“Купальскае Кола” – адзін з нешматлікiх беларускіх фестываляў, якія насамрэч ведае і чакае кожны прыхільнік роднай культуры. Фестываль прысвечаны старадаўняму народнаму святу – Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворчыя сілы зямлі.
У 2017 годзе фестываль «Купальскае Кола» святкуе сваё дзесяцігоддзе. Першы фэст адбыўся ў 2007 годзе. За сваю дзесяцігадовую гісторыю фестываль ператварыўся з клубнага канцэрта ў маштабны open-air фэст, які штогод збірае тысячы наведвальнікаў. Новае, зручнае месца побач з Менскам, камфортная лагiстыка і насычаная музычная праграма ад беларускіх і замежных калектываў розных стылявых напрамкаў дазволяць гасцям мерапрыемства акунуцца ў незвычайную атмасферу музычнага купальскага свята.
Месцам правядзення фестываля «Купальскае Кола 2017» стане адзін з самых маляўнічых турыстычных комплексаў Беларусі – «Дукорскі маёнтак». Фестываль пройдзе на тэрыторыі старадаўняй панскай сядзібы, у гістарычным месцы з масай незвычайных забаў для турыстаў: уязная брама XIX стагоддзя, карчма, бровар, рамесныя майстэрні, дзіцячая «Паляна казак» з «гаваркімі» альтанкамі, невялікі заапарк і вяровачны гарадок. Дадатковым і, мабыць, самым цікавым атракцыёнам фестываля стане знакаміты перакулены дом!
Усяго 30 км ад Мінска, камфортная лагістыка, некалькі маршрутаў грамадскага транспарту – дабрацца ў «Дукорскі маёнтак» будзе зручна кожнаму! Для наведвальнікаў, якія пажадаюць застацца на фестывалі на 2 дні, прапануецца намётавы летнiк, а таксама гасцявыя домікі.
Сёння “Купальскае Кола” можна разглядаць не толькі як фестываль, які збірае на адной сцэне музычных монстраў з “першага дывізіёна” беларускай сцэны, але і як пляцоўку для станаўлення і папулярызацыі менш шырока вядомых айчынных гуртоў. Акрамя гэтага, штогод да ўдзелу ў фестывалі далучаецца ўсё больш выбітных замежных калектываў разнастайных напрамкаў, а таму мерапрыемства набывае сапраўды інтэрнацыянальны характар і прэтэндуе на фармат буйнога міжнароднага фестываля. У 2017 годзе на сцэне фестываля «Купальскае Кола» выступяць гурты Нейромонах Феофан (Расія), Аркона (Расія), Тролль Гнет Ель (Расія), Тiнь Сонця (Украіна), Go_A (Украіна), Gods Tower (Беларусь), Znich (Беларусь) і многія іншыя.
Паводле рэйтынгу незалежнай супольнасці арганізатараў фестываляў Беларусі, у мінулым годзе фестываль «Купальскае Кола» заняў 1-е месца сярод open-air фестываляў другой паловы 2016 года, абыйдучы па папулярнасці ў публікі нават маштабныя «ЛидБир» і «Рок за Бобров»! Нагадаем, што ў 2016 годзе фестываль праходзіў на працягу 2-х дзён у загарадным комплексе “Камарова” з удзелам зорак беларускай і замежнай фолк і метал сцэны, такіх як Тролль Гнёт Ель, Krusher, Gods Tower, Стары Ольса і інш. Фестываль наведалі мноства гасцей з Беларусі і краін бліжняга замежжа (Расія, Украіна, Польшча).
У 2017 годзе ў межах open-air фестываля «Купальскае Кола» у комплексе «Дукорскі маёнтак» гасцей і ўдзельнікаў традыцыйна будзе чакаць маса атракцыйных пляцовак:
- Канцэртная пляцоўка. Музычныя калектывы электроннага, фолк, рок і метал кірункаў. Жывы гук.
- Горад майстроў – рамесныя майстэрні: кузня, ганчарная майстэрня, саломапляценне, абрадавая лялька, ткацтва і г.д.
- Кірмаш: вырабы традыцыйных рамесных майстэрняў ручной працы, посуд, адзенне, упрыгожванні, вырабы з лёну і г.д.
- Актыўная пляцоўка: футбол, валейбол, вяровачны гарадок, правядзенне традыцыйных купальскіх гульняў.
- Этна-пляцоўка: аднаўленне традыцыйных абрадаў святкавання Купалля, варожбы, пляценне і запуск вянкоў па вадзе, купальскія вогнішчы і г.д.
- Карчма: стравы традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя майстар-класы
- Дзіцячая пляцоўка «Паляна казак» з актыўнай пляцоўкай
- Экскурсія ў «перакулены дом»
Квіткі на фэст «Купальскае Кола» можна будзе набыць у папярэднім продажы або па месцы. Звяртаем вашу ўвагу, што на гэты раз, з улікам працяглай музычнай праграмы з суботы на нядзелю, мы прапануем адзіны квіток на два дні.
Першыя 100 квіткоў – 30 бел. руб. (прома-кошт)
Астатнія квіткі папярэдне – 35 бел. руб.
Кошт квітка ў дзень фестываля – 40 бел. руб.
Для гасцей фестываля з замежных краін прапануецца прыемны падарунак – зніжка 50% на ўваходны квіток пры набыцці ў дзень мерапрыемства!
Таксама дзейнічае спецыяльная цэнавая прапанова для калектыўных заявак на набыццё квіткоў ад арганізацыяў – «Купальскі Офіс»!
Больш падрабязная інфармацыя і навіны фестываля «Купальскае Кола 2017» тут:
https://vk.com/kupalskaje_kola