Тыдзень беларускай культуры ў Вільні

Віленскі беларускі музей імя Луцкевіча (Vilniaus 20) Бясплатнае
З панядзелка, 7 верасня, і па нядзелю, 13-га, у Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча адбудзецца Тыдзень беларускай культуры

Сёлета яго галоўнай тэмай стане спадчына — тое, што мы захоўваем, губляем, перадаём далей і што застаецца пасля нас.

У цэнтры Тыдня — новая выстава з калекцыі Попкі, частку якой удалося ўратаваць і перавезці з Нямеччыны ў Вільню. 

Тэкстыль, кнігі, часопісы, паштоўкі, лісты і іншыя рэчы на адзін тыдзень зменяць музейную прастору і стануць нагодай пагутарыць не толькі пра адну калекцыю, але і пра лёс беларускай культурнай спадчыны ўвогуле.

  • Ці можа чалавек загадзя паклапаціцца пра тое, што застанецца пасля яго? 

  • Што адбываецца з прыватнымі зборамі, калі іх уладальнікаў больш няма? 

  • Чаму адны рэчы перажываюць дзесяцігоддзі і пераезды, а іншыя губляюцца назаўсёды? 

  • Хто і як вырашае, што варта захаваць?

Гэтыя пытанні будуць гучаць цягам усяго Тыдня — у выставе, размовах, тэатры, музыцы, майстар-класах і нават за сталом.

Праграма такая:

  • Панядзелак — адкрыццё выставы і лекцыя
Клопат: лекцыя пра тое, як у музеях даглядаюць за экспанатамі і як паўтарыць гэта дома.
  • Аўторак — гістарычна-гастранамічны вечар
Беларусь, Літва і Нямеччына сустрэнуцца за адным сталом.
Пагутараць пра кулінарныя традыцыі трох краінаў, паглядзім паштоўкі з калекцыі Попкі і пашукаюць там сляды паўсядзённага жыцця і ежы.
І, вядома ж, усё прадэгустуюць.
  • Серада — дыскусія пра спадчыну
Вечар для тых, хто любіць складаныя пытанні без простых адказаў.
  • Чацвер — выходны
  • Пятніца — беларуская драматургія ўголас
Каманда беларускіх акцёраў і рэжысёраў «TeArtas» на чале з Сяргеем Здаранковым прадставіць акцёрскую чытку п’есы Францішка Аляхновіча «Пан Міністр» (дзякуючы архівам музея). 

Імпрэза адкрые новы праект «Рэтраспектыва беларускай драматургіі», прысвечаны вяртанню да беларускіх драматургічных тэкстаў і іх новаму гучанню сёння.

  • Субота — вялікі дзень у Беларускім Доме
У праграме:
куратарская экскурсія па выставе;
майстар-клас па вышыўцы паводле ўзораў з калекцыі Попкі: вышываем, а пасля ператвараем свае працы ў тэрманалепкі;
майстар-клас па мармураванні паперы;
дзіцячая майстэрня, дзе ўдзельнікі будуць ствараць свой маленькі дом і вырошчваць у ім чароўнае дрэва;
кірмаш беларускіх майстроў і невялічкі кніжны кірмашык;
канцэрт.

А яшчэ цягам Тыдня вы можаце самі адчуць сябе на месцы экспаната беларускай спадчыны: у музеі будзе працаваць адмысловая імерсіўная прастора. 

Вас вязуць з Нямеччыны ў Літву. Вас трэба давезці, не згубіць, не сапсаваць, не даць вас з’есці жукам і, у рэшце рэшт, вызначыцца: ці патрэбныя вы камусьці настолькі, каб вас захаваць?


Уваход вольны.



Вам можа быць цікава

Выстава «Прастора вечных сэнсаў» у Віцебску

15.07.2026 15:00 - 20.09.2026 18:00 мастацкі музей (вул. Леніна, 32)

Вечаровая экскурсія па Беластоку

06.09.2026 (16:00 - 18:00) ля брамы ад вуліцы Міцкевіча на тэрыторыі палаца Браніцкіх

Вечарына «Бельведэр Умястоўскіх» у Жамыслаўлі

20.09.2026 (16:00 - 20:30) Сядзіба Умястоўскіх

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ