Беларуска-украінскі Форум Астрожскіх 2025 у Кіеве і Львове

11.11.2025 - 15.11.2025 10:00 - 15:00 ------------ Бясплатна

11 і 12 лістапада ў Львове і 14-15 лістапада ў Кіеве адбудзецца Беларуска-украінскі Форум Астрожскіх.


Форум закліканы спрыяць наладжванню дыялогу паміж Украінай і беларускай дэмакратычнай супольнасцю як на палітычным, так і на экспертным узроўнях.

Экспертная частка 11-12 лістапада ў Львове аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, аналітыкаў і культурных дзеячаў для размовы пра супрацу ў сферах культуры, медыя, рэлігіі і рэгіянальнай стабільнасці.

У цэнтры ўвагі – сучасны стан беларуска-ўкраінскіх адносін, грамадскія настроі, дэкаланіяльнае вымярэнне культурнай і інфармацыйнай супрацы, роля рэлігіі ў грамадскім жыцці і сумеснае асэнсаванне гістарычнай памяці.

Падчас форума таксама будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў у розных сферах беларуска-ўкраінскіх адносін у 2024-2025 гадах, падрыхтаванага аналітыкамі ўдзельных арганізацый.

Экспертная частка ў Львове пройдзе па правілах Chatham House – удзельнікі могуць распаўсюджваць ідэі ды абмеркаванні, але без указання аўтараў цытат.

Палітычная частка 14 і 15 лістапада ў Кіеве аб’яднае беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў для адкрытых дыскусій пра будучыню беларуска-ўкраінскіх адносін і ролю Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі.

У цэнтры ўвагі – стратэгія Украіны, Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў у адносінах адзін да аднаго, рэгіянальная бяспека, адказнасць рэжыму Лукашэнкі, роля і месца беларусаў у аднаўленні постваеннай Украіны, моладзевая палітыка, журналісцкія расследаванні.

Палітычная частка будзе адкрытай для публікі і медыя.

Запрашаюць да ўдзелу актывістаў, прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый, праваабаронцаў з Беларусі і Украіны, журналістаў і блогераў.

Па ўсіх пытаннечках звяртайцеся па адрасе info@freebelaruscenter.org (тэма ліста: Форум Астрожскіх 2025)

Удзел бясплатны. Рэгіструйцеся па спасылцы. Там жа знойдзеце і праграму.


Вам можа быць цікава

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ