Як ствараўся фільм «Звычайны прэзідэнт». Успаміны Юрыя Хашчавацкага

23.07.2026 Кіно

«Звычайны прэзідэнт» — адзін з самых знакамітых палітычных фільмаў сучаснай Беларусі, узор удалай палітычнай сатыры, які ў іранічным тоне распавядае пра тое, як Аляксандр Лукашэнка замацаваўся на вяршыні ўлады ў краіне.

Стужку рэтраспектыўна паказалі ў лістападзе 2024 года ў межах юбілейнага Х кінафестывалю «Бульбамуві» ў Варшаве. Да фестывалю падключыўся анлайн рэжысёр фільма Юрый Хашчавацкі. Ён расказаў, як ствараўся фільм і хто яго фінансаваў. Журналіст культурна-асветніцкага партала "Будзьма беларусамі!" запісў расповед Юрыя Хашчавацкага. Аднак адразу пасля публікацыі, артыкул прыбралі, даведаўшыся, што рэжысёр жыве ў Мінску.

Сёння стала вядома пра смерць Юрыя Хашчавацкага. У памяць пра знакамітага рэжысёра мы публікуем артыкул з ягоным расповедам пра гісторыю стварэння фільма «Звычайны прэзідэнт».

Juryj Chaščavacki
 Юрый Хашчавацкі. Фота: svaboda.org

Што стала нагодай для здымак

[Мы пачалі здымкі] яшчэ ў 1995 годзе. Пачалі з’яўляцца белыя плямы [на старонках незалежнай прэсы], пайшоў накат [на апазіцыю] па тэлебачанні, з’явіўся гнюсны фільм «Нянавісць. Дзеці хлусні» Юрыя Азаронка — бачыце, у іх цэлая сям’я працуе над намі.

І тады ў мяне ўзнікла ідэя — на фільм варта адказваць фільмам. Мы тады пачалі працаваць. Мы — гэта я і [cцэнарыст] Лёня Міндлін. Мы пайшлі да [галоўнага рэдактара «Беларускай дзелавой газеты»] Пятра Марцава, памятаеце, быў такі. На жаль, памёр ужо чалавек. І мы дамовіліся, што будзем рабіць гэты фільм. 

Juryj Chaščavacki
Юрый Хашчавацкі падчас Х кінафестывалю «Бульбамуві» ў Варшаве. Фота Тараса Тарналіцкага

Як збіралі матэрыялы для мантажа

А далей, падчас працы над фільмам, працавала вельмі шмат людзей. Шмат хто прыносіў матэрыялы, нават аператары са студыі тэлебачання. Нават студыя Мінабароны «Ваенфільм» і тая дапамагала — аддалі кадры, калі Лукашэнка прыехаў у Мар’іну Горку страляць з кулямёта і шмат чаго яшчэ. [Гэты чалавек ад «Ваенфільма»] прыйшоў і рагоча: «Ты ўяўляеш, я зрабіў копію для цябе і вынес гэта ўсё. А на наступны дзень нас сабралі і сказалі, што ёсць вось такі Хашчавацкі, які збіраецца зрабіць дрэнны фільм пра нашага прэзідэнта. Нельга, каб з нашай студыі ўцяклі нейкія кадры». І ён рагоча, бо ўсё, што ён хацеў, ужо атрымалася [вынесці].

Аператару расійскага тэлеканала АРТ Сяргею Гельбаху патэлефанаваў Уладзімір Замяталін (на той момант супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта — «Будзьма») і пачаў цікавіцца, хто такі Хашчавацкі. «Ён стваральнік альбо разбуральнік?» — вось такія пытанні яны любілі задаваць. Сяргей Паўлавіч [Гельбах] тады адказаў: «Гэта гледзячы каму. Для вас ён сапраўды тэрмінатар, вам будзе складана».

Пра падстаўную размову з Лукашэнкам

Вось з тых часоў пачаліся праблемы. Я разумеў, што інтэрв’ю [з Лукашэнкам] нам не дадуць. Але для гэтага мы выклікалі з Краснаярска тамашняга ўласнага карэспандэнта Генадзя Нікалаева. Ён прыехаў [у Мінск], мы цэлую ноч сядзелі з бутэлькай і вучылі яго, якія пытанні ён павінен задаваць. Ён задаў гэтыя пытанні, вельмі ўдала ўсё атрымалася, Лукашэнка ўсё распавёў.

І пра тое, як рэцэнзіраваў 500 дзён (непрынятая праграма пераходу планавай эканомікі CCCР на рынкавую эканоміку ў мэтах пераадолення эканамічнага крызісу 1990 года — «Будзьма»), і як ён ведае, як аб’яднаць народы. Ён якраз тады пачынаў свой паход у барацьбе за маскоўскі трон за Крэмль. Для яго гэта было тады вельмі істотна, ён меў магчымасць спрабаваць гэта зрабіць. І таму ён быў зацікаўлены ў магчымасці даваць інтэрв’ю журналістам расійскіх выданняў.

Таму ён прыняў Нікалаева і распавёў яму пра тое, што вы чулі ў фільме. І калі Гена вяртаўся назад, сядзеў у самалёце, яму патэлефанаваў Замяталін і сказаў: «Вы ведаеце, мы б хацелі нешта ўдакладніць. Там нейкія рэчы не трэба было б паказваць, трэба выразаць і ўсё». А Гена адказаў: «Я ўжо аддаў гэты матэрыял рэжысёру. У мяне толькі копія». І назваў маё прозвішча.

Пра спробу каманды Лукашэнкі сабатаваць працу над фільмам

І з таго моманту пачалі зачыняць усё, што маглі. Схавалі ў сейфах шмат матэрыялаў, да іх было не дабрацца.

Але гэта ім падавалася, што мы да іх не дацягнемся. А мы дабіраліся.

Таму што гэтая сцэна, напрыклад, дзе яны здзіралі чырвона-белы сцяг з даху рэзідэнцыі прэзідэнта тагачаснага [Лукашэнкі]. Таму што сёння ён не прэзідэнт. Тады [у 1995 годзе] ён яшчэ быў легальны прэзідэнт.

Тады яны, [Іван] Ціцянкоў (на той момант кіраўнік справамі прэзідэнта — «Будзьма») і ўся гэтая брація, залезлі на дах і здзіралі гэты сцяг. Дык вось гэты матэрыял прыйшоў да мяне раней, чым з’явіўся на тэлебачанні. І кавалак гэтага сцяга з подпісам Ціцянкова, мне яго прадалі за 50 долараў. А я, дурань, аддаў яго Марцаву. І дзе ён зараз, я не ведаю.

Ivan Ciciankoŭ padpisvaje sarvany sciah
Іван Ціцянкоў падпісвае сарваны сцяг

Пра фінансаванне здымак

Гэта потым я даведаўся, што нас фінансавалі шматлікія людзі.

[Уплывовы бізнесмен] Аляксандр Пупейка — гэта ён фінансаваў фільм праз Пятра Марцава. Пра гэта я дазнаўся пазней. Тады ў Пупейкі з’явіліся вялікія праблемы, ён апынуўся ў Варшаве. Ён туды з’ехаў і, дзякуй богу, уладкаваўся. Шчасця яму і здароўя, я маю надзею, што з ім усё ў парадку.

А тады быў суд, яго патрабавалі дэпартаваць [у Беларусь].

Даходзіла да цікавага. Уяўляеце, я выходжу з хаты, да мяне падыходзіць чалавек і пытае:

— Гэта вы Юрый Хашчавацкі?

Я кажу: «Так».

— Гэта вы робіце фільм пра Лукашэнку?

Я паглядзеў па баках: «Ну я, а што?», а сам думаю, што ён мне зараз альбо па галаве дасць, альбо адбудзецца нешта цікавае.

— А што, у вас нейкія праблемы зараз ёсць з фільмам? Чаму вы яго так доўга робіце?

— Вы ведаеце, зараз узніклі праблемы. Здымаць стала небяспечна, хадзіць [па Мінску] стала небяспечна. Да мяне некалькі разоў спрабавалі залезці ў студыю. Спрабавалі яе знайсці, шукалі. Трэба ехаць у нейкае іншае месца, зараз вырашаецца пытанне з грашыма.

А ён кажа: «Вы ведаеце, з грашыма мы вам дапаможам». І істотную суму прынёс і аддаў мне, без ніякіх распісак, без нічога.

Чаму фільм не дапамог пазбавіць Лукашэнку ўлады

Людзі дапамагалі, людзі бачылі небяспеку, якая нас усіх чакала. Але гэтых людзей было малавата, на жаль. Мы тады не справіліся. Шмат было зроблена памылак. І многія нашыя кіраўнікі тагачасныя [у палітыцы] аказаліся слабаватымі. Таму што ў момант, калі трэба было стаяць, дамагацца імпічменту, у 1996 годзе, тады ён быў магчымы, гэта, на жаль, адкінулі. Не хапіла запалу шмат у каго. Шмат хто падумаў, што лепей адсядзецца.

Шмат хто лічыў «мая хата з краю, я нічога не знаю», не ведаючы, што першымі падпальваюць часцей за ўсё крайнія хаты. Вось таму шмат хто з гэтых людзей апынуўся потым у турмах, у бягах.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

«Пасля Беларусі. Ці ёсць жыццё ў беларускім кіно?»

Топ-7 найлепшых экранізацый твораў Быкаваку