Працягваем нашыя спробы разбурэння міфа аб тым, што беларуская літаратура — рэч спрэс нецікавая. І ў ёй зусім няма таго, што можа захапіць, зматываваць, прымусіць для далейшага чытання і захаплення беларушчынай.
Сёння паспрабуем размалаціць гэтыя стэрэатыпы аб літаратуру для дарослых. Бо беларуская літаратура — гэта не толькі каровы і бясконцая тутэйшая туга. Як вы далей убачыце з тэксту, у ёй знойдзецца месца і сексу, і магічнаму рэалізму, і захапляльным прыгодам.
Гэтая густоўна аформленая грувасткая кніга, якая пабачыла свет у 2000 годзе, цяпер бібліяграфічны рарытэт. І тым не менш яе вельмі проста адшукаць у сеціве ў розных фарматах, каб пазнаёміцца з творчасцю аднаго з самых цікавых пісьменнікаў нашага часу. На момант выхаду томіка аўтар быў ужо прызнаным пісьменнікам і меў статус культавага. Неверагодна, але за нейкія 10-15 гадоў ён здолеў не проста апублікаваць цэлы стос кніг і кніжачак на самыя розныя тэмы, але займець рэнамэ скандаліста.
Пасля развалу Савецкага Саюза Адам Глобус аказаўся ў авангардзе беларускіх пісьменнікаў і літаральна з нуля ўзяўся за стварэнне новай беларускай літаратуры, многіх жанраў у якой папросту да гэтага не існавала. І томік «тэкстаў» — яскравае сведчанне той эпохі, калі нашая краіна нарэшце атрымала чаканую незалежнасць.
У кнізе ёсць некалькі частак знакамітага «Дамавікамерона» — зборніка апавяданняў пра прыгоды розных нячысцікаў у Менску. Змешчана там і «Койданава», якое было напісана пад уплывам знакамітых «Дублінцаў» Джэймса Джойса. У момант першай публікацыі некаторыя з жыхароў нібыта пазналі ў тэксце сябе і пачалі скардзіцца на пісьменнікаў.
Ёсць там і зборнік афарызмаў «Post Scriptum», дзе аўтар набліжаецца да вялікіх творцаў кшталту Эміля Чарана. І нават кароткае знаёмства з кнігай Глобуса дазваляе зразумець, наколькі ён шматгранны пісьменнік, які ўмее і ў прозу, і ў паэзію.
Рэдкі беларускі аўтар, які адначасова з’яўляецца зацятым беларускім патрыётам, але пры гэтым пазбаўлены ўзнёслага «беларускага» інфантылізму і не баіцца гаварыць на малапрыемныя тэмы.
У гэтым сваім аўтабіяграфічным рамане-споведзі пісьменнік бярэцца падвесці пэўныя вынікі, дасягнуўшы ўзросту 45 гадоў. Адсюль уласна і назва. Тут няма сюжэту як такога — чалавек дажывае да пэўнай мяжы, дасягае пэўнага ўзросту і бярэцца падводзіць вынікі, разважае над тым, што бачыў. І гэтыя асабістыя развагі могуць зацікавіць не толькі асабіста знаёмых з аўтарам людзей, але і любога, хто нарадзіўся і вырас у Беларусі на зломе 80-х — 90-х гадоў. Бо тут вам і шчаслівае дзяцінства ў вёсцы, і школьная маладосць, і шумныя ўніверсітэцкія гады. Узнёслае чаканне светлай будучыні ў момант атрымання Незалежнасці Беларуссю і горыч расчаравання, калі мары і надзеі да канца не спраўдзіліся.
З кнігі можна даведацца шмат чаго цікавага і павучыцца на чужых памылках. Яе добра было б экранізаваць, бо Андрэй Федарэнка стварыў удалы вобраз пісьменніка-ідэаліста, які прыходзіць у беларускую справу натхнёным рамантыкам, варыцца ў ёй, расчароўваецца, але нягледзячы ні на што застаецца.
Гэты раман колішняга дырэктара выдавецтва «Галіяфы» і аднаго са стваральнікаў легендарнага «Бум-Бам-Літу» ўшчэнт разбурае тэзу пра тое, што беларуская літаратура спрэс традыцыйная і нічога авангарднага ў ёй няма.
Зміцер Вішнёў яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя разам з паплечнікамі і аднадумцамі паспрабаваў зрабіць нешта абсалютна нестандартнае і несістэмнае. Яны стварылі суполку «Бум-Бам-Літ», якая надоўга запомнілася сваімі перфомансамі, што былі на мяжы прыстойнасці і выкліку грамадству, удала сумяшчаючы мастацтва з правакацыяй.
Кніга складаецца з цэлага шэрагу занатовак, замалёвак, разваг, гісторый і сітуацый, якія дзіўным чынам знітаваныя між сабою праз асобу лірычнага героя. Аматарам традыцыйнай літаратуры такое чытво можа падацца дзіўным, але яно наўрад ці выбіваецца з агульнае канвы еўрапейскага авангарду.
Не так даўно Зміцер Вішнёў апублікаваў новы раман, які мае правакацыйную назву «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер». Чытво, як і заўсёды, абяцае быць цікавым.
Калі вы думаеце, што ў беларускай літаратуры няма твораў у стылі магічнага рэалізму, то глыбока памыляецеся. Вядома, наша краіна знаходзіцца не ў Лацінскай Амерыцы, таму і аўтараў кшталту Хорхэ Луіса Борхеса або Габрыэля Гарсія Маркеса ў нас няма. Але ёсць свае, беларускія.
Філосаф Ігар Бабкоў яшчэ чвэрць стагодзя таму напісаў раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», які вытрымаў некалькі перавыданняў. У цэнтры яго — асоба асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага, які быў народжаны ў шляхецкай сям’і блізу Наваградка ў 1793 годзе. І зведаў усе злыбеды, што і ягоныя сучаснікі — узел у паўстанні, эміграцыя, арганічная праца на карысць Бацькаўшчыны.
Ужо адзін толькі жыццяпіс Клакоцкага, які выдае на ўдалую містыфікацыю аўтара, выглядае даволі пераканаўча. Чалавек далёкі ад гісторыі, прачытаўшы гэтую даведку, можа і праўда паверыць у тое, што некалі існаваў такі навуковец, які збіраў, сістэматызаваў і даследаваў сны.
Апошні раз кніга пабачыла свет у выдавецтве «Логвінаў» у гэтым годзе і ўсё яшчэ даступная для набыцця ў кнігарнях.
Гэты раман барысаўскага пісьменніка пабачыў свет у 1998 годзе і амаль адразу займеў статус культавага. Ён — пярліна ў бібліяграфіі Станкевіча, які не цураўся сваіх правых поглядаў і нават ганарыўся іміджам сацыяфоба, мізантропа і нацыяналіста.
Кніга вытрымала шматлікія перавыданні, часовую забарону, крытыку апанентаў з ліку касмапалітаў і левых актывістаў, але засталася ў залатой скарбонцы беларускай літаратуры. І не толькі праз сюжэт, які нечым нагадвае расейскага «Брата», але і дзякуючы ў тым ліку выкшталцонай беларускай мове.
А ўсё праз тое, што рэдагаваў і пільна вычытваў станкевічавых «Пацукоў» нібыта сам Алесь Разанаў. А ён, як вядома, абсалютны аўтарытэт у беларускай літаратуры. Можа быць, з гэтай прычыны акурат гэты тэкст Юрыя Станкевіча чытаецца так цікава і захапляльна.
Але што ў ім?
У ім гісторыя з не асабліва вялікага правінцыйнага горада, за якім лёгка ўгадваецца родны горад пісьменніка — Барысаў. Тут квітнеюць беспрацоўе, наркаманія, бандытызм, прастытуцыя, п’янства і ўсе іншыя з’явы, характэрныя для эпохі пераменаў, якая надышла пасля распаду СССР. Горад імкліва запаўняюць панаехалыя «прыхадні», што пачынаюць выціскаць мясцовых. Станкевіч ніяк іх не называе, але па ўскосных прыкметах у гэтых нахабных гасцях пазнаюцца выхадцы з Каўказа. Супрацьстаяць ім бярэцца ўсяго толькі адзін чалавек, які не хоча скарацца лёсу.
У творах Станкевіча, дарэчы, герой заўсёды самотнік — гэта такі мужны, дужы і абсалютна адданы ўласным перакананням чалавек, якому злёгку можа яшчэ нехта дапамагаць. Акурат праз рэдактуру гэты раман чытаецца лепей, чым усе астатнія творы пісьменніка.
Budzma.org