Адкрыццё выставы памяці Алены Кіш

23.11.2016 17:00 - 17:00 Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” (пл. Кастрычніцкая, 1) Уваход вольны

23 лістапада ў 17.00 мастацкія галерэі «Дом карцін», «Мастацкі маёнтак», «Універсітэт культуры» і Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» адкрываюць выставу памяці генія наіўнага мастацтва Беларусі Алены Кіш ў галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі).

Выстава праходзіць па выніках мастацкага пленэра «З Аленай Кіш у сэрцы», арганізаванага галерэяй «Мастацкі маёнтак» і установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пры падтрымцы мецэната Святланы Воранавай у весцы Дуброва (Лагойскі раён). На выставе будуць прадстаўлены творы беларускіх мастакоў Ганны Балаш, Аляксандра Дзямідава, Жанны Капустнікавай, Аляксандра Навгародцава, Аляксандра Рэпкі і іншых, а таксама арыгінальныя творы Алены Кіш з фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» і прыватных калекцый.

Алена Кіш (1889 – 1949). Народная мастачка. Нарадзілася ў мястэчку Раманава Слуцкага павета (цяпер вёска Леніна Слуцкага р-на) у сялянскай сям’і. Спецыяльнай мастацкай адукацыі не атрымала. Аўтар маляваных насценных дываноў з фантастычна-алегарычнымі сюжэтамі («Рай», «У райскім садзе», «Дзева на водах»), якія ствараліся пад час вандровак па вёсках Случчыны. Арыгінальныя па сюжэтах, не маючыя аналогій у народным беларускім мастацтве, яе работы, у якіх спалучаюцца дэкаратыўна-арнаментальны і сюжэтны жывапіс, ставяць імя мастачкі ў шэраг сусветна вядомых мастакоў-прымітывістаў. Цяпер маляваныя дываны Алены Кіш захоўваюцца ў Заслаўі. Яе мастацкая спадчына належыць да лепшых узораў творчага самавыяўлення беларускага народа. Вядомасць імя мастачкі набывае пасля Першай Рэспубліканскай выстаўкі народных маляваных дываноў (1978), дзе работы Алены Кіш, знойдзеныя і адрэстаўрыраваныя мастаком У. Басалыгам, былі выстаўлены ўпершыню. Імя мастачкі можна знайсці ў выдадзенай у Югаславіі «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету (з кнігі І.А. Ціткоўскага «Мастакі Случчыны»).

Куратар выставы – Вольга Кліп, мастацтвазнаўца, магістр сацыялогіі, кіраўнік Мастацкай галерэі “Дом карцін” (+375 29 137-20-05).

Выстава працуе да 5 снежня.

11.00 – 19.00 (аўторак – субота)

Адрас галерэі: Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі)

Уваход вольны

Тэл.: 327-26-12


Вам можа быць цікава

Інсталяцыя #FramedInBelarus у Празе

11.06.2026 19:00 - 14.09.2026 19:00 Нацыянальная галерэя Прагі (Вялікая зала), палац кірмашоў (Dukelských Hrdinů 530/47,)

Выстава «Марк Шагал. Над горадам» у Віцебску

16.07.2026 16:00 - 14.09.2026 18:00 Ратуша (вул. Леніна, 36)

Дыяфільмы ў Сопаце

15.08.2026 (18:00 - 20:00) Teatr Boto (ul. Bohaterów Monte Cassino 54B)

«Мая свабода п’яная і танчыць аголенай» у Берліне

17.09.2026 (19:00 - 21:30) PANDA platforma (Knaackstraße 97 (im kleinen Hof der Kulturbrauerei))

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ