхала, супакоілася і адказала вельмі ўпэўненае, жалезабетоннае: «Напэўна, не».
А другі раз напісала Ілона Карпюк — намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры — з прапановай зрабіць калядную вечарыну ў беларускім хабе «Новая зямля» ў Беластоку. І вось тут я ўжо не стрымалася. Напіхала ў праграму ўсё сваё любімае: пляценне пацерак, народныя гульні і, вядома ж, батлейку.

Шчыра скажу: да хабу я ледзь давалаклася. А потым нешта ўнутры пераключылася, і я разышлася так, што сама ад усяго гэтага неймаверна кайфанула. І вось цяпер думаю: а можа, на праваслаўнае Раство і зорку з маскамі дастану...
На Новы год у нас нейкіх асаблівых традыцый так і не з’явілася — акрамя гастранамічных. Тут у нас стабільнасць. Мая мама робіць такі халадзец, што яго варта ўключыць у спіс нацыянальных беларускіх каштоўнасцяў. Талерку з ім можна смела прыносіць у якасці падарунка.
І вось настаў мой час варыць гэты легендарны халадзец. Мама дала ўсе інструкцыі і спіс неабходнага: свіныя ногі, язык, вушы, ялавічына і іншыя дэталі. Па ўсё гэта я паехала ў «Ашан», бо крама вялікая і шанец купіць усё за раз там значна вышэйшы. Па дарозе заўважыла, што некаторыя каталікі ўжо выкідваюць ялінкі ў кадках — іхнае Раство ж мінула. Думаю: о, трэба б яшчэ рыдлёўку купіць і пазакапваць тыя ялінкі. А ў «Ашане», між іншым, і садовы аддзел ёсць.
Складана апісаць твар касіркі, калі на стужцы перад ёй апынуліся розныя часткі свінні і... рыдлёўка. Яна тактоўна нічога не спытала, але было відаць: уражаная.
Так што на Новы год галоўнае ўсё ж такі стол. Запяку карпа, навару халадца і будзе, як дома.
Можна было б на гэтым і скончыць, але сёння прыйшла прапанова на першыя выходныя везці батлейку на «Белсат» — распавядаць пра беларускія калядныя традыцыі. Ну як ад такога адмовіцца?
І вось, са спазненнем калядны настрой усё мацней пранікае ў маё жыццё. Бо яно ж так і працуе: пачынаеш з нечага дробнага, потым бярэшся за наступнае, а потым пра цябе пішуць у газеце, што ты з ялінкі віншавала ўсіх добрых людзей з Новым годам і новым Сонцам.
Шчыра зычу вам у новым годзе толькі прыемных турбот. І каб поруч заўсёды былі надзейныя людзі.
А Каляды — яны вас самі знойдуць, нават калі вы крыху стомленыя.
Марыя Грыц, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org