Алесь Камоцкі + Dzivasil (Канцэрт для сяброў)

24.02.2014 19:00 - 23:00 Рэспубліканскі Тэатр Беларускай Драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) Бясплатнае

Гэта будзе канцэрт з двух умоўных аддзяленняў: традыцыйнай праграмы, складзенай па замовах, і новай —  зробленай па матывах ірландскіх народных песень.

Народныя песні — гэта тое, да чаго вяртаешся з любога падарожжа па музычных жанрах.

Але чаму ў дадзеным выпадку ірландскія?

Ірландыя — гэта доўгая гісторыя невялікага народа са складаным лёсам, свята якога, Дзень Святога Патрыка, з захапленнем адзначае ўвесь свет.

Многія ўражваюцца баладамі, якія вельмі цяжка не слухаць.

Хочацца далучыцца.

Не проста паўтарыць за кімсьці нешта, хаця б і тое, ад чаго ў захапленні, а далучыцца.

Зрабіць унёсак, які патрэбны ў першую чаргу сабе самому, бо дапаможа падзяліцца з наваколлем знойдзенымі сэнсамі.

Тымі сэнсамі, якія слабо перадаць сучаснай дваістай камп’ютарнай мовай.

Сэнсамі, закладзенымі ў глыбіні простых словаў.

Адвечнымі сэнсамі, якія наноў шукае кожнае пакаленне.

Замест таго каб узяць даўно знойдзеныя.

Хаця б з ірландскіх баладаў.

Да таго ж атрымаўшы пэўную асалоду ад іх прыгажосці.

894008_635157099852861_1961484508_oДзейныя асобы:

Алесь Камоцкі – голас, гітара

Алег Змушка – голас, гітара

Анатоль Лабанок – голас, кантрабас

Алеся Сівохіна – голас, гітара

+Dzivasil:

Андрэй Малаковіч – гітара, перкусія

Іна Перасецкая-Малаковіч – голас, разнастайныя музычныя інструменты

Замовіць квіткі можна па тэлефонах:

+375 29 253 25 04   МТС

+375 29 355 43 84   Velcom

Алесь Камоцкі – сталы і мудры рамантык, аўтар і выканаўца песень, якія падпадаюць пад вызначэнне “папулярная музыка для дарослых”. Носьбіт сваіх уласных, важных для сучаснага слухача беларускіх традыцый, які мяккім і пранікнёным голасам спявае нетаропкія, душэўныя, чыстыя гісторыі. Настрой асаблівай утульнасці, сапраўднай паэзіі – сучаснай, але вельмі блізкай і зразумелай, з тонкім пачуццём гумару і вельмі роднай для любога беларускага слухача – чакае вас на канцэртах Алеся Камоцкага.

Dzivasil — гэта сюррэалістычныя пейзажы з гукаў, даступныя толькі зроку інтуітыўнаму. Dzivasil – гэта не аўтэнтычнае выкананне і не лубок з жыцця беларускага народа, а наследаванне тым, невядомым, чые імёны не захаваліся, але створаная імі сутнасць трымае жыццё. Гэта ўспаміны ўспамінаў, калі музыка канцэнтруецца ў некранутых актуальнай рэчаіснасцю кутках памяці,  што захавалі векапомныя спадчынныя вобразы, якія выканаўцы яднаюць з сучаснымі і футурыстычнымі сродкамі музычнай мовы.


Вам можа быць цікава

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ