“Барыс Сачанка. Вечны кругазварот жыцця” – 16 мая

16.05.2016 18:00 - 18:00 Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а) Бясплатнае

16 мая 2016 года а 18.00 гадзіне ў Літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Барыс Сачанка. Вечны кругазварот жыцця.”, з нагоды  юбілею  пісьменніка, перакладчыка і выдаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Творчасць Барыса Сачанкі з’явілася каштоўным набыткам беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Барыс Сачанка з першых твораў заявіў пра сябе вельмі смела, нечакана і ярка. Родам ён з Палесся, з вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Яму не было і шасці гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Трагедыя маленства праходзіць амаль праз усю творчасць Барыса Іванавіча. Убачанае і перажытае знайшло сваё адлюстраванне ў творах пісьменніка  – “Чужое неба”, “Апошнія і першыя”, “Палон” і інш.

Барыса Іванавіча ведаюць не толькі як цудоўнага празаіка, але як і крытыка, публіцыста, перакладчыка, актыўнага грамадскага дзеяча, які, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя, працаваў на адраджэнне нашай Бацькаўшчыны. Адным з першых ён пачаў даследаваць літаратурную творчасць беларускай эміграцыі, рэпрасаваных пісьменнікаў, грамадска-літаратурны рух 1920-30-х гадоў.

Барыс Сачанка працаваў на розных пасадах:  рэдактарам аддзела прозы часопіса “Полымя, сакратаром праўлення СП Беларусі,  загадчыкам аддзела перакладной замежнай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”.   З 12 студзеня 1993 года Барыс Іванавіч з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”.

Пісьменнік узнагароджаны двума ордэнамі “Знак Пашаны”, юбілейным медалём “За доблесную працу”, медалём Ф. Скарыны, дзвюма Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1991 г. за кнігу “Сняцца сны аб Беларусі…”).

У мерапрыемстве прымуць удзел: Барыс Пятровіч Сачанка, Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Віктар Дашук, Уладзімір Гніламёдаў, літаратуразнаўцы і аматары творчасці Б. Сачанкі.

Куратар мерапрыемства – Юрый Крэпскі

Нагадваем таксама, што ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшла пасмяротная кніга Барыса Іванавіча Сачанкі «Пад сузор’ем сярпа і молата».


Вам можа быць цікава

Сустрэча з Лесяй Пчолкай у Беластоку

10.07.2025 (17:00 - 19:00) галерэя «Арсенал» (вул. Міцкевіча 2)

Спектакль «Па што ідзеш, воўча?» ў Авіньёне

15.07.2025 (20:30 - 22:00) Le Rouge Gorge (Place de la Mirande)

Выстава Валерыі Антаніхінай у Магілёве (12+)

16.07.2025 (17:30 - 21:00) Арт-цэнтр «У Малчанава» (пр. Міру, 2А)

J:МОРС у Чыкага

10.08.2025 (18:30 - 20:30) ShANet Galleries (1040 S Milwaukee Ave)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ