Адкрыццё выставачнага праекта “Tour de Беларусь. Этап: Мінск-Полацк-Мінск”

11.11.2015 17:00 - 19:00 Палац мастацтва (вул. Казлова, 3) Бясплатнае

11 лістапада 2015 года а 17-ай гадзіне ў  Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Tour de Беларусь. Этап: Мінск-Полацк-Мінск”, на якім будуць экспанавацца творы станковай, кніжнай, камп’ютарнай графікі, а таксама жывапіс, скульптура і арт-аб’екты, створаныя  членамі секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў за апошні год.

Праект “Tour de Беларусь” стартаваў у 2014 годзе выставай “Tour de Беларусь. Пралог”. Выстава стала своеасаблівай кропкай адліку вялікага падарожжа, падзеленага на пэўную колькасць этапаў, якія павінны быць пераадолены, пераасэнсаваны і, у канчатковым выніку, з дапамогай творчага пошуку і эксперыменту, выліцца ў стварэнне мастацкіх твораў, якія ўвабралі б у сабе  ўвесь эмацыянальны і інтэлектуальны досвед, набыты падчас ваяжу.

У 2015 годзе творчай задачай удзельнікаў праекта стала падарожжа ў Полацк, адзін з найстаражытнейшых гарадоў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім усходнеславянскім рэгіёне. Першыя згадкі пра Полацк у “Аповесці мінулых гадоў” датуюцца 862 годам. З гэтым горадам непарыўна звязаны імёны Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага і многіх іншых славутых дзеячаў, вядомых ва ўсім свеце.

Натхнёныя куратарам праекта “Tour de Беларусь” старшынёй секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Уладзімірам Савічам, мастацкая супольнасць выправілася ў тур, даўжынёй у пяцьсот кіламетраў. Падарожнiцкi досвед дапамагае пераадольваць не толькі паралелi i мерыдыяны, але дае таксама магчымасць нібы тэлепартавацца ў іншую эпоху і, такім чынам, атрымаць уладу над часам і прасторай. Менавіта, эвентуальнасць набыцця экзістэнцыянальнага вопыту судакранання з матэрыялізаваным гістарычным мінулым, зафіксаваным у шэдэўрах полацкага дойлідства і падштурхнула куратара праекта скіраваць маршрут у горад на рацэ Палаце. 3 Полацкам звязана ўзнікненне на Беларусі манументальнай архітэктуры. Тут у сярэдзіне адзінаццатага стагоддзя пабудаваны першы беларускі мураваны храм – Сафійскі сабор. Ужо ў дванаццатым стагоддзі сфарміравалася самастойная Полацкая школа дойлідства, якая склалася на аснове творчай перапрацоўкі антычнай архітэктуры Візантыі, атрымала выразныя нацыянальныя рысы і мела адметны почырк.

“Экскурс у гісторыю – гэта не модны дадатак, гэта паўнакроўная, напоўненая сэнсам, частка творчасці, якая не проста візуалізуе  перажыванне, а з’яўляецца пасланнем, якое нясе ў сабе філасофскую глыбіню. Праца над такім  творам – шматэтапная дзея, якая звычайна застаецца “за кадрам”, – адзначае Уладзімір Савіч. – Праект  ставiць за мэту пашырыць межы ўспрымання вiзуальных мастацтваў ад непасрэдна самога твора да Прыгоды, што адбылася падчас яго стварэння, а таксама  прыцягнуць увагу да асобы мастака і яго светаўспрымання, якое з’яўляецца сiнтэзам перажыванняў i падзей з уласнага жыцця з падзеямi гicтарычнымi i мiфалагiчнымi”.

 

Выстава будзе працаваць з 11 па 22 лістапада 2015 года. Мы працуем: 11.00 – 19.00 штодзень, акрамя панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

 

З інфармацыяй пра мінулыя, дзейныя і запланаваныя выставы можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза мастакоў www.belartunion.by


Вам можа быць цікава

Выстава Таццяны Маліноўскай-Рыбак «Жыццё шукаць у колеры» ў Мінску

17.09.2025 19:00 - 14.10.2025 19:00 «Грузінскі дом» (вул. Куйбышава, 48)

«Ляпіс Трубяцкі» ў Варшаве

19.09.2025 (20:00 - 22:00) Proxima (Żwirki i Wigury 99A)

NAVIBAND у Катавіцах

28.09.2025 (20:00 - 22:00) Piąty Dom (Jana Matejki 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ