28 траўня адбудзецца прэзентацыя кнігі «Беларусы ў польскім войску (1919–1947)» гісторыка Юрыя Грыбоўскага.
Дата: 28 траўня (аўторак)
Час: 18:00 (час мясцовы)
Месца: Witryna Domu Wschodniego, pl. Konstytucji, 6 (правае крыло), Warszawa.
Кніга распавядае пра ўдзел беларусаў у рэгулярных фармаваннях Польскага Войска ў перыяд польска-савецкай вайны, міжваенны час, у гады Другой сусветнай вайны і пасля яе заканчэння. Гэта вынік шматгадовай працы ў архівах Польшчы, Беларусі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Літвы, Канады і Расеі. Аўтар асвятляе адзін з найбольш трагічных і складаных перыядаў у гісторыі беларусаў і палякаў, паказвае сапраўднае баявое братэрства, замацаванае крывёй абодвух народаў.
Гісторык засяродзіў увагу на такіх аспектах, як стаўленне польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці да выканання жаўнерскага абавязку, палітыка польскіх улад да вайскоўцаў-беларусаў, іх удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Італіі, Францыі, Галандыі, Бельгіі, Нямеччыны, Брытаніі, Нарвегіі, Паўночнай Афрыкі, на Атлантычным акіяне. Даследуе таксама пасляваенны лёс гэтых людзей.
Кніга прысвечана дзесяткам тысяч беларусаў, якія ахвярна змагаліся ў польскім мундуры, аднак працяглы час былі забытымі на бацькаўшчыне.