25 мая а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на ўрачыстае адкрыццё выстаўкі з фондаў Музея літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве (Польшча). Выстаўка арганізавана ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве аб правядзенні сумесных выставачных і культурна-адукацыйных праектаў і працягвае самы гасцінны традыцыйны праект музея, дзякуючы якому ў Доме знакамітага Песняра ўжо пабывалі рускія пісьменнікі ў асобе А. С. Пушкіна, Ф. М. Дастаеўскага, М. Ю. Лермантава, украінскія – М. Рыльскага і Т. Шаўчэнкі, літоўскія – К. Данелайціса.
Якубу Коласу заўжды была блізкая польская культура. У свой час малая радзіма паэта – Стаўбцоўшчына – уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, а ў 1920 – 1930 ыя гг. – у склад адроджанай Польшчы. Бацька будучага народнага паэта – Міхал Казіміравіч – валодаў мовай заходніх суседзяў. Дзякуючы заахвочванню бацькоў, з ранняга ўзросту Якуб Колас быў знаёмы з творамі розных пісьменнікаў, але асаблівай пашанай карысталася імя Адама Міцкевіча. На сцяне бацькоўскай хаты будучага песняра вісеў невялікі графічны партрэт як сведчанне павагі да вялікага польскага паэта.
Пазней Якуб Колас пісаў: “Адам Міцкевіч адзін з геніяльных славянскіх паэтаў. Па ахопу ўсеабдымнага таленту, па яго шырыні Адам Міцкевіч па справядлівасці займае адно з першых месц сярод паэтаў-геніяў”. Родныя Якуба Коласа, як і сам паэт, высока цанілі і любілі творчасць Марыі Канапніцкай, Генрыка Сянкевіча, у прыватнасці яго навелу “Янка-Музыкант”, моцнае ўражанне стваралі творы Уладзіслава Сыракомлі.
Якуб Колас з глыбокай павагай ставіўся да польскай культуры, адзначаючы кроўныя духоўныя сувязі народаў-братоў, суседзяў, якім нішто не перашкаджае плённа развівацца і ўзбагачацца. Творчыя кантакты аб’ядноўвалі Якуба Коласа і Уладзіслава Бранеўскага – вядомага прадстаўніка польскай літаратуры.
Выстаўка “Польскія пісьменнікі 20-30 гг. ХХ стагоддзя” пазнаёміць з польскім літаратурным працэсам на фоне гістарычных сацыяльна-палітычных катаклізмаў у дзяржаве і творчай дзейнасцю некаторых пісьменнікаў, такіх як Анджэй Струг, Уладзіслаў Бранеўскі, Марыя Дамброўская, Чэслаў Мілаш, Вітольд Гамбровіч, Стэфан Жыромскі, Уладзілаў Рэймант і інш. Асоба кожнага аўтара раскрываецца праз фотаздымкі, дакументы і выявы асабістых рэчаў, а таксама праз цытаты з яго найбольш значных твораў.