У выдавецтве «Колоград» выйшаў з друку першы акадэмічны «Кітайска-беларускі слоўнік», распрацаваны сумесна Інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і Інстытутам мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, піша bellit.info.

Амаль тысячастаронкавы «Кітайска-беларускі слоўнік» змяшчае больш за 30 тысяч слоў і фразеалагічных выразаў сучаснай кітайскай мовы з адпаведнікамі на беларускай мове. У слоўніку пададзеная агульнаўжывальная, размоўная, састарэлая лексіка, навуковыя, тэхнічныя, медыцынскія і грамадска-палітычныя тэрміны.
Выданне ўключае транскрыпцыйную табліцу для перадачы кітайскіх складоў на беларускую мову. Яна распрацавана на аснове кітайскага фанетычнага алфавіту (піньінь) і прынцыпаў перадачы кітайскіх складоў з дапамогай Міжнароднага фанетычнага алфавіту з улікам сістэм транскрыпцыі ў іншых мовах з выкарыстаннем кірыліцы. Актуальнасць зацвярджэння табліцы ў якасці нормы абумоўлена неабходнасцю ўніфікацыі пераносу кітайскіх імёнаў уласных на беларускую мову ў інфармацыйнай прасторы, у тым ліку ў адукацыйнай, перакладчыцкай, медыйнай і выдавецкай дзейнасці. Гэта мае забяспечыць узгодненасць і аднастайнасць у выкарыстанні кітайскіх імёнаў, тэрмінаў і іншых лексічных адзінак у афіцыйных дакументах, навуковых працах, СМІ і іншых галінах.

Уклалі слоўнік М.А. Баравік, Я.В. Волкава, І.Л. Капылоў, У.А. Кошчанка, М.В. Яромка.
Пра падрабязнасці наконт набыцця слоўніка можна даведацца па тэл. (017) 259-73-11 (Юлія Мікалаеўна).