Замалёўка – эсэй.
У горадзе Маладэчна на сцяне шматпавярховага дома вісіць фатаздымак помніка Міхалу Клеафасу Агінскаму, а ўнізе зроблены дасціпны надпіс: “Нам есть чем гордиться». Бог з ёй, з арфаграфіяй! І не такое ў школах бачылі….
Пытанне ў іншым: чаму “чым”, а не “кім”?
Калі дапусіць, што “ганарыцца” азначае “атаесамляць” сябе з кімсьці і на гэтым будаваць сваю ідэнтычнасць як нацыі, то для беларускага народа, каб звацца “беларусамі”, не блага было б атаесамляць сябе, напрыклад, з Агінскім і на гэтым будаваць сваю тоеснасць. А калі за аснову ідэнтычнасці прапаноўваецца ўзяць невядома што: ці то ганарыцца подзвігам улады, якая дала грошы на помнік, ці то майстэрствам выканання помніка (які я, дарэчы, успрыняла ззаду як постаць дзяўчыны, чым выклікала працяглы смех маіх сяброў), ці то багатай спадчынай Агінскага, – знікае сама постаць Агінскага, як быццам яе ніколі і не існавала.
Рэчаіснасць вымагае да таго, што быць беларусам – гэта не значыцца быць чалавекам. Больш цэняцца твае ўчынкі, а не ты сам.
Як распавядала адна кіраўнічка дабрачыннай грамадскай арганізацыі: “Робіш-робіш, а ўсё роўна з табой размаўляюць як з г…..”.
Быць беларусам – гэта не значыцца размаўляць па-беларуску.
Беларуская мова набыла статус сакральнасці, і гэтай самай якасцю надзяляе кожнага, хто на ёй размяўляе на вачох іншых.
Часам можна пачуць: “Ён жа ж харошы, бо размаяўляе па-беларуску”, “Вы напэўна веруючая, бо мае знаёмыя пратэстанты размаўляюць па-беларуску”. Аднак ніхто не ўспрымае як аргумент, тое, што я беларуска і таму люблю родную мову. Усе ўсміхаюцца.
Быць беларусам – гэта значыцца жыць на гэтай зямлі і атрымоўваць ад гэтага асалоду, нават калі вакол усё не так, як табе хочацца.
Для мяне асабіста гэта вандроўкі па Беларусі, агляд помнікаў архітэктуры, размовы з мясцовымі аб далейшых перспектывах і супольная праца і ўзаемадапамога. Вяршыня гэтага шчасця – калі ты сапраўды можаш дапамагчы людзям і помнікам, і ім гэта ў сваю чаргу вельмі патрэбна.