Так кажуць беларусы. Культурныя мемы, якія паказваюць нацыянальны характар

Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская расказвае пра мемы, якія найлепш адлюстроўваюць беларускі нацыянальны характар. Адкуль яны ўзяліся, і што азначаюць.

«Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця»

Вельмі пазнавальны і іранічны культурны код родам з 1990-х. Першапачаткова зьвязваўся з рэклямай псыхалягічнай дапамогі і надзейна ўбудаваўся ў нацыянальную беларускую сьвядомасьць. Спрошчана сэнс крылатага выразу можна патлумачыць як фізычна-псыхалягічны стан, які характарызуецца адсутнасьцю энэргіі, унутранага імпульсу і жаданьня штосьці рабіць. Стан паміж апатыяй і пасыўнасьцю. У дачыненьні да агульнага стану грамадзкай пасыўнасьці можна сказаць, што выраз азначае сытуацыю, у якой чалавек ня вельмі задаволены рэчаіснасьцю, але не адчувае дастатковай энэргіі і матывацыі, каб нешта зьмяніць.

«Ahuĺnaja mliavaść i abyjakavaść da žyćcia»
Брэнд LSTR у свой час адлюстраваў мем «Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця» на адзенні

Як гумарыстычны выраз выкарыстоўваецца ў пародыі «Поры Гатэр» беларускіх пісьменьнікаў Андрэя Жвалеўскага і Ігара Мыцько.

Vokladka knihi «Pory Hater»
Вокладка кнігі «Поры Гатэр». Фота з Вікіпедыі

А як крытычны ў значэньні «ўнутранага балота» гучаў у інтэрвію Паўла Севярынца, які называў гэты стан галоўным унутраным ворагам беларусаў, кшталту «абы не было вайны», «і так добра».

«Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца, наступны прыпынак: Вакзал. Канцавы прыпынак»

Гэта гукавы запіс у беларускім грамадзскім транспарце, які папярэджвае пасажыраў аб заканчэньні маршруту. 

Ва ўмовах русыфікацыі грамадзкі транспарт, у якім абвесткі і назвы прыпынкаў гучаць па-беларуску, спарадзіў шмат выразаў, што замацаваліся ў беларускай культуры. Напрыклад, выраз «Тралейбус рухаецца ў парк» даў назву гурту зь Менску, які грае ў стылі гаражнага панку і хардкору. А выраз «Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца, наступны прыпынак: Вакзал. Канцавы прыпынак» у поп-культуры замацаваўся ў песьні Макса Каржа — «Тралікі», і стаў своеасаблівым мемам у пакаленьняў беларусаў, вымушаных масава ад’язджаць з краіны.

Loha hurta «TRUP»
Лога гурта «ТРУП»

«Лёс склаўся так, што хрусьць і папалам»

Выраз з гісторыі новай Беларусі, які часта можна пачуць ад беларусаў, і які, насуперак думцы аб народным паходжаньні, мае цалкам канкрэтных аўтараў. Упершыню гэты крылаты выраз быў прыдуманы вядомымі музыкамі Лявонам Вольскім і Алезісам Дземідовічам, аўтарамі і стваральнікамі культавага гурта N.R.M., у альбоме «Тры чарапахі». Выраз гучыць у сёмым запісе на альбоме, у інтэрлюдыі з назвай Chruść I Papałam. Альбом набыў мегапапулярнасьць у Беларусі і, выйшаўшы на лэйбле «Бульбарэкардз», прадаваўся па ўсёй краіне.

Самі аўтары часта ў інтэрвію карысталіся гэтым выразам, і, верагодна, так ён і распаўсюдзіўся, стаўшы часткай беларускай культуры. Беларусы часта кажуць: «Лёс склаўся так», што можа мець цэлы спэктр асаблівасьцяў: ад лёгкага фаталізму і прыняцьця рэчаіснасьці («так склалася, нічога не паробіш», «так ёсьць») да больш сучаснага тлумачэньня аб больш праактыўнай пазыцыі і прагі ўзяць лёс у свае рукі. Што цікава, па задуме на альбоме гэты выраз гучыць галасамі з беларускай эміграцыі, якія разважаюць пра тое, што іх звыклы лад жыцьця ў Беларусі зруйнаваўся, і за межамі краіны ім трэба адбудоўваць усё наноў. Альбом быў запісаны ў 2000 годзе. Нічога не нагадвае?

«Цырк на дроце»

У сучаснай беларускай інтэрпрэтацыі выраз сьведчыць пра нешта абсурдовае, недарэчнае, сьмешнае, хаатычнае — асабліва калі людзі пры гэтым робяць выгляд, што ўсё сур’ёзна. Дасьледчык і філёляг Вінцук Вячорка падзяляе значэньні выраза на «штосьці сьмешнае» і «недарэчнасьць, зьвязаную з удзелам сур’ёзных людзей». 

Тут праяўляецца беларуская асаблівасьць: ня проста «сьмешна», а сумесь зьдзіўленьня, абсурду, лёгкай іроніі і стомленасьці ад таго, што адбываецца. 

цырк-на-роце.png

Выраз занатаваны як фразэалягізм у працах Івана Лепешава (2004) і адносіцца да выразаў, дзе асновай з’яўляецца відавочна нерэальны, абсурдовы вобраз. 

У культурнай памяці выраз настолькі ўкараніўся, што ў 2016 годзе ўвайшоў у папулярны беларускі стыкерпак Viber побач з выразамі «Хавайся ў бульбу», «Трымай бусла» ды іншымі. 

Да сёньня беларусы працягваюць называць яго адным з «моўных пароляў» — выразам, па якім можна пазнаць беларуса.

Ctykierpak

«А можа, так і трэба?»

У аснове выразу стары беларускі анкедот пра беларускую памяркоўнасьць. У беларускай культурнай інтэрпрэтацыі выраз убудоўваецца ў цікавую схему, пры якой спачатку адбываецца нешта непрыемнае, што спачатку выклікае зьдзіўленьне, потым вядзе да прызвычайваньня і абгрунтаваньня «ну, а можа, так і трэба?»

Таму «А можа, так і трэба?» застаўся ня проста жартам, а пераўтварыўся ў беларускую самаіронію над здольнасьцю прыстасоўвацца да ненармальнага. 

Менавіта гэты мем прайшоў і другую фазу: ад палітычных падзеяў 2010-х да глыбінных зрухаў у 2020-х гг. 

Так, напрыклад, надпіс «А можа, так і трэба» выкарыстоўвалі ў 2014 годзе ў менскай вулічнай акцыі «Краіна крывых люстэркаў» як пытаньне да грамадзкай памяркоўнасьці і апатыі. А пачынаючы з 2020-га ён набыў сэнс: мы бачым, што гэта ненармальна, але чамуьсці яно не зьмяняецца. Атрымліваецца такі саркастычны камэнтар да беларускай рэчаіснасьці, які адначасова мае некалькі сэнсаў. Літаральны: «Можа, гэта нармальна?» і ў той жа момант іранічны: «Вядома ж, не нармальна. Мы проста ўжо так прывыклі».

«A moža, tak i treba?»

Менавіта таму выраз «А можа, так і трэба» можа быць ужыты практычна ў любой жыцьцёвай сытуацыі. 

Нешта сапсавалася: «А можа, так і трэба?». 

Кіраўніцтва ўводзіць чарговыя дзіўныя правілы: «А можа, так і трэба?».

Адбываецца поўны абсурд навокал: «А можа, так і трэба?».

Чалавек зразумеў, што знаходзіцца ў ненармальнай сытуацыі: «А можа, так і трэба?».

Атрымліваецца, сэнсава выслоўе набліжаецца да «агульнай млявасьці і абыякавасьці да жыцьця» з розьніцай, што там: «ну няма ўжо сілаў», а тут: «ну, напэўна, так і павінна быць». 

Сёньня гэты мем беларусы ўспрымаюць ужо як самастойны культурны знак, называючы адным з самых характэрных беларускіх выразаў. 

Побач з «цыркам на дроце», які сьмяецца з сытуацыі, «а можа, так і трэба?» сьмяецца яшчэ й з самога сябе.

А што б вы дадалі ў гэты сьпіс?

Яна Вольская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org