Пры канцы дужа складанага году так хочацца разняволіцца і падумаць: пра тое, што было, пра тое, чаго не адбылося (а так праглася!), шырока ўздыхнуць ды і ўпырхнуць у свет мрояў далёка-далёка… З 11 да 19 снежня Галерэя “Ў” дасць вам магчымасць памарыць аб бязмежных абсягах мора і занурыцца ў глыбокія воды сваіх і чужых фантазіяў.
Почасту мы аддаемся ўладзе побыту. Людзі і рэчы, ежа і напоі робяцца часткай руціны. Гісторыі, водары, колеры перастаюць хоць нешта значыць. Усё гэта трывожны стан сучаснасці. Шмат якія прадметы, поўныя дзівосных гісторыяў і сімвалічных значэнняў, трацяць сваю важнасць і знікаюць для чалавека. Так адбылося з цяльняшкай, прадметам колісь знакавым, напоўненым гісторыямі, які сёння ператварыўся проста ў модную саколку з палоскамі, пазбаўленую ўсякай адметнасці.
Колісь сапраўдная цяльняшка складалася не толькі з палосак, але таксама з процьмы міфаў і гісторый. Якім бы марак мараком не быў – вайсковым, рыбаром, купцом – усё роўна ён ведае больш, чым мы, якія гібеюць на сушы, нават калі нічога, акрамя порта ён у сваім жыцці не бачыў. Кожная ягоная карабельная выправа ў новыя краі поўнілася безліччу міфаў і казак, якія яму распавядалі старэйшыя таварышы, а пасля ўпрыгожваліся ўласнымі дэталямі. Гісторыі аб портавых корчмах, прастытутках, злачных мясцінах, у якія час ад часу выпадала выбрацца камусьці з каманды. І цяльняшка, якая выпадкова трапляла нам у рукі, часцей за ўсё “брыняла” гэтым апавядальным водарам: з прыгодамі, з дзірамі, якія выдаюцца за кулявыя раненні, з вымысленнай героікай разадранага рукава, з заморскімі гісторыямі кахання.
За цяперашнім светам, калі шмат чаго стала руцінным, хочацца, каб у вобразе цяльняшкі зноў паўстала спантаннасць. Каб чалавек, які ўзяў гэтую вопратку ў рукі, знянацу адчуў дух прыгодаў. Прыгоды – гэта ж неабавязкова рызыка, не абавязкова доўгае блуканне, але ж гэта, без сумневаў, эмоцыі, вялікая колькасць разнастайных перажыванняў. Яны могуць быць ад чаго хаця: ад здарэння, ад убачанай красуні або ад глытка дагэтуль невядомага віна. І зусім неабавязкова, што яно нейкае фантастычнае на смак, але можа выявіцца, што проста чалавек, які паставіў яго на стол – варты захаплення і зацікаўлення.
Як жа вярнуць цяльняшках гісторыі? Мінскія мастакі, музыкі і фатографы розных пакаленняў узяліся за працэс свтарэння новых цяльняшах, з новымі гісторыямі. На выставе вы ўбачыце аўтарскія варыяцыі. Але ж як будуць малявацца палоскі, якой яны будуць шырыні, ці роўныя, з хвалямі – пакуль што пра гэта ведаюць толькі аўтары.
Цягам усяго выставачнага праекту вас чакае насычаная праграма: фэст аўтарсай песні “Піраты Мінскага мора”, імпрэзы, майстар-класы, паэтычныя чытанні, гульня “Марскі бой” ды іншыя забаўкі.
Працоўная група праекта: Ігар Корзун, Сафія Садоўская, Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Вольга Мжэльская.
Адкрыццё 11 снежня, а 19-й гадзіне
Уваход вольны, але з абавязковым пільнаваннем марскога дрэс-коду на адкрыцці.
Галерэя “Ў” выказвае ўдзячнасць Кнігарні ЛогвінаЎ за дапамогу ў падрыхтоўцы тэкста да выставы.