Адкрыццё выставы «Часопісу сатыры і гумару «Вожык» — 75!»

14.09.2016 16:00 - 18:00 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3) Уваход вольны

14 верасня 2016 года ў 16 гадзін у мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы «Часопісу сатыры і гумару «Вожык» — 75!».

Штогод пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі на розных пляцоўках горада ладзяцца выставы гумарыстычнага малюнка і карыкатуры: як персанальныя, так і калектыўна-тэматычныя. І ўсе яны самым цесным чынам звязаны з адзіным у рэспубліцы літаратурна-мастацкім выданнем у галіне сатыры і гумару — часопісам «Вожык». Так, аўтары персанальных выстаў (член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Сяргей Волкаў; член Беларускага саюза журналістаў, мастак-карыкатурыст часопіса «Вожык» Аляксандр Каршакевіч; член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза журналістаў, мастацкі рэдактар газеты «Рэспубліка» Мікалай Гіргель; вядомы беларускі мастак, сябра Саюза мастакоў Беларусі, аглядальнік і мастак газеты «СБ — Беларусь сегодня» Алег Карповіч) з’яўляюцца ў той жа час даўнімі сябрамі і пастаяннымі аўтарамі часопіса. У юбілейны для гумарыстычнага выдання год было вырашана арганізаваць экспазіцыю, якая пакажа і гісторыю, і сучаснасць часопіса праз карыкатуры яго аўтараў.

Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з першымі нумарамі знакамітага баявога выдання — агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», які пачаў выходзіць у 1941 годзе і пераемнікам якога стаў часопіс «Вожык». У афармленні агітплаката актыўны ўдзел прымалі беларускія мастакі-прафесіяналы З. Азгур, А. Шаўчэнка, Б. Звінагродскі, Д. Красільнікаў і таленавіты гомельскі малады мастак-самавучка В. Букаты, што загінуў у росквіце творчых сіл пры выкананні баявога задання. На старонках выдання важнае месца займала самая разнастайная па тэматыцы палітычная карыкатура. Гэта і вострыя малюнкі, якія высмейвалі звар’яцелага Адольфа Гітлера, і шматфігурныя сюжэтныя кампазіцыі аб гора-заваёўніках, і, вядома, сатырычны плакат, што звычайна выконваўся ў дзве-тры фарбы і змяшчаўся на галоўнай паласе.

Усё лепшае, што створана беларускімі мастакамі-карыкатурыстамі, прайшло праз «Вожык». За 75 гадоў свайго існавання часопіс быў і стартавай пляцоўкай для пачаткоўцаў, і ўдзячнай гумарыстычнай арэнай для прафесіяналаў. Таму асноўны змест экспазіцыі — карыкатуры, гумарыстычныя малюнкі, шаржы аўтараў часопіса розных гадоў і рознай тэматыкі. Будуць прадстаўлены творы такіх вядомых майстроў, як Алег Папоў, Аляксандр Каршакевіч, Сяргей Волкаў, Алег Гуцол, Пётр Козіч, Вікенцій Пузанкевіч, Павел Гарадцоў (Шычко), Анатоль Гармаза і інш. Многія з іх прымуць непасрэдны ўдзел у адкрыцці выставы, што адбудзецца 14 верасня ў Палацы мастацтваў (пачатак у 16 гадзін).

Арганізатары мерапрыемства — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», Саюз мастакоў Беларусі, часопіс сатыры і гумару «Вожык».


Вам можа быць цікава

Выстава «Ван Гог. Ван Лаў» у Гомелі

03.09.2025 17:00 - 16.11.2025 19:00 галерэя Вашчанкі (пр-т Леніна, 43)

Выстава «Песня — душа народа» ў Мінску

11.09.2025 17:00 - 19.10.2025 19:00 Нацыянальны гістарычны музей (вул. К. Маркса, 12)

Майстар-клас Сержука Доўгушава «Прыродны голас» у Празе

14.09.2025 (17:00 - 20:00) Беларуская клюбоўня (5. května 1043/32)

NAVIBAND у Катавіцах

28.09.2025 (20:00 - 22:00) Piąty Dom (Jana Matejki 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ