На «Будзьме» стартаваў гістарычны серыял «Беларусь 1863». Як зразумела з назвы, відэапраект прысвечаны гісторыі студзеньскага паўстання 1863–1864 гадоў, больш вядомага ў нас як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Ужо выйшла першая серыя — пра брытанскага «шпіёна» Фортэск’ю Андэрсана. Пра «Беларусь 1863» БАЖ расказвае аўтар ідэі, журналіст і гісторык Алесь Кіркевіч.

Вокладка першай серыі «Беларусь 1863». Вядоўца — Васіль Калач. Фота: «Будзьма беларусамі!»
У мінулую нядзелю на ютуб-канале «Будзьма беларусамі!» адбылася прэм’ера відэапраекта пра паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Першая серыя прысвечаная персоне брытанскага «шпіёна» Фортэск’ю Андэрсана. У 1863‑м брытанца пасадзілі ў турму ў Гродне. У мемуарах па вяртанні ў Брытанію ён апісвае паўстанцаў, сялянаў, яўрэяў, а таксама казакоў і расійскію армію. Вядоўца Васіль Калач распавядае, што «шпіён» каралевы лічыў «пракляццем краю», хто яго вызваліў і колькі грошай гэта каштавала, якой насамрэч аказалася Matushka Rossiya.
Аўтар ідэі і сусцэнарыст Алесь Кіркевіч, журналіст, публіцыст і гісторык, кажа ў інтэрв’ю БАЖ, што тэма толькі на першы погляд даследаваная і ўсё пра яе вядома беларусам.
— Мы за шыбеніцай Каліноўскага вельмі часта не бачым у прынцыпе, што гэта за паўстанне, для чаго гэта было, хто там удзельнічаў, што з імі далей сталася. І гэта дагэтуль такая тэра інкогніта, бо мы жывём у міфе пра Каліноўскага, які зрабіў нешта класнае, але яго пайшлі павесілі, ды і ўсё ў прынцыпе.
А мы нават не ведаем, як правільна называць гэтую падзею. Ці то гэта паўстанне Каліноўскага, ці гэта Студзеньскае паўстанне, ці Польскае паўстанне наогул. Бо калі ў Польшчы скажаш пра паўстанне Каліноўскага, то цябе проста ніхто не зразумее: які Каліноўскі? Тут яго не ведаюць. Напрыклад, рускія таксама. У Расіі гэта — Польский мятеж. Вось як пастанавілі расійцы яшчэ ў тыя гады, то яно так і засталося.
Таму мы вырашылі расказаць пра наша паўстанне, але праз такія незвычайныя, нечаканыя моманты, малавядомыя яго бакі, каб зразумець і адчуць атмасферу. Бо варта не проста ведаць — варта разумець.

Алесь Кіркевіч
— І на чым засяродзіцеся?
— Будуць розныя ракурсы. Напрыклад, ці мела паўстанне шанцы на поспех? Чаму менавіта ў гэты момант яно пачалося? Хто ў ім удзельнічаў? Ці сапраўды гэта было шляхецкае паўстанне, ці, можа быць, сялянскае? Ці не міф пра тых касінераў? Адкуль увогуле тыя касінеры ўзяліся?
Паўстанне як такое трывала ж вельмі коратка — фактычна год-паўтара. А рэпрэсіі, як і пасля нашага 2020-га, ішлі доўгія-доўгія гады. І гэтыя людзі з Сібіры ізноў апынуліся ў сваёй старонцы толькі пасля 1880‑х гадоў — тыя, хто выжыў. Часта вярталіся сляпымі, гублялі зрок, гублялі здароўе ўвогуле. Гэта тысячы і тысячы паламаных лёсаў.
Пра ўсё гэта паспрабуем распавесці. У тым ліку і пра тое, як працаваў гэты Левіяфан імперыі датычна паўстанцаў, бо вынікам жа для нас стала русіфікацыя, падмена культуры на месцах — якраз вельмі пільна рускія працавалі ў гэтых заходніх губерніях.
Шмат-шмат вынікаў, якія нам адгукаюцца дагэтуль. Хаця б вось той стэрэатып: праваслаўны беларус роўна рускі, калі католік, значыць, паляк. У гэтым часе і падзеях хаваецца мноства ключыкаў да нашай гісторыі.
— І, як у наш час, многія пакідалі свой край.
— Так, гэта асобная і вялікая тэма, якая вельмі часта губляецца ў дачыненні да падзей 1863–1864 гадоў, — эміграцыя. Беларусы былі расцярушаныя не толькі па Сібіры, не толькі па Еўропе, але нават да Злучаных Штатаў дабіраліся. Там, між іншым, прымалі некаторыя з іх удзел у вайне, напрыклад, Поўдня і Поўначы, прычым і па адзін, і па другі бок. Пагадзіцеся, вельмі мала пра гэта мы ведаем.
Паўстанне адбілася і ў культуры, прычым і ў масавай. Бестсэлер «Дваццаць тысяч лье пад вадой» Жуля Верна таксама дакранаецца да тэмы паўстання, ягоны капітан Нэма першапачаткова быў задуманы як шляхціч, які помсціць за смерць сваёй сям’і падчас паўстання. Потым ад ідэі польскага паўстанца пісьменнік пад ціскам выдавецтва адмовіўся, але паўстанне ўспамінаецца некалькі разоў на старонках кнігі і галоўны герой дае таямнічыя намёкі на сваю датычнасць да гэтай справы.
Шмат такіх нечаканых рэчаў, якія мы часта не бачым. Мне здаецца, што гэта ўсё варта было б прапусціць праз такі беларускі сканер, праз сучасныя вочы, сучасныя веды, сучасны розум.
— Пра Каліноўскага як бацьку нацыі будзе?
— Гэта яшчэ адна асобная тэма — як гэтыя падзеі стваралі міф, патрэбны для нацыябудаўніцтва.
Калі шчыра, гэты міф, які стварылі ўжо на пачатку XX стагоддзя беларускія адраджэнцы, не асабліва змяняўся: вось ёсць Каліноўскі, ёсць сялянскія масы, вось ён іх падняў.
Цягам стагоддзя, канешне, былі варыяцыі. Савецкая прапаганда ў свой бок выкручвала гэтыя наратывы, зрабіла з Каліноўскага, ледзь не першага беларускага камуніста, які ваяваў з палякамі (!), перакруцілі, як звычайна, на свой камінтэрнаўскі лад.
Цікава, што ў Другую сусветную на тэрыторыі Беларусі ваявалі партызанскія атрады імя Каліноўскага, нават падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі ў 30‑х былі аддзелы дабраахвотнікаў імя Каліноўскага, якія ваявалі за рэспубліканцаў. То-бок ёсць такія рэчы, якія сёння нам можа быць цяжка ўявіць, ці пра якія мы ўвогуле не ведаем. Ну і зараз ёсць полк Каліноўскага ва Украіне.
Гэта вобраз, які жыве ў розных вымярэннях усе гэтыя гады пасля смерці Каліноўскага. І надалей, як ні дзіўна, развіваецца.
Далёка не ў кожнай нацыі ёсць такі герой, настолькі моцны вобраз, які працягвае сваё жыццё пасля смерці ўжо столькі гадоў. Як слушна калісьці заўважыў Цімох Акудовіч, ёсць паўстанне Каліноўскага і ёсць пасланне Каліноўскага. Вось з гэтым пасланнем мы жывём і працуем дагэтуль.
— Вядоўца — ужо вядомы па ранейшых відэапраектах Васіль Калач. Ён працуе і над сцэнарамі?
— Васіль Калач — чалавек вельмі занураны ў тэму, бо ён не проста цікавіцца гісторыяй, ён яшчэ і рэканструктар у Беластоцкім клубе «Інвіктус». Гэта, пэўна, адзіны ў эміграцыі і, магчыма, у свеце клуб менавіта беларусаў, якія рэканструююць побыт і ўсё ўвогуле вайсковае жыццё паўстанцаў 1863 года. У Польшчы ёсць такія мясцовыя клубы, магчыма ў Літве ёсць, але вось з беларусаў складзены такі адзіны клуб.
Так, Васіль не проста вядоўца, у нас сінергія, я б сказаў, у працы над праектам.
Безумоўна, праект мае і адукацыйныя мэты, я б назваў гэта «запрашэнне на падумаць». То-бок зразумела, што мы не раскрыем усе карты, мы не зробім такую паўнавартасную энцыклапедыю пра паўстанне, але гэта запрашэнне ў тэму.

Вядоўца праекта «Беларусь 1863» Васіль Калач. Фота: «Будзьма беларусамі!»
Ну а далей ужо спадзяванні на нашых гісторыкаў. Можа быць, яны што-небудзь цікавае напішуць. Таму што, калі быць шчырым, то ў нас вельмі бедная гістарыяграфія датычна тэмы гэтага паўстання. Шмат лозунгаў, шмат маніфестаў, але вось грунтоўных глыбокіх прац па сутнасці вобмаль.
— То-бок зусім не ўсё вядома?
— Гэта даволі трагікамічна выглядае, бо калі мы лічым Кастуся адным з айцоў нашай беларускай нацыі, але ў нас ёсць толькі адна кніга з апісаннем яго жыцця, то што тут сказаць. Нешта жалю вартае.
Вось калі запытае нехта цікаўны: а што пачытаць уласна пра паўстанне 1863 года? А хто яго ведае, што пачытаць. Гэта для палякаў пройдзены этап: усё даўно распісана, перапісана, выдадзена — мемуары, аналітыка і г. д. А з нашага боку ўсё абмяжоўваецца нейкімі турыстычнымі буклетамі пра мясціны паўстанцаў на Гарадзеншчыне, 20 старонак і ўсё ў прынцыпе. А можна ж нават жаночыя раманы пісаць — там жа такая гісторыя кахання, там лісты з‑пад шыбеніцы. Там нават цэлы напрамак моды нарадзіўся, калі прыгажуні насілі чорнае і за гэта маглі трапіць і траплялі пад рэпрэсіі. І кінематаграфічная тэма, безумоўна, агромністая.
То-бок, па вялікім рахунку, гэта ўсё яшчэ не моцна кранутае поле. Нібыта мы інтэгравалі гэтае паўстанне ў сваю нацыянальную ідэю, у свае наратывы, але не раскапалі глыбей — усё па верхнім дзёрнавым слоі. Вось у тым ліку і гэта прывяло нас да стварэння гэтага цыкла.
— Ці будуць сцэны гульнявыя?
— Што да фармату, то гэта, хутчэй, відэападкаст. На жаль, сцэны бою, выкарыстання зброі, рэканструкцыя прадугледжваюць зусім іншыя бюджэты. Хаця думаем і пра гэта, але пакуль гэта фармат на выраст.
Перыядычнасць — раз на два тыдні па нядзелях. Далей будзем глядзець па сітуацыі: ці падаўжаць праект, ці ён абмяжуецца тузінам выпускаў. Мы, скажам так, прамацваем глебу, вывучаем цікавасць людзей да гэтай вечнай беларускай тэмы.
Пасля першага выпуску цяжка казаць пра зваротную сувязь. Але я спадзяюся, што гэтая тэма будзе цікавая таксама і палякам, і ўкраінцам, яны часта заходзяць на будзьмаўскія відэа. Ёсць каментары па-польску і па-украінску.
І, як заўжды, мы будзем займацца гістарычнай дыпламатый. То-бок расказваць пра сябе для нашых суседзяў, каб мы больш-менш камунікавалі паміж сабой, размаўлялі на гістарычныя тэмы. Магчыма, выпускі будуць з іншамоўнымі субцітрамі.