Адкрыццё персанальнай выставы беларускай мастачкі па тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай «Колер 2013»

16.10.2013 17:00 - 19:00 Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) Бясплатнае

Адкрыццё персанальнай выставы беларускай мастачкі па тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай «Колер 2013»

16 кастрычніка 2013 г. а 17 гадзіне ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі беларускай мастачкі па тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай «Колер 2013».

Сучасны беларускі габелен спалучае ў сябе нацыянальную традыцыю і досвед айчыннай і сусветнай культуры. Экспазіцыя выстаўкі Маргарыты Шчамялёвай «Колер 2013» наглядна дэманструе гэтую сувязь: традыцый народнага ткацтва і сучасных тэндэнцый.

Маргарыта Шчамялёва працуе ў аўтарскай тэхніцы ручнога ткацтва. Мастачка шмат эксперыментуе з формай, колерам, фактурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы. Асаблівасцю тэхнікі выканання ручнога беленавага ткацтва з’яўляецца шчыльнае ўкрыванне ніцямі утка ніцей асновы, што надае фарбам габелена каларыстычную насычанасць. Колер і каларыт з’яўляюцца асноўным сродкам выказвання аўтара, а таксама актыўным элементам уздзеяння на гледача.

Габелены Шчамялёвай ствараюць пластычнае асяроддзе, правакуюць асацыятыўнае мысленне, здольныя нараждаць безліч наратываў. Так, працы аўтара падпарадкоўваюцца ўжо не толькі правілам жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але таксама становяцца часткай трактоўкі экспазіцыйнай прасторы.

Маргарыта Шчамялёва

У 1971 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава.

У 1978 годзе скончыла Беларускі дзяржаўна тэатральна-мастацкі інтстытут.

З 1981 года – выкладчык выяўленчага мастацтва. З 1995 года працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

З’яўляецца сталым членам журы па адборы твораў выяўленчага мастацтва ўдзельнікаў народных студый горада Мінска.

З 2003 года з’яўляецца членам журы адкрытага міжнароднага фестывалю юных мадэльераў «Блакітная пралеска».

Штогод з 2005 года праводзіць семінар шпалер на базе Мінскага палаца дзяцей і моладзі для кіраўнікоў народных студый г. Мінска.

Член журы на пацверджанне званняў народных калектываў фестываляў «Сузор’е» 2009-2010 гг.

Выстаўкі
2000 – выстаўка выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінск;

2002  – выстаўка «З думай аб Радзiме». Рэспубліканская мастацкая галерэя ГА «Беларускі саюз мастакоў», Мінск;

2003  – выстаўка «Жанчыны-мастачкі». Мінск;

2003 – габелен «Маці і сын» ў галерэі «Мастацтва», Мінск;

2004 – выстаўка «Майстар i яго вучнi». Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Масленнікава, Магілёў;

2005 – выстаўка «Колеры часу – колеры лёсу». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны, Мінск;

2006 – персанальная выстаўка ў галерэі фальварка «Добрыя мыслі». Мінск;

2006  – персанальная выстаўка ў галерэі «Славутыя майстры», Мінск;

2007 – «Жаночая выстаўка». Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны, Мінск;

2009 – выстаўка студэнтаў і выкладчыкаў кафедры касцюма і тэкстылю. Галерэя Мінскага палаца дзяцей і моладзі;

2009 – выстаўка «Кветкавы рай 3». Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Мінск.

Выстаўка працягнецца па 2 лістапада 2013 года.


Вам можа быць цікава

Выстава абярэгаў у Мінску

11.08.2026 10:00 - 30.08.2026 18:00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Лекцыя «Вілейска-маладзечанскі строй» у Мінску

27.08.2026 (19:00 - 21:00) Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)

Vulitsa Ezha ў Мінску

29.08.2026 12:00 - 30.08.2026 22:00 батанічны сад (вул. Сурганава, 2В)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ