4 кастрычніка 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы мастака з Віцебска Алега Аляксандравіча Скавародкі (нар. 1948) «Паэзія колеру», прымеркаванай да 70-годдзя з дня нараджэння. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 50 твораў жывапісу з калекцыі аўтара, большасць з якіх створаны ім за апошнія 15 гадоў. Экспанаванне выставы пройдзе з 5 кастрычніка па 4 лістапада 2018 года.
Творчасць Алега Аляксандравіча Скавародкі – асаблівая з’ява ў беларускім мастацтве. У яго працах удала спалучаюцца традыцыі класічнай і авангарднай мастацкіх школ, адчуваецца ўплыў мадэрну, імпрэсіянізму. Мастак працуе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны, партрэта. Творам Алега Аляксандравіча ўласціва філасофская трактоўка вобразаў, паэтычнае ўзвышша, лірызм. Пейзажы, што займаюць цэнтральнае месца ў творчай спадчыне майстра, захапляюць тонкім, чулым стаўленнем да роднай прыроды.
Жывапісную манеру Алега Аляксандравіча Скавародкі адрознівае сакавітасць фарбаў, адкрыты колеравы кантраст, буйны рытмічны мазок, фактурная прапрацоўка паверхні палатна. Інтэнсіўнымі колеравымі спалучэннямі мастак смела абагульняе форму, выбудоўвае мастацкую прастору, задае рытм.
Беларускі жывапісец Алег Аляксандравіч Скавародка нарадзіўся 5 кастрычніка 1948 года ў в. Асьё Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1972). Вучыўся ў Фелікса Фёдаравіча Гумена, Леаніда Яўсеевіча Дзягілева, Альберта Васільевіча Някрасава. Пачаў актыўную выставачную дзейнасць з 1976 года ў якасці ўдзельніка шматлікіх калектыўных выстаў і міжнародных пленэраў. Член Беларускага саюза мастакоў (з 1986). Двойчы, у 1991–1994 і 2003–2008 гг., выбіраўся старшынёй Віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў.
Працы Алега Аляксандравіча Скавародкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (Мінск), Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (Мінск), Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Віцебскім мастацкім музеі, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі (Гомель), Лепельскім раённым краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама ў прыватных зборах Беларусі, Расіі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Галандыі, Англіі, Польшчы, Турцыі, Індыі і інш.
Куратар выставы – Святлана Анэйка, вучоны сакратар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.