27 жніўня ў межах цыкла «Санаторый пад клепсідрай» адбудзецца прэзентацыя кнігі культавага польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага (1905-1953) «Вуліца шарлатанаў» па-беларуску.
Паэт Андрэй Хадановіч апавядзе пра цікавосткі ды загадкі жыцця і творчасці польскага класіка — эксцэнтрыка і правакатара, іраніста і абсурдыста, але найперш глыбокага лірыка; пакажа яго вершы ў арыгінале і ў сваіх перакладах і паспрабуе адказаць на пытанне, што зрабіла Галчыньскага адным з галоўных паэтаў свайго часу і чаму яго творчасць актуальная і сёння.
— Ці быў паэт лунатыкам і колькі разоў уплёў у свае вершы месяц?
— За якую містыфікацыю студэнт Галчыньскі меў непрыемнасці ў Варшаўскім універсітэце?
— Як жыў і што напісаў літаратар у Вільні?
— Як, трапіўшы ў савецкі палон, пазбег трагічнага лёсу польскіх афіцэраў у Катыні?
— Што вядома пра Галчыньскага — вязня нямецкага лагера?
— Дзе польскі творца «блукаў» цэлы год пасля вайны і чаму так доўга не вяртаўся дадому?
— Як аўтар зрабіўся самым паспяховым паэтам у народнай Польшчы, а потым трапіў у няміласць да ўладаў?
— Дзе паэт знайшоў сваё «месца сілы» і што стварыў у апошнія гады жыцця?
— Як Галчыньскага ў розныя гады перастваралі беларускія перакладчыкі і перакладчыцы?
— Чым «Вуліца шарлатанаў» адрозніваецца ад папярэдніх беларускіх кніг паэта?
«Пісаў зялёным атрамантам і не пісаў у шуфляду, бо прагнуў кантакту з публікай, якая яго багоміла. У міжваенны час меў багемную славу, і ўсенародную папулярнасць пасля вайны. Зведаў супертыражы і забарону на друк. Творцу не раз «кэнсэлілі» (і дэгэтуль спрабуюць) за правую ці левую кан’юнктурнасць, а ён так напраўду не знаўся на палітыцы, бо шчыра верыў толькі ў натхненне, паэзію і віртуознае майстэрства паэта. Здагадаліся, якога?
Шэсць гадоў правёў у нямецкім палоне, дзе «маўчаў як скала», але тыя колькі вершаў, што напісаў, сталі легендарнымі. Год вандраваў па Еўропе, бо вяртанне ў «народную» Польшчу азначала страту паэтычнай свабоды. І ўсё-ткі вярнуўся, бо дома былі жонка, дачка — і польская мова, якую ён умеў слухаць. І на тэрыторыі абсурду ды (сама)іроніі адваяваў сабе прастору для вольнай творчасці, недаступную «сур’ёзнейшым» аўтарам. Быў найлепшым польскім паэтам у найгоршыя для паэзіі часы.
Не быў ідэальным мужам, але хто яшчэ так апеў жонку і гармонію сямейнага побыту ў геніяльных вершах? Знаўца-меламан, найлепшыя паэмы ствараў згодна з музычнымі прынцыпамі. Паліглот і эрудыт, як мала хто чэрпаў з глыбіняў культуры.
А яшчэ Галчыньскі... добра кладзецца на беларускую мову. Шмат перакладаў з кнігі «Сёмае неба» (2006) гэта пацвярджае. А «Вуліца шарлатанаў», якую вы трымаеце ў руках, — найпаўнейшае беларускае выданне паэта. Палова сабраных тут вершаў і паэмаў друкуецца на нашай мове ўпершыню, або ў новых перакладах, зробленых для гэтай кнігі», — напісаў Андрэй Хадановіч.
Дата: 27 жніўня
Час: 16:00 (па Варшаве)
Месца: анлайн.